4 траўня 2024, Субота, 11:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Washington Post: Перспектывы Крамля ва Украіне растаюць

2
The Washington Post: Перспектывы Крамля ва Украіне растаюць

Расея прайграе ў вайсковым, палітычным і маральным плане.

Расейскія вайскоўцы спрабуюць рэанімаваць свой наступ, што захлынаецца ва Украіне, звальняючы камандзіраў, разбіваючы баявыя часткі на больш дробныя фармаванні і падвойваючы сваю залежнасць ад артылерыі і іншай зброі далёкага дзеяння. Зрух адбыўся амаль праз тры месяцы пасля пачатку ўварвання ва Украіну.

Пасля гібелі тысяч расейскіх жаўнераў і лавіны няўдач прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін звузіў свае мэты ў кампаніі, якую лічаць няўстойлівай, нерэалістычнай і, магчыма, бязвыйгрышнай, піша The Washington Post.

Паводле ацэнак многіх заходніх экспэртаў, Расея прайграе Украіне ў вайсковым, палітычным і маральным плане. Генеральны дырэктар Службы знешняй разведкі Эстоніі Мік Маран адзначыў, што расейская вайсковая кампанія «ў пэўнай ступені аддзеленая ад рэальнасці, ад таго, што можна назваць разумным або выканальным у доўгатэрміновай перспектыве».

«Калі мы паглядзім на поле бою, то звычайныя магчымасці Расеі ўжо знаходзяцца на мяжы», – сказаў Маран.

Паколькі вайна абвастраецца, а дасягненні Расеі на полі бою застаюцца «нераўнамернымі», некалькі высокапастаўленых камандзіраў РФ былі звольненыя. Сярод іх генерал-лейтэнант Сяргей Кісель, які ўзначальваў няўдалую спробу 1-й гвардзейскай танкавай арміі захапіць Харкаў, і кіраваў Чарнаморскім флотам віцэ-адмірал Ігар Осіпаў.

Між тым, санкцыі супраць Расеі прывялі да таго, што транспартная і марская лагістыка краіны была «практычна зламаная», сказаў міністр транспарту Расеі ў суботу.

Злучаныя Штаты працягваюць адпраўляць Украіне вайсковую тэхніку, у тым ліку цяжкую артылерыю, беспілотнікі і супрацьтанкавыя ракеты. Прэзідэнт Байдэн падпісаў пакет новай вайсковай і гуманітарнай дапамогі Украіне на суму 40 мільярдаў даляраў.

Нягледзячы на тое, што Пуцін разгарнуў ва Украіне больш за 100 батальённых тактычных груп, кожная з якіх налічвае ад 500 да 800 жаўнераў, яны не дабіліся поспеху на Данбасе, сведчыць амерыканская разведка. Ёсць сведчанні, што расейскія вайскоўцы падзялілі некаторыя падраздзяленні, разаслаўшы меншыя баявыя групы ў вёскі і паселішчы. Гэта, паводле ацэнак Пентагона, мае сэнс, бо Пуцін цяпер мае меншыя па лакалізацыі мэты.

«На поўдні Расея здабыла дзве важныя перамогі, узяўшы пад свой кантроль Марыупаль, буйны партовы горад, і меншы горад Херсон. Аднак Мікалаеў, дзе да вайны пражывала амаль 500 тысяч чалавек, быў недасяжнай мэтай, нягледзячы на тыдні разлютаваных баёў паблізу», - гаворыцца у артыкуле.

Скот Бостан, былы афіцэр войска ЗША, які вывучае вайну ва Украіне для аналітычнага цэнтра Rand Corp., сказаў, што, падобна, у расейскіх вайскоўцаў ёсць сур'ёзныя маральныя праблемы, якія падрываюць мэты Масквы. Ён спасылаўся на адмову некаторых падраздзяленняў выконваць загады, а таксама няздольнасць Расеі належным чынам узброіць і пракарміць свае сілы.

Паводле звестак Пентагона, за апошнія тыдні Расея захоплівала ўсяго некалькі кіламетраў у дзень на Данбасе. Такімі тэмпамі, выказаў меркаванне Бостан, наступ можа заняць год, і «тэрыторыі застануцца ўкраінскімі ўсё роўна», нават калі колькасць загінулых расейскіх вайскоўцаў працягвае расці.

Расейскія лідары, магчыма, усведамляюць, што іх вайсковая кампанія тармозіцца, але ўсё яшчэ не хочуць прызнаваць, што яны прайграюць вайну, дадаў ён.

Складана сказаць, як доўга Расея можа працягваць наступ, сказаў аналітык Rand Corp Бостан. Нават пасля гібелі тысяч расейскіх жаўнераў, з ягоных слоў, Расея можа працягваць наносіць артылерыйскія ўдары з адлегласці яшчэ некаторы час.

Экспэрт нагадаў, што пасля вайны ў 2008 годзе ў Грузіі Масква наважыла рэфармаваць сваё войска і ў нечым здабыла поспех.

«У вас проста такое пачуццё, быццам яны адмовіліся ад усяго, чаму спрабавалі навучыцца за апошнія 10 гадоў, і вярнуліся да старой тактыкі, якая для іх выявілася больш зручнай», – сказаў Бостан.

«Шчыра кажучы, Чырвоная Армія ў 1944 годзе была больш здольная да агнявой актыўнасці і манеўраў, чым многія з тых падраздзяленняў, якія мы бачылі ў цяперашняй вайне, і я не разумею чаму», - дадаў ён.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках