11 траўня 2024, Субота, 6:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Focus: У Пуціна засталося толькі адно выйсце

5
Focus: У Пуціна засталося толькі адно выйсце

Абвешчаная мэта ўзяць пад кантроль усю тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласцей дагэтуль не дасягнутая.

У вайне супраць Украіны ў Расеі заканчваюцца варыянты далейшых дзеянняў. На цяперашнім этапе план Уладзіміра Пуціна, здаецца, у тым, каб замацаваць кантроль над тэрыторыямі, якія яго войска ўжо захапіла.

Для расейскага аўтакрата анэксія - крайні выхад з гэтай вайны. Але ён, хутчэй за ўсё, пакуль не будзе выкарыстоўваць гэты варыянт, - прыводзіць артыкул нямецкага выдання Focus «Люстэрка тыдня. Украіна». Украінскія ўлады нядаўна пачалі казаць аб пачатку трэцяга этапу расейскай агрэсіі. На першым этапе расейскае войска спрабавала хутка захапіць усю Украіну за некалькі дзён. Аднак, пасля правалу гэтага плана, яно перайшло да другога этапу, падчас якога спрабавала акружыць і разбіць асноўныя сілы УСУ на Данбасе. Але і ў гэтым расейскія сілы пацярпелі няўдачу.

На новым трэцім этапе расейскае войска збіраецца абараняцца на тэрыторыях, якія ёй удалося захапіць раней. Таму ў Кіеве мяркуюць, што гэта сведчыць аб намеры Масквы весці доўгую вайну. Відавочна, расейскі ўрад думае, што калі зацягнуць вайну, гэта прымусіць Захад сесці за стол перамоваў на расейскіх умовах, а Украіну - здацца.

Выданне зазначае, што на гэтым этапе не зразумела, якое значэнне і мэта такой пуцінскай тактыкі. Нават калі Расея зможа прымусіць усіх вярнуцца да перамоваў, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі нядаўна ясна даў зразумець, што не пагодзіцца на мір, калі гэта будзе азначаць з'яўленне новых меж.

«Калі мы вернем усё, што нам належыць, мы скончым з вайной», - сказаў ён у сераду.

Але такі вынік не задавальняе Пуціна. Канец вайны без тэрытарыяльных заваёў будзе азначаць яго поўнае банкруцтва ўнутры Расеі. Таму, на думку аналітыкаў Інстытута даследавання вайны (ISW), у расейскага аўтакрата ёсць адзінае выйсце – анэксія. Вайсковыя экспэрты мяркуюць, што Пуцін паспрабуе інтэграваць акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі на ўсходзе і поўдні ў склад РФ у найбліжэйшыя месяцы. Гэта тычыцца частак Херсонскай і Запарожскай абласцей на поўдні, а таксама Данецкай і Луганскай абласцей на ўсходзе, якія кантралююцца расейскім войскам. Таксама Масква можа паспрабаваць анэксаваць створаныя ёю сепаратысцкія анклавы ў іншых краінах: так званую ПМР у Малдове і Паўднёвую Асетыю ў Грузіі.

Імітацыі правядзення рэферэндумаў, як у Крыме ў 2014 годзе, не будзе. Чыннік просты: навошта што-небудзь такое ўладкоўваць, калі ўсё адно ніхто не прызнае такія фальсіфікаваныя «галасаванні». Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў нядаўна сказаў, што анэксія Херсона «павінна мець абсалютна дакладнае юрыдычнае апраўданне і легітымнасць, як гэта было з Крымам». Экспэрты ISW мяркуюць, што пасля анэксіі Расея зладзіць масавыя пераследы і рэпрэсіі, каб утаймаваць насельніцтва і ўзяць тэрыторыі пад жорсткі кантроль. Доступ да інфармацыі будзе заменены расейскай прапагандай. Інтэрнэт-сувязь будзе праводзіцца толькі праз расейскую сетку. Эканамічнае жыццё акупаваных тэрыторый перавядуць на рублі. Акрамя таго, людзей будуць выкрадаць, караць смерцю, а ўкраінскіх чыноўнікаў заменяць расейскімі калабарантамі. Партызан і актывістаў, якія супраціўляюцца акупацыі, будуць спрабаваць ліквідаваць. Усё гэта ўжо ўваходзіць у адпрацаваную схему Крамля для акупацыі і ўстанаўлення кантролю над тэрыторыямі.

У гэтым працэсе, на думку экспэртаў, Пуцін проста ці ўскосна абвесціць, што расейская ядзерная дактрына тычыцца і анэксаваных тэрыторый таксама. Гэта азначае, што спроба вызваліць анэксаваныя ўкраінскія рэгіёны будзе расцэненая Расеяй як напад на яе тэрыторыю. А значыць, Крэмль будзе меркаваць, што мае легітымнае права ўжыць ядзерную зброю. У ISW мяркуюць, што імплементацыя планаў па анэксіі будзе залежаць ад таго, як Пуцін ацэньвае сваю вайсковую сілу.

Абвешчаная мэта ўзяць пад кантроль усю тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласцей дагэтуль не дасягнутая. Экспэрты сумняваюцца, што знясіленыя расейскія войскі наогул здольныя выканаць гэтую задачу. Калі Пуцін зробіць такія ж высновы, магчыма, ён хутка пяройдзе да працэсу анэксіі, каб пагражаць ядзернай зброяй УСУ, калі яны пойдуць у контратаку на анэксаваных тэрыторыях.

Зрэшты, расейскі аўтакрат можа верыць, што яго войска яшчэ здольнае захапіць вялікую тэрыторыю. У такім выпадку, ён не будзе спяшацца з далучэннем захопленых украінскіх рэгіёнаў да Расеі. Пуцін жа можа паспрабаваць мабілізаваць больш войскаў, каб павялічыць сваё войска. Зрэшты, цяпер рызыкі для Расеі высокія. Калі Пуцін будзе зацягваць з анэксіяй, не дакладна ацаніўшы сітуацыю, ён страціць захопленыя тэрыторыі. Ва Украіны ёсць магчымасць вызваліць гэтыя рэгіёны. Украінскія контратакі могуць адціснуць расейскае войска, зламаўшы ўсе планы Крамля па анэксіі. У такім выпадку «поспех» Расеі ў гэтай вайне будзе станавіцца ўсё меншым.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках