5 траўня 2024, Нядзеля, 0:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіберпартызаны: Барацьба будзе прадаўжацца, пакуль рэжым не будзе цалкам знішчаны

8
Кіберпартызаны: Барацьба будзе прадаўжацца, пакуль рэжым не будзе цалкам знішчаны

Як хакеры-патрыёты змагаюцца з хунтай Лукашэнкі і дапамагаюць Украіне.

Група хакераў-актывістаў (ці скарочана: хактывістаў) пад назвай «Кіберпартызаны» з'явілася ў Беларусі восенню 2020-га года ў адказ на фальсіфікацыю выбараў у Беларусі, гвалт з боку сілавікоў і масавыя рэпрэсіі. Каманда ананімных ІТ-адмыслоўцаў праславілася ўзломам сістэмы з пашпартнымі звесткамі, «злівамі» запісаў гутарак сілавікоў і службоўцаў, а ў апошні час - кібератакамі на сістэму Беларускай чыгункі.

Юліяна Шаметавец - адзіная прадстаўніца «кіберпартызан», вядомая грамадскасці. У інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» яна расказала аб працы хаактывістаў.

- Юліяна, колькі хактывістаў цяпер у складзе «Кіберпартызан»?

- З пачаткам вайны (ва Украіне - Рэд.) шмат людзей дадалося, многія цяпер хочуць уступіць у шэрагі «Кіберпартызан». У апошні раз, калі я пыталася, нас было блізу 60 чалавек. Але не ўсе гэтыя людзі ўдзельнічаюць у атаках і маюць доступ да пэўных баз звестак. Да вайны ў складзе было бязмала 30 чалавек.

- Хочацца ўявіць нейкую выяву гэтых людзей...

- Мне таксама (смяецца).

- Я правільна разумею, што вы нікога не ведаеце і ні з кім з іх не сустракаліся?

- Не, ні з кім не сустракалася. Я ўвогуле не ведаю, хто там. Вядома, заўсёды ёсць маленькая імавернасць, што там хтосьці, каго я ведаю ці пра каго чула ад знаёмых. Але я не ведаю іх імёны ці дзе яны знаходзяцца. Мае стасункі з «кіберпартызанамі» і іх стасункі паміж сабой адбываюцца ананімна. Я толькі магу сказаць, што гэта хлопцы з добрым пачуццём гумару і рацыянальным падыходам, якія вераць у дэмакратыю і робяць усё магчымае, каб пабудаваць дэмакратычную сістэму ў Беларусі.

Напады на БЧ

- Якія акцыі «кіберпартызан» вы ўважаеце за самыя паспяховыя за апошні час?

- Самай паспяховай была акцыя на чыгунцы. Цяпер ва Украіне ідзе вайна, паміраюць людзі. Таму было вельмі важна дапамагчы ўкраінцам і спыніць рух расейскіх цягнікоў. Напады на чыгунку «кіберпартызаны» пачалі абмяркоўваць яшчэ ў 2021 годзе і спрабавалі трапіць у сістэму яшчэ восенню. У снежні адбыўся першы напад. Ён быў непублічным, «кіберпартызанам» было важна зразумець, якой будзе рэакцыя супрацоўнікаў чыгункі.

Пасля ўводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі ў студзені адбылася другая атака. Яна была публічнай. Тут было важна паказаць, што беларусы супраць магчымай акупацыі тэрыторыі Беларусі і знаходжання на ёй расейскіх войскаў. Калі пачалася вайна, адбыліся трэці і чацвёрты напады, якія на два дні цалкам «высеклі» сістэму аўтаматыкі.

- Якія ў гэтага былі наступствы?

- Сістэма аўтаматыкі адказвае за пераключэнне святлафораў і рух стрэлак. Калі цягнік пад'язджае на пэўны адцінак, машыніст глядзіць на святлафор ці стрэлкі, каб зразумець, куды ехаць. Гэтая сістэма перастала працаваць, што, вядома, вельмі небяспечна. Гэта значыць, людзям трэба было ўручную выконваць многія працэсы, якія апошнія 20 гадоў былі аўтаматызаваныя. Пры гэтым на БЧ бракуе спецыялістаў.

Вядома ж, вельмі дапамаглі яшчэ «партызаны» на зямлі. У той час, як «кіберпартызаны» атакавалі сістэму, яны ажыццяўлялі напады на рэлейныя шафы. Сукупнасць гэтых фактараў паказала расейскаму рэжыму, што выкарыстоўваць БЧ небяспечна. Яны (расейскія ўлады - Рэд.) паспрабавалі выкарыстоўваць камерцыйныя цягнікі, бо ведалі, што «кіберпартызаны» не будуць іх атакаваць. Мы маем чырвоныя лініі, свая этыка. І самае галоўнае правіла - не ўплываць на жыццё звычайных грамадзян.

Супрацоўніцтва з украінскімі хактывістамі і батальёнам Каліноўскага

- «Кіберпартызаны» з кімсьці яшчэ супрацоўнічаюць ці дзейнічаюць самастойна?

- У асноўным яны дзейнічаюць самастойна, але з пачаткам вайны яны актыўна супрацоўнічаюць з украінскімі хаактывістамі, даюць ім інфармацыю і пэўныя доступы, даюць парады, бо ў іх ужо напрацаваны досвед, распавядаюць пра памылкі і магчымасці.

- Вы супрацоўнічаеце з афіцыйнымі ўкраінскім структурамі?

- «Кіберпартызаны» падаюць ім інфармацыю, якая можа быць важнай. Яны гэта робяць альбо наўпрост, альбо праз батальён Кастуся Каліноўскага. Гэта могуць быць, напрыклад, звесткі аб месцазнаходжанні расейскіх ці беларускіх войскаў.

- А што звязвае кіберпартызан з батальёнам Каліноўскага?

- Яны актыўна дапамагаюць батальёну Кастуся Каліноўскага. У першую чаргу гэта праверка людзей. Калі чалавек хоча ўступіць у батальён, ён спачатку запаўняе пэўную форму, і гэтыя звесткі потым правяраюцца «кіберпартызанамі». Такім спосабам адсеяліся чатыры агенты спецслужбаў, якія спрабавалі патрапіць у батальён Кастуся Каліноўскага.

- Як вы абараняеце сваіх інфармантаў?

- Самае важнае, што мы заўсёды прамаўляем - гэта тое, што лепш за сябе самога ніхто цябе не абароніць. «Кіберпартызаны» звычайна публікуюць інструкцыі па абароне, напрыклад, як стварыць фэйкавую старонку ў Telegram, які VPN лепш ўсталяваць, як карыстацца «партызанскім» Telegram, які распрацавалі «кіберпартызаны». З яго дапамогай можна паставіць спецыяльны код, пры ўводзе якога, напрыклад, выдаляюцца чаты ці адбываецца адпіска ад пэўных каналаў.

Але гэта не значыць, што «кіберпартызаны» могуць стварыць магічны інтэрнэт ці сайт, дзе ўсё будзе бяспечна. Кожны павінен браць на сябе адказнасць, а мы даем усю патрэбную інфармацыю і заўсёды гатовыя дапамагчы, калі нешта незразумела.

Кошт свабоды

- Наколькі доўгатэрміновы план барацьбы прапісаны ў вас у маніфесце?

- Барацьба будзе прадаўжацца, пакуль рэжым не будзе цалкам знішчаны ў Беларусі і не будуць праведзеныя люстрацыі.

- Мусіць, для гэтага спатрэбіцца асабліва шмат інфармацыі.

- Так, але пры гэтым важна ведаць, што люстраваць усіх немагчыма і не трэба. Вельмі шмат людзей проста выконвалі каманду. А тыя, якія давалі каманду, паўстануць перад судом.

- З «кіберпартызан» вы - адзіная, хто адкрыта прадстаўляе хактывістаў. Але ваша сям'я, блізкія вам людзі, напэўна, дагэтуль знаходзяцца ў Беларусі. Ці страшна вам за сябе і за іх?

- Я б не хацела адказваць на гэтае пытанне. Так, вядома, страшна. Але я ні з кім не маю стасункаў на гэтую тэму, каб нікога не падстаўляць. Напэўна, гэта цана за свабоду.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках