7 лiпеня 2022, Чацвер, 12:50
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Што чакае рэжым Лукашэнкі, калі яго прызнаюць фундатарам тэрарызму

30
Што чакае рэжым Лукашэнкі, калі яго прызнаюць фундатарам тэрарызму

Уключэнне ў гэты спіс прыводзіць да істотных эканамічных і палітычных наступстваў.

Афіцыйны Кіеў выступае за тое, каб ЗША прызналі Расею і Беларусь дзяржавамі-спонсарамі тэрарызму, а ўзброеныя сілы Расеі - тэрарыстычнай арганізацыяй. Belsat.eu распавядае, што азначае гэты статус і хто яго раней атрымліваў.

Паводле звестак СМІ, украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў першай палове красавіка звярнуўся да прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з заклікам прызнаць Расею дзяржавай-спонсарам тэрарызму праз расейскае ўварванне ва Украіну.

Пазней у Дзярждэпартаменце ЗША прызналі, што вывучаюць такую магчымасць. «Мы ўважліва вывучаем факты. Мы ўважліва вывучаем закон. Калі гэта будзе магчыма паводе закона, мы прымем яго», - заявіла прадстаўніца Дзярждэпартамента Нэд Прайс. Крыніцы CNN адзначаюць, што разгляд гэтага пытання можа расцягнуцца на тыдні.

20 красавіка стала вядома, што офіс прэзідэнта Украіны выступае за прызнанне дзяржавай-спонсарам тэрарызму не толькі РФ, але і Беларусі. Гэтая ініцыятыва прапісаная ў плане санкцый, распрацаваным экспэртнай групай пад кіраўніцтвам кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Андрэя Ермака і дырэктара Інстытута міжнародных даследаванняў Фрымана-Споглі, экс-дарадцы прэзідэнта ЗША Майкла Макфола. Таксама група Ермака-Макфола прапануе прызнаць тэрарыстычнай арганізацыяй расейскія Узброеныя сілы.

Магчымасць уключэння ў спіс Беларусі амерыканскія афіцыйныя асобы пакуль не каментавалі.

Што гэта за статут

У спіс дзяржаў-спонсараў тэрарызму ЗША ўключаюць краіны, якія «неаднаразова надавалі падтрымку актам міжнароднага тэрарызму». Адпаведную пастанову мусіць прыняць амерыканскі Дзяржаўны дэпартамент.

Афіцыйнае прызнанне краіны спонсарам тэрарызму дае амерыканскаму ўраду шырокія паўнамоцтвы для ўвядзення забароны на гандаль таварамі падвойнага прызначэння і зброі, а таксама фінансавых і эканамічных санкцый, у тым ліку другасных. Прадстаўнікі дзяржаў, якія спансуюць тэрарызм, могуць быць пазбаўленыя дыпламатычнага імунітэту.

Грамадзяне краіны, якая была прызнаная спонсарам тэрарызму, сутыкнуцца з падвышаным кантролем службаў бяспекі ЗША, у тым ліку пры атрыманні амерыканскіх віз ці фінансавых аперацыях. Але сам факт унясення краіны ў чорны спіс аўтаматычна не накладвае на звычайных грамадзян абмежаванні ў правах.

Уключэнне ў спіс мае вялікае палітычнае значэнне. Фактычна гэта афіцыйнае прызнанне такой дзяржавы ізгоем. Статус фундатара тэрарызму робіць немагчымым наладжванне стасункаў без змены дзяржаўнага курсу, ён істотна абмяжоўвае магчымасці для палітычных і дыпламатычных кантактаў. Хаця цалкам не выключае такіх кантактаў, нават на вышэйшым узроўні. Напрыклад, у 2019 годзе прэзідэнт ЗША Дональд Трамп правёў перамовы з паўночнакарэйскім лідарам Кім Чэн Ынам, хаця КНДР на той момант уважалася за спонсара тэрарызму.

Хто раней атрымліваў такі статус

Упершыню спіс быў складзены Вашынгтонам у 1979 годзе. Усяго за ўвесь час спонсараў тэрарызму атрымалі 8 краін. Судан, Ірак, Лібія і Паўднёвы Емен былі з яго выключаны. Іран, КНДР, Куба і Сірыя застаюцца ў спісе дагэтуль.

Іран трапіў у спіс за падтрымку розных тэрарыстычных груповак на Блізкім Усходзе, у тым ліку Хезбалы і ХАМАС, прадстаўнікоў іранскіх спецслужбаў падазраюць у арганізацыі тэрактаў у розных краінах свету. Сірыю таксама абвінавачваюць у падтрымцы шэрагу тэрарыстычных арганізацый на Блізкім Усходзе. Куба падтрымлівае баевікоў калумбійскай групоўкі FARC, а таксама дае прытулак тэрарыстам, якія хаваюцца ад амерыканскага правасуддзя. КНДР уключылі ў спіс за агрэсіўную замежную палітыку, ядзерны шантаж і арганізацыю палітычных забойстваў за мяжой.

Дзяржава можа быць выключаная са спісу фундатараў тэрарызму, калі ў краіне зменіцца рэжым ці яе кіраўніцтва адмовіцца ад палітыкі падтрымкі актаў міжнароднага тэрарызму. Ірак пазбавіўся гэтага статусу пасля падзення рэжыму Садама Хусэйна. Паўднёвы Емен проста спыніў сваё існаванне. Лібія і Судан былі выключаныя са спісу, бо адмовіліся ад палітыкі падтрымкі міжнароднага тэрарызму. Асобны выпадак - КНДР і Куба. Гэтыя краіны патрапілі ў спіс яшчэ ў 1980-х, потым былі выключаныя з яго на пэўны перыяд, а затым зноў туды патрапілі (КНДР у 2017-м, Куба - у 2021-м).

Уключэнне ў спіс фундатараў тэрарызму цягне за сабой істотныя эканамічныя і палітычныя наступствы, але пераацэньваць эфектыўнасць гэтага кроку не трэба. Напрыклад, Іран увесь час знаходзіцца ў гэтым спісе ўжо 38 гадоў, Сірыя - 43.

Расейскае пытанне

Выпадак Расеі можа стаць унікальным, бо ўпершыню паўстала пытанне аб прызнанні краінай-ізгоем сталага члена Рады Бяспекі ААН, дзяржавы з вялікім ядзерным арсеналам. Нават у самыя крызісныя часы халоднай вайны супраць СССР такія захады не ўжываліся.

Пры гэтым раней пуцінскую Расею ўжо прапанавалі прызнаць спонсарам тэрарызму. Упершыню пра гэта зайшла размова ў 2018 годзе ў сувязі са «справай Скрыпалёў», калі расейскія спецслужбы ў Солсберы арганізавалі замах на былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля з выкарыстаннем хімічнай зброі. Супраць Расеі выстаўяліся і іншыя абвінавачванні: вайна з Грузіяй, захоп Крыма, вайна на Данбасе, падтрымка рэжыму Башара аль-Асада, знішчэнне пасажырскага авіялайнера рэйса MH17, палітычныя забойствы за мяжой, супрацоўніцтва з некаторымі тэрарыстычнымі арганізацыямі і г.д.

З ініцыятывай унесці Расею ў спіс спонсараў тэрарызму выступала частка амерыканскіх кангрэсмэнаў, але ў мінулыя гады дабіцца свайго яны не змаглі. Цяпер, пасля таго як Крэмль распачаў поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, магчымасць такой пастановы вырасла. Аднак зусім не факт, што Вашынгтон усё ж пойдзе на гэта.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».