6 траўня 2024, панядзелак, 13:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

COVID вярнуўся: У Еўропе новая хваля, у Беларусі хаваюць статыстыку

19
COVID вярнуўся: У Еўропе новая хваля, у Беларусі хаваюць статыстыку

Што вядома пра новы падштам каранавірусу.

Нават калі зрабілі прышчэпку і жывяце ў краіне з высокай колькасцю вакцынаваных, вы не ў поўнай бяспецы. Калі ж вы ў Беларусі, то беражыце сябе: што тут з каранавірусам, невядома. Вірус знайшоў шляхі да новых ахвяраў, паведамляе "Белсат".

З пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны тэма COVID-19 адышла ў Еўропе на другі план. Рэч не толькі ў тым, што з'явілася больш страшная пагроза: пасля гіганцкага студзеньскага піка, у лютым 2022 года ў свеце ішоў рэзкі спад захворвання і смяротнасці ад COVID-19. Многія краіны ў выніку знялі каранавірусныя абмежаванні.

Але каранавірус вяртаецца з новымі сіламі і адчыняе для сябе новыя краіны. Генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі здароўя (САЗ) Тэдрас Адханам Гебрэісус адзначыў, што за апошнія два тыдні колькасць новых выпадкаў COVID-19 падскочыла на 30%.

Шостая хваля, сёмая… і першая

За апошні тыдзень больш за ўсё новых выпадкаў COVID-19 выявілі ў Францыі – як у абсалютнай колькасці (амаль 863 тыс.), так і на душу насельніцтва. Шмат новых выпадкаў знайшлі таксама ў Злучаных Штатах (632 тыс.), Нямеччыне (628 тыс.), Італіі (609 тыс.) і Бразіліі (404 тыс.).

Вірус дабраўся нават да Аўстраліі (242 тыс. выпадку за апошні тыдзень), Тайваня (236 тыс.) і Новай Зеландыі (61,5 тыс.) – для іх гэта першая буйная хваля захворвання. Нават Паўночная Карэя ў канцы вясны прызнала існаванне каранавірусу. Самая вялікая дзель захворванняў на душу насельніцтва цяпер у астраўной рэспубліцы Науру, для якой гэтая хваля таксама першая. Там за тыдзень выяўлены 1831 выпадак, і гэта пры насельніцтве блізу 10 тыс. Гэта дае ў 10 разоў больш захворванняў на душу насельніцтва, чым у Францыі. А ў новых краінах вірус можа набыць новыя мутацыі.

Цяжкасць гэтай хвалі розная ў розных краінах, што відаць з формы графікаў распаўсюджвання каранавіруснай хваробы.

Распаўсюджванне COVID-19 у асобных краінах. Малюнак: worldometers.info / Белсат

Агульныя дэталі такія:

Рост колькасці новых выпадкаў пакуль не такі высокі, як быў зімой, калі не браць да ўвагі краіны, для якіх гэта першая хваля. У некаторых краінах тэндэнцыі нядобрыя, а ў свеце новых выпадкаў цяпер выяўляюць столькі, колькі зімой 2020-га, вясной 2021-га і ў канцы лета 2021-га.

Смяротнасць пакуль даволі нізкая. У свеце – настолькі нізкая, якой не было з красавіка 2020 года. У асобных краінах – параўнальна невысокая там, дзе гэта не першая хваля. Але смяротнасць зусім не нулявая.

Шмат захворванняў выяўляюць у краінах, дзе вакцынацыя прайшла нядрэнна: у Францыі вакцынавалі 81% насельніцтва (прынамсі адной дозай), у ЗША – 78%, у Нямеччыне – 77%, у Італіі – 84%, у Бразіліі – 86%, у Аўстраліі – 87%...

Ва ўсёй гэтай статыстыцы трэба браць да ўвагі, што гаворка пра выяўленыя выпадкі. Невыяўленне можа быць крыху большым, а можа – значна большым. Усё залежыць ад таго, наколькі актыўна людзі ў канкрэтнай краіне робяць тэсты і наколькі інфармаваныя пра пандэмію.

Цяжка сказаць, што адбываецца ў Кітаі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, з сакавіка 2020 года да сакавіка 2022-га там практычна не выяўлялі каранавіруснай хваробы, у сакавіку-красавіку быў выбух захворвання, а ў траўні вірус нібыта адключылі. Тамтэйшая статыстыка не выклікае даверу, а палітыка поўнай ізаляцыі гарадоў, дзе выявілі COVID, не дазваляе ацаніць рэальнай карціны (і заадно ламае сусветны гандаль).

Гэта не новы штам, а новыя мутацыі

У свеце па-ранейшаму пануе штам амікрон, але новыя інфекцыі выклікаюць ягоныя падштамы BA.4 і BA.5, у ЗША дамінуе BA.2.12.1, а Сусветная арганізацыя здароўя таксама сочыць за зусім новым BA.2.75. З назвамі ўсё вельмі складана, бо вірус увесь час мутуе, і нават невялікая, але "паспяховая" мутацыя можа мець вялікі эфект на заразнасць і шкоднасць.

Па польскіх СМІ разляцелася заява рэгіянальнага віцэ-міністра здароўя, што ўжо "можна казаць пра COVID-22", таму што хвароба моцна адрозніваецца ад ранейшай. Насамрэч COVID-19 ніхто не збіраецца пераназываць, але вірус і праўда змяніўся.

BA.4 і BA.5 нязначна адрозніваюцца ад іншых амікронаў у генетычным сэнсе, але распаўсюджваюцца хутчэй за ранейшыя штамы і могуць абыйсці некаторыя імунныя рэакцыі. Добрая навіна ў тым, што яны выклікаюць менш шпіталізацыі і смерцяў, дрэнная – што яны, падобна, могуць заражаць тых, хто меў імунітэт ад ранейшых формаў амікрону нават у камбінацыі "вакцына + перанесеная хвароба", а дзякуючы вакцынам могуць даваць многім бессімптомную хваробу і пры тым заражаць людзей з групы рызыкі.

Гендырэктар САЗ адзначыў і іншыя праблемы з каранавірусам.

Абарона вакцынаў з цягам часу слабее. З вакцынай усё яшчэ бяспечней, чым без яе, але вытворцаў вакцынаў ужо просяць мадыфікаваць прышчэпкі, каб тыя былі нацэленыя супраць новых падштамаў ("Pfizer" адказвае, што зможа не раней за кастрычнік).

Нават калі шпіталізацый і смерцяў мала, кожная хваля каранавіруснай хваробы пакідае ўсё больш людзей з "пост-кавідам": разнастайнымі наступствамі хваробы (аж да пашкоджання галаўнога мозгу), якія не праходзяць, нават калі вірус сышоў з арганізма.

Трэба распрацоўваць новае пакаленне вакцынаў, тэстаў і лекаў, а праца з "Pfizer" над дастаўкай таблетак "Paxlovid" (якія ў першых даследаваннях паказалі эфектыўнасць у прадухіленні шпіталізацыі інфікаваных і смерці – вось як яны працуюць) у бедныя краіны ідзе павольна.

У многіх краінах пачалі рабіць менш тэстаў на каранавірус.

Што ў Беларусі і ў суседзяў?

Ва ўсіх суседзяў Беларусі новай хвалі пакуль не відаць: людзі хварэюць, але не так масава, як у мінулыя хвалі. Але ж статыстыка Украіны і Расеі не выклікае даверу: на тэрыторыі першай ідзе вайна, другая ж хавае рэальную статыстыку (як і Беларусь).

Што ў самой Беларусі з COVID-19 – невядома. Міністэрства аховы здароўя адмовілася ад рэгулярных публікацый статыстыкі: апошняя публікацыя была 5 ліпеня, перадапошняя – 10 траўня. За гэты час статыстыка вырасла нязначна: з 982,2 тыс. да 994 тыс. выпадкаў і з 6978 да 7118 прызнаных смерцяў. У САЗ з Беларусі таксама перасталі слаць рэгулярную статыстыку.

З аднаго боку, паведамленняў пра надзвычайны завал у клініках не было. З іншага боку, недзяржаўным медцэнтрам з пачатку лета забаранілі рабіць ПЛР-тэсты на COVID – 19, а дзейнасць найбуйнейшага прыватнага медцэнтра прыпынялі на месяц з сумнеўных прычынаў якраз тады, калі ў свеце пачыналася новая хваля.

Сітуацыя з вакцынацыяй у Беларусі таксама незразумелая. Апошні раз афіцыйныя лічбы вакцынацыі паведамлялі 14 траўня, тады прынамсі адну дозу вакцыны атрымалі (калі верыць Міністэрству аховы здароўя) 6,35 млн чалавек ці 68,6% насельніцтва, а дзве і больш – 6,07 млн. Вось толькі ў Беларусі ўжываюць як расейскі "Спадарожнік V" (які, падобна, эфектыўны), так і кітайскія вакцыны, эфектыўнасць якіх пад пытаннем, і нават расейскі "КовіВак", эфектыўнасць якога занадта нізкая.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках