3 траўня 2024, Пятніца, 22:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як выглядаюць райцэнтры памежжа ў Беларусі і Расеі

13
Як выглядаюць райцэнтры памежжа ў Беларусі і Расеі

Разруха ў расейскіх гарадах уражвае.

На фоне дзеянняў беларускага рэжыму ва ўсё больш «цеснай інтэграцыі» з Расеяй можна задацца пытаннем: да чаго імкнемся? Калі збліжэнне з усходняй суседкай будзе рухацца такімі тэмпамі, то жыццё ў Беларусі хутка можа стаць такім самым, як і ў РФ. Пасля таго як салдаты з азіяцкай часткі Расеі вывозілі з Украіны нарабаваныя рэчы, у сеціве з'явілася шмат сведчанняў, як бедна жывуць людзі ў Бураціі і іншых рэгіёнах.

«Флагшток» надумаў паглядзець на еўрапейскую частку РФ – раённыя цэнтры ў памежнай Бранскай вобласці.

Пакуль у Беларусі не пачаліся масавыя рэпрэсіі і за імі не рушылі санкцыі з разрывам стасункаў з цывілізаванай Еўропай (сітуацыя яшчэ больш пагоршылася пасля дапамогі ваеннай агрэсіі РФ), у Беларусі – дзякуючы адносна працоўнай эканоміцы – маглі праводзіць добраўпарадкаванне гарадоў, вылучаліся сродкі на будаўніцтва, капрамонты. У Расеі ж, паводле нашых уражанняў, сітуацыя ў глыбінцы значна горшая.

Напрыклад, разам з «Яндэкс-Мапамі» мы зрабілі віртуальнае падарожжа па Навазыбкаве, дзе «праехаліся» па адной з цэнтральных вуліцаў – Савецкай. Здзівіла, як шмат «па дарозе» абшарпаных хатаў, зламаных платоў. Нязвыкла было бачыць «старажытныя» драўляныя слупы ліній электраперадачаў, пабітыя ходнікі (або іх адсутнасць).

Адна з дзвюх самых вядомых бедаў Расеі – дарогі. Добрай ілюстрацыяй тут служыць фота з пасёлка Займішча, якое ўваходзіць у гарадскую акругу Клінцоў – там, дзе не так даўно размясцілі новае ваеннае фармаванне.

А вось зусім свежае паведамленне з Клінцоў пра дарогу на завулку Будаўнічым:

«Дарога ў жахлівым стане: ямы і лужыны, сапраўдная каша пасля дажджу на шырыню ўсёй дарогі. Ходнікаў няма. Маладыя маці з дзецьмі ідуць вечна па брудзе па гэтай дарозе».

Цікава было паглядзець і на Злынку. На дзіцячую пляцоўку па вуліцы з назвай Балотная, на мясцовую аўтастанцыю, якая не бачыла рамонту, мяркуючы з усяго, яшчэ з савецкага часу. Дарэчы, не нашмат лепш выглядае аўтастанцыя і ў буйнейшым райцэнтры Навазыбкаў.

Год таму бранскае аддзяленне КПРФ рабіла «агітацыйны рэйд» у Злынку і так апісала сітуацыю:

«У горадзе і раёне знішчаны ўсе горадаўтваральныя прадпрыемствы: запалкавая фабрыка “Рэўпуць” у Вышкаве, на якой працавалі да 1600 чалавек, мэблевая фабрыка (700 супрацоўнікаў), гарпрамкамбінат (150 чал.) са сваім цагельным заводам (в. Крывы сад), “Сельгастэхніка” (180 чал.), ПМК-205 (180 працоўных), “Сельгасхімія” (80 чал.), гархарчкамбінат (50 чал.), маслазавод, 2 РСУ, 4 цагельні, 2 сітрацэхі і нават спіртзавод (у Сафіеўцы , які стратным на вызначэнне быць не можа… Падчас аптымізацыі адышлі ў нябыт дом адпачынку “Злынка” і піянерскія лагеры, з 18 школаў засталося 10, масава зачыняюцца на сяле ФАПы, СДК, клубы, дзіцячыя сады, школы і бібліятэкі... З'язджае з родных месцаў моладзь і працаздольнае насельніцтва. Застаюцца старыя і тыя, каму падацца няма куды».

А што да прыпаркаванага ля станцый абодвух гарадоў транспарту, які мы ўбачылі на фота, то гэта ў асноўным зношаныя ПАЗы. Альбо – настолькі старыя мадэлі аўтобусаў, што беларусы ўжо і не ўспомняць іх назвы.

Для параўнання – вось як выглядае аўтастанцыя ў маленькім Брагіне, адным з самых бедных райцэнтраў Гомельшчыны.

Таксама прапануем паглядзець на іншы «чарнобыльскі» райцэнтр Беларусі – Хойнікі.

У цэлым, з нашых уражанняў, паводле ўзроўню добраўпарадкавання, развіцця гарадской інфраструктуры і агульнай культуры паміж гарадамі Беларусі і Расеі – прорва. Ці захаваецца яна і ў які бок адбудзецца рух – пытанне адкрытае.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках