16 чэрвеня 2024, Нядзеля, 5:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Войскі Пуціна ў Беларусі: Што адбываецца вакол Сувалкскага калідора?

7
Войскі Пуціна ў Беларусі: Што адбываецца вакол Сувалкскага калідора?

Незалежна ад таго, як скончыцца крызіс вакол Украіны, пагроза ўсходняму флангу NATO застанецца.

Лукашэнка не гатовы паведаміць, калі прыкладна 30 тыс. расейскіх войскаў, якія знаходзяцца цяпер у Беларусі, пакінуць краіну, піша для atlanticcouncil.org (пераклад – nv.ua) пазаштатны старэйшы навуковы супрацоўнік Еўразійскага цэнтра Anlantic Council, дацэнт Тэхаскага ўніверсітэта ў Арлінгтане Уітмар.

На фоне найбуйнейшага з часоў халоднай вайны разгортвання войскаў Расеі ў Беларусі, якое ўключае тактычныя ракеты Іскандэр, зенітныя ракетныя сістэмы С-400 і знішчальнікі СУ-35, беларускі дыктатар сказаў, што сустрэнецца з Пуціным, каб вызначыць, «калі, на якіх умовах і з якім графікам» войскі будуць адводзіцца. «Гэта будзе наша пастанова. Гэта наша тэрыторыя», – падкрэсліў ён.

Разгортванне расейскіх войскаў у Беларусі ажыццяўляецца нібыта для вайсковых вучэнняў, якія прадоўжацца да 20 лютага. Але войскі гэтыя размяшчаюцца пагрозліва блізка да беларуска-ўкраінскай мяжы ў той час, калі Расея прадаўжае канцэнтраваць больш за 100 тыс. жаўнераў ля ўласнай мяжы з Украінай і на анэксаваным Крымскім паўвостраве. Тым часам расейскія ВМС праводзяць баявыя вучэнні ў Чорным моры ля ўзбярэжжа Украіны.

У інтэрв'ю Foreign Policy міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Рау заявіў, што характар разгортвання ў Беларусі мяркуе, што расейскія войскі могуць не сысці ніколі. «Нарошчванне ваеннай моцы ў Беларусі здаецца нечым больш сталым, на жаль, і гэта выклікае ў нас вялікую заклапочанасць», – сказаў ён.

У гэтым разгортванні расейскіх войскаў найбольшы непакой, вядома, выклікае перспектыва іхняга выкарыстання ў рамках поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну. З Беларусі гэтыя войскі могуць дасягнуць Кіева прыкладна за дзве гадзіны.

Аднак не менш трывожныя і доўгатэрміновыя наступствы мілітарызацыі Беларусі Пуціным. Яны ўяўляюць з сябе найзначнейшую змену ў разліках бяспекі ва Усходняй Еўропе з часу заканчэння халоднай войны. Нават калі б Пуцін не стаў правакаваць і ствараць крызіс вакол Украіны, гэта ўсё роўна нічога не мяняе.

Нядзіўна, што краіны на ўсходнім флангу NATO, які мяжуе з Расеяй і Беларуссю, цяпер паднімаюць трывогу.

Балтыйскія дзяржавы, сярод іншага, занепакоеныя тым, што сталая прысутнасць расейскіх войскаў у Беларусі спрыяе пашырэнню магчымасцяў Масквы да ізаляцыі Сувалкскага калідора. Гэта сухапутны адрэзак даўжынёй блізу 100 кіламетраў, які мог бы гіпатэтычна злучыць тэрыторыю Беларусі з анклавам Расеі – Калінінградскай вобласцю. Цяпер па гэтай тэрыторыі праходзіць мяжа Польшчы з Літвой.

Калі б Расея змагла захапіць і ізаляваць гэты стратэгічны адрэзак еўрапейскай зямлі, Эстонія, Латвія і Літва сталі б адрэзанымі ад астатняй часткі NATO. Тры балтыйскія дзяржавы не змогуць атрымаць падмацавання з сушы і будуць уразлівыя перад агрэсіяй з боку Масквы.

У каментары для Washington Post канцлер Міністэрства абароны Эстоніі Кусці Салм сказаў без хітрыкаў: «Цяпер мы паўвостраў. А можам стаць востравам».

Акрамя таго, гаворачы пра знешнюю палітыку, Крысціян Мяе, кіраўнік Дэпартамента NATO і Еўрапейскага Звязу Міністэрства Эстоніі назваў расейскае нарошчванне ў Беларусі «паваротным момантам», дадаўшы, што ў мінулым «Беларусь заўсёды супраціўлялася сталаму размяшчэнню расейскіх войскаў. Тое, што мы цяпер бачым, гэта стратэгічныя магчымасці, у дадатак да звычайных войскаў, якія яшчэ больш зменяць разлікі на карысць Расеі».

Літва і Польшча, якія мяжуюць з Беларуссю на Захадзе, заклікаюць ЗША і NATO разгарнуць больш войскаў і ваеннай тэхнікі для ўразлівых усходніх чальцоў альянсу.

Пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Вялікай Брытаніі Борысам Джонсанам, прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманітэ сказала, што яе краіна мае патрэбу ў «пашырэнні прысутнасці партнёраў NATO ў Літве». І міністр замежных справаў Польшчы Рау сказаў дзяржсакратару ЗША Энтані Блінкену, што стрымліванне неабходна ўзмацніць: «Перад абліччам патэнцыйнай пагрозы, якая расце па другі бок нашай мяжы, неабходная большая прысутнасць войскаў NATO».

Прыкладна 12 тыс. вайскоўцаў NATO і ЗША цяпер размешчаныя ў краінах Балтыі, Польшчы і Румыніі на ратацыйнай аснове. 24 студзеня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прывёў 8500 амерыканскіх вайскоўцаў у «высокую баявую гатоўнасць» для разгортвання ва Усходняй Еўропе ў выпадку неабходнасці. А 2 лютага Пентагон перакінуў 2 тыс. вайскоўцаў у Еўропу, у асноўным у Польшчу, і яшчэ тысячу вайскоўцаў з Нямеччыны ў Румынію.

Усе гэтыя крокі вітаюцца. Але беручы да ўвагі, як моцна расейская мілітарызацыя Беларусі мяняе сітуацыю ў плане бяспекі для дзяржаваў NATO, якія знаходзяцца на яго ўсходнім флангу, гэтых крокаў недастаткова. ЗША і NATO павінны разгледзець пытанне пра вылучэнне Балтыі і Польшчы таго, што яны прасілі цягам многіх гадоў – сталых базаў ЗША і NATO.

У цяперашні момант уся ўвага прыкаваная да таго, як Расея бразгае зброяй уздоўж украінскай мяжы. Але незалежна ад таго, як скончыцца створаны Пуціным крызіс вакол Украіны, пагроза ўсходняму флангу NATO застанецца.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках