8 лютага 2023, Серада, 17:11
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гародні невядомыя пашкодзілі Катынскі крыж

11
У Гародні невядомыя пашкодзілі Катынскі крыж

Катынскі крыж – помнік расстраляным польскім і беларускім афіцэрам.

На ваенных могілках у Гародні, што на вуліцы Белуша, невядомыя пашкодзілі Катынскі крыж – мемарыял у памяць аб польскіх і беларускіх афіцэрах, расстраляных НКУС у Катыні ў 1940 годзе. Пра здарэнне паведаміў 7 снежня ў Facebook намеснік старшыні Звязу палякаў Беларусі Марак Занеўскі.

– З пліты помніка вырваныя тры мемарыяльныя шыльдачкі на польскай і беларускай мовах, – расказаў Занеўскі.

Ён адзначыў, што Катынскі крыж – знакавае і вельмі важнае месца для палякаў Гародні і Гарадзеншчыны.

– На жаль, барацьба з польскасцю ў Беларусі прадаўжаецца. Нацыянальная меншасць, месцы памяці, салдацкія магілы, школы і адукацыя – усё польскае сёння разглядаецца беларускімі ўладамі як варожы элемент, – падкрэсліў Занеўскі.

Дарэчы, на ваенных могілках у Гародні пахаваныя не толькі польскія, але і савецкія вайскоўцы. У памятныя даты гарадзенцы польскага паходжання прыносяць лямпадкі і кветкі да Катынскага крыжа.

Апаганьванне і знос польскіх помнікаў і пахаванняў у Беларусі

Знішчэнне польскіх пахаванняў і памятных мясцінаў у Беларусі пачалося ў чэрвені. Не пра ўсе выпадкі інфармацыя з'яўляецца своечасова.

1 ліпеня МЗС Польшчы выказала сур'ёзную заклапочанасць у сувязі з частымі актамі апаганення месцаў польскай нацыянальнай памяці ў Беларусі. Як адзначылі ў Варшаве, вандалізм адбываецца галоўным чынам на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці, «дзе знаходзіцца блізу 550 месцаў супачыну польскіх ваяроў, удзельнікаў народных паўстанняў, абаронцаў Гародні».

Ужо 4 ліпеня стала вядома, што магілы польскіх жаўнераў Арміі Краёвай (АК) зраўнялі з зямлёй і ў вёсцы Мікулішкі (а МЗС Беларусі заявіла, што пахаванняў палякаў там не было). 8 ліпеня было разбуранае пахаванне ля вёскі Качычы, у той самы дзень знеслі надмагілле салдатаў АК у Ваўкавыску. 12 ліпеня жыхарка горада расказала, што ў планах мясцовых уладаў быў знос і іншага мемарыялу.

25 жніўня ў вёсцы Сурконты (Воранаўскі раён Гарадзенскай вобласці) пры спрыянні мясцовых уладаў разбураныя могілкі салдатаў польскай Арміі Краёвай.

13 верасня стала вядома пра знішчэнне месца пахавання чатырох салдатаў польскай Арміі Краёвай, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны каля вёскі Плябанішкі Гарадзенскага раёна. Там былі пахаваныя партызаны, якія загінулі ў баі з нямецкімі войскамі 24 верасня 1943 года. Крыж на месцы іх гібелі быў пастаўлены ў 1990-я гады намаганнямі нараджэнцаў вёскі.

У межах дэкамунізацыі ў Польшчы зносяцца савецкія помнікі, аднак гэта не датычыць месцаў пахавання.

У польскім МЗС заявілі, што падобныя дзеянні Беларусі нельга інтэрпрэтаваць інакш, чым скіраваныя супраць Польшчы.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».