25 красавiка 2024, Чацвер, 3:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Збой сістэмы»: чаму дзяржаўныя СМІ маўчалі пра смерць Макея?

13
«Збой сістэмы»: чаму дзяржаўныя СМІ маўчалі пра смерць Макея?

Версія Валерыя Карбалевіча.

Смерць кіраўніка лукашэнкаўскага МЗС Уладзіміра Макея не стала галоўнай навіной на сайтах дзяржаўных СМІ і ў тэленавінах. На сайце МЗС інфармацыя аб смерці міністра не з'яўлялася цягам дня. Не была абнародаваная медыцынская выснова аб прычынах яго смерці. Афіцыйны некралог з'явіўся ў прэзідэнцкай газеце «СБ. Беларусь сегодня» толькі амаль праз два дні, прычым пад ім не было подпісу Лукашэнкі. Можна было чакаць жалобнага мітынгу ў дзень развітання з міністрам, але яго не было. Афіцыйная жалоба была дастаткова халоднай.

Той факт, што на пахаванне не прыехаў міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, таксама ўзмацніла падазрэнні.

У чым прычыны такой дзіўнай рэакцыі беларускіх уладаў? Для «Свободных новостей» каментуе палітолаг Валер Карбалевіч:

Першым чынам, усё гэта можна расцэньваць як збой сістэмы. Так яна рэагуе на нестандартную падзею, якой стала смерць высокапастаўленага чыноўніка.

Тут варта адзначыць, што дзяржаўныя СМІ і ўся прапагандысцкая машына заўсёды ўпадаюць у ступар, калі адбываецца падзея, якая выходзіць за рамкі нормы. Бо яны звыклі працаваць паводле строгіх інструкцый, усталяваным правілам, загадам зверху. Іх свабода моцна абмежаваная. І калі ад начальства няма выразных тлумачэнняў, як асвятляць тую ці іншую нечаканую падзею, то рэдакцыя звычайна аддае перавагу прамаўчаць, каб не «сесці ў лужыну». Менавіта таму дзяржаўныя СМІ заўсёды спазняюцца ў крызісных сітуацыях.

Напрыклад, у першыя дні пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, калі людзі масава выйшлі на вуліцы, БТ рабіла выгляд, што нічога экстраардынарнага не адбываецца. Або больш свежы выпадак: беларускія дзяржаўныя СМІ амаль не адрэагавалі на вызваленне Херсона.

А смерць высокапастаўленага чыноўніка - больш далікатная сітуацыя. Бо, вобразна кажучы, беларуская дзяржава - унітарнае прадпрыемства. У палітычнай сістэме, дзе ёсць толькі адзін палітык, адзінаўладны ўладар, усе астатнія чыноўнікі - толькі шрубкі, інструмент, сродак для ажыццяўлення ягонай волі. І наданне палітычнай вагі аднаму чыноўніку, нават мёртваму, у большай ступені, чым гэта неабходна, можа стаць грахом, недаравальнай памылкай. І праблема якраз у тым, што гэтую ступень ніхто дакладна не ведае, пакуль яе не вызначыць сам Лукашэнка. І ён, відаць, доўга разважаў, як на гэта рэагаваць.

Рэч яшчэ і ў тым, што ў Беларусі за Лукашэнкам было мала прэцэдэнтаў смерці высокапастаўленых чыноўнікаў у момант знаходжання на пасадзе. Можна ўзгадаць смерць кіраўніка Гарадзенскай вобласці Аляксандра Дубко ў далёкім 2001 годзе і адыход з жыцця міністра фінансаў Андрэя Харкаўца ў 2015 г.

Але фармальны і нефармальны статус Уладзіміра Макея істотна вышэйшы, чым у гэтых згаданых чыноўнікаў. І таму перад Лукашэнкам паўстала дылема. З аднаго боку, яго апорай з'яўляецца найвышэйшая наменклатура. Што яскрава выявілася ў крытычныя дні 2020 года. Таму да людзей, якія выказалі яму асабістую адданасць, было б дарэчы ставіцца з пэўнай павагай, асабліва пасмяротна. Каб усе бачылі: вернасць узнагароджваецца. Менавіта таму пасля адпаведнай «адмашкі» праз два дні пасля смерці БелТА ўсё ж пачало друкаваць спачуванні ад асноўных дзяржустаноў і ведамстваў.

З іншага боку, важна не перабраць у пераліку заслуг чыноўніка. Каб не засланяць выяву Адзінага палітыка, нязменнага і незаменнага. Бо ў такой сістэме няма і не можа быць фігуры №2 у палітычнай герархіі.

Менавіта таму мы бачым такую асцярожную, супярэчлівую лінію ў асвятленні смерці былога міністра замежных спраў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках