WSJ даведалася, хто пераконваў Пуціна напасці на Украіну
56- 3.12.2022, 20:05
- 72,664

Кіраўніку РФ сістэматычна даказвалі, што «час прыйшоў».
Адным з самых уплывовых прыхільнікаў пастановы Уладзіміра Пуціна напасці на Украіну стаў 71-гадовы расейскі мільярдэр Юрый Кавальчук.
Менавіта ён развіваў думку, што такая вайна можа паказаць Захаду сілу Расеі, гаворыцца ў матэрыяле выдання Wall Street Journal.
Ён часта сустракаўся з Пуціным перад пачаткам вайны, а таксама размаўляў праз тэлефон ці відэасувязь. Заяўляючы пра гэта, газета спасылаецца на сябра сям'і Кавальчука, а таксама экс-супрацоўніка расейскай выведкі.
Кавальчук, санкцыі супраць якога ўвялі яшчэ ў 2014 годзе, не толькі бізнэсмэн, але і адзін з найбуйнейшых медыямагнатаў. У ягоным валоданні тэлеканалы, газеты, сацсеткі, якія гнуць пракрамлёўскую прапаганду. З тым, як вайна РФ ва Украіне сутыкаецца з паразамі, ягоныя медыя становяцца ўсё больш каштоўнымі ў арсенале Крамля, мяркуе выданне.
Тэлеканалы Кавальчука спакойна асвятлялі частковую мабілізацыю, а таксама расказвалі пра ўкраінскую «брудную бомбу» і прадказвалі крах ЗША, гаворыцца ў публікацыі. З дапамогай Кавальчука Пуцін таксама ўмацоўвае кантроль над інтэрнэтам.
Кавальчука, прыходзяць да высновы аўтары, больш матывуе менавіта патрыятычная ідэалогія, а не атрыбуты багацця, пра гэта гавораць людзі, знаёмыя з ім. Менавіта ён мае вялікі ўплыў на палітыку і супрацоўнікаў Крамля, а яшчэ дапамагае валодаць акцыямі для сям'і і сяброў Пуціна.
Калі ў сакавіку 2020 года пачалася пандэмія каранавірусу, Кавальчук быў гатовы сядзець на каранціне, каб сустракацца з Пуціным. Паводле словаў двух суразмоўцаў газеты, Пуцін і Кавальчук часам гадзінамі абмяркоўвалі нарастанне канфлікту з Захадам і гісторыю Расеі.
Як адзначае выданне са спасылкай на экс-супрацоўніка расейскай выведкі, менавіта падчас гэтых гутарак Кавальчук выказваў ідэі, што Захад слабы і настаў час прадэманстраваць ваенную моц Расеі, уварваўшыся ва Украіну.