11 траўня 2024, Субота, 5:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Times: Выбухі сховішчаў нафты і складоў боепрыпасаў у РФ – праца ўкраінскіх атрадаў спецпрызначэння

20
The Times: Выбухі сховішчаў нафты і складоў боепрыпасаў у РФ – праца ўкраінскіх атрадаў спецпрызначэння

Байцы ССА здзяйсняюць дыверсіі глыбока ў расейскім тыле.

Падраздзяленне ўкраінскіх сілаў спецыяльных аперацый выконвае дыверсійныя задачы на тэрыторыі РФ, сярод іншага ў знішчэнні складоў боепрыпасаў і сховішчаў нафты.

Пра гэта паведамляе The Times са спасылкай на каментары неназванага афіцэра ўкраінскай выведкі і двух 25-гадовых сяржантаў падраздзялення ССА з пазыўнымі "Дваццаць Другі" і "Прыгажуня».

Самі байцы не назвалі мэты сваіх утоеных аперацый у глыбокім тыле расейскіх акупантаў, але журналісты прыйшлі да высновы, што выбухі на складах зброі і нафтабазах у Расеі, хутчэй за ўсё, звязаныя з дзеяннямі ўкраінскага спецпрызначэння, піша "Украінская праўда".

І "Прыгажуня", і "Дваццаць Другі" ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях супраць расейскіх войскаў з пачатку гібрыднай вайны на Данбасе 2014 года. Яны прайшлі доўгае навучанне, каб стаць байцамі ССА.

"Расейцы так і не здольныя зразумець, як гэта (дыверсія заўв.) адбываецца, яны не могуць паверыць, што мы можам быць там (на тэрыторыі РФ – заўв.), – расказаў "Прыгажуня".

Украінскія гелікоптары позна ўначы, перасоўваючыся нізка над зямлёй, дастаўляюць байцоў украінскага спецпрызначэння на тэрыторыю РФ. У гэтых аперацыях задзейнічаныя вайскоўцы 10 атрада спецыяльнага прызначэння пад назвай "Шаман".

Ваяры гэтага атрада маюць навыкі ажыццяўлення дыверсійна-выведвальных аперацый у тыле праціўніка. Яны маюць навыкі падводнага плавання, горнага бою і паветранага дэсантавання.

Гэтыя байцы займаюцца таксама навучаннем і інструктажам навабранцаў, перш за ўсё ў падрыхтоўцы ваеннай тактыкі. З іхніх словаў, мабілізаваныя часта маюць высокі баявы дух, але ім не стае належнага рыштунку і зброі, таму спецпрызначэнне бярэ на сябе іх падрыхтоўку ў выжыванні на полі бою.

Спецпрызначэнцам даводзіцца дапамагаць мабілізаваным на перадавой, якія не вытрымліваюць псіхалагічнага ціску ад няспыннага бамбавання артылерыі і авіяцыі. Часам ім даводзіцца займацца наладжваннем эвакуацыі параненых на полі бою і падтрымкай каналаў сувязі і ліній забеспячэння, пакуль ізноў сфармаваныя падраздзяленні не возьмуцца за гэта ўласнаручна.

Абодва байцы ў размове з журналістамі падзякавалі заходнім партнёрам за прапанаванае ўзбраенне, тэхніку і рыштунак, але дадаюць, што пры гэтым узбраення і тэхнікі не стае праз высокую інтэнсіўнасць баявых дзеянняў. Перш за ўсё не стае ваеннага аўтатранспарту, цяжкай бронятэхнікі і NLAW.

Суразмоўцы скардзяцца, што часам ім даводзіцца ахвяраваць чым-небудзь, таму што рыштунак хутка ламаецца. Яны спрабуюць ушчыльную падабрацца да расейцаў у акопах і тыле, але зношаны рыштунак часам вельмі шуміць, калі ім даводзіцца поўзаць па зямлі.

"Мы спрабуем падпаўзці да іх, маскавацца на зямлі. Гэта вельмі цяжка, калі ў цябе куча рыштунку, куча куляў і гранатаў, ён вельмі цісне сваёй вагой, і ад гэтага яшчэ цяжэй паўзці".

Але ў нас атрымліваецца падабрацца да іх і заспець іх знянацку. Першы расеец, калі ўбачыў мяне, настолькі разгубіўся, таму што не мог уявіць, што гэта праўда. Пакуль ён разгубіўся, я стрэліў у яго, можа, з адлегласці 7 метраў, куля патрапіла пад ягоную бронекамізэльку. Я заўсёды стараюся страляць ім у тэстыкулы, таму што там няма брані. Гэта на 100% гарантуе гібель ворага: я разрываю ягоныя артэрыі і разбураю ягоную тазавую косць. Ён не можа паўзці, не можа ўцячы, ён нічога не можа. Немагчыма прапанаваць медыцынскую дапамогу мужчыну з такім раненнем. Нельга накласці турнікет ці павязку", – расказаў "Дваццаць Другі".

У пачатку шырокамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну атрад кінулі абараняць аэрапорт ГП "Антонаў" у Гастомелі, дзе здзяйснялі высадку байцы расейскага паветранага дэсанту.

"Мы занялі пазіцыі ў ангарах і казармах, з якіх вялі чатыры гадзіны кантактны бой са стралковай зброі (з акупантамі – заўв.), пакуль нам не даслалі ў якасці ратацыі байцоў Нацгвардыі".

Першыя гадзіны бітвы (за аэрапорт у Гастомелі – заўв.) былі поўным хаосам", – расказаў "Прыгажуня".

Пасля гэтага іх адправілі абараняць пазіцыі ў сяле Машчун, каб расейцы не перайшлі праз раку Ірпень і балоты ў той мясцовасці, якая адкрыла б просты шлях на поўнач правабярэжнага Кіева.

Тры групы зачысцілі вёску і акапаліся ў лесапаласе, якая ішла ўздоўж ракі. Калі пачаліся шчыльныя артылерыйскія абстрэлы з боку расейцаў, яны схаваліся ў хатах у вёсцы. Неўзабаве расейцы на дзвюх БМП пад'ехалі, каб пераправіцца цераз раку. Спецназаўцы дачакаліся, пакуль расейцы зойдуць у самы цэнтр вёскі, дзе іх можна было акружыць з усіх бакоў.

“Мы стралялі ў іх з адлегласці 5–10 метраў. Мы заўсёды стараемся падысці бліжэй, каб бачыць твар ворага, бо ў такім баі яны не могуць выкарыстоўваць артылерыю.

У іх у разы больш артылерыі, чым у нас, але іхні баявы дух вельмі нізкі, яны баяцца ўступаць у блізкі бой. Гэта цяжка псіхалагічна вытрымаць – выстаяць у стралковым баі, дзе кожны можа кінуць ручную гранату і падствольныя гранатамёты", – расказаў "Дваццаць Другі".

Вымусіўшы расейцаў адступіць, яны знішчылі расейскія БМП з брытанскіх супрацьтанкавых ручных комплексаў NLAW. Далей яны адступілі назад да Машчуна, калі надышла прыкладна 10-я гадзіна вечару.

З словаў "Прыгажуні", у іх не працавалі батарэйкі для цеплавізараў. Але яны атрымалі інфармацыю, што ў іхнім напрамку набліжаецца яшчэ 50 расейцаў з бронетэхнікай, каб перасячы раку.

Украінскія спецназаўцы занялі пазіцыі ў будынках цэнтра сяла.

"Мой таварыш пачуў, як іхні камандзір даў каманду ісці наперадзе і праверыць вёску. Яны кінуліся ў бой з крыкам. Але зрабілі памылку, зайшлі ў глыб сяла. Так што мы іх усіх забілі", – расказаў "Прыгажуня".

Пасля адступлення расейскіх войскаў ад Кіева байцы "Шамана" ішлі ў ар'ергардзе расейцаў і наносілі ім удары з тылу, пакуль яны не перасеклі мяжу з Беларуссю.

Да пачатку шырокамаштабнага ўварвання Расеі байцы атрада "Шаман" паспелі далучыцца да баявых задачаў у Афганістане поплеч з брытанскімі і амерыканскімі байцамі. Неназваны афіцэр украінскай выведкі кажа, што гэтыя спецназаўцы з'яўляюцца "самымі дасканалымі байцамі ва ўкраінскім спецназе, самыя лепшыя і адважныя".

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках