14 жнiўня 2022, Нядзеля, 7:32
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Да 140-годдзя Янкі Купалы знойдзены аўтограф яго незвычайнага ліста

Да 140-годдзя Янкі Купалы знойдзены аўтограф яго незвычайнага ліста

Нечаканую знаходку зрабілі ў Дзяржаўным архіве Расеі.

Сапраўдным цудам назвалі на сваёй старонцы ў папулярнай сацыяльнай сетцы супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы знаходку яго невядомага аўтографа. Лісту, датаванаму 1931 годам, ужо 91 год! А знайшоўся ён за некалькі дзён да 140-годдзя Купалы, якое Беларусь адзначае 7 ліпеня 2022-га, піша «Комсомольская правда».

У музеі паэта расказваюць аб тым, як была зроблена знаходка. Знайшоў рукапіс Купалы супрацоўнік Інстытута славяназнаўства Расейскай акадэміі навук Ігар Барынаў. Ён жа перадаў менскаму музею паэта лічбавыя копіі папер, звязаных з Купалам. Яны датаваны 11 сакавіка - 1 чэрвеня 1931-га. Як высветлілася, Барынаў працаваў у Дзяржаўным архіве Расейскай Федэрацыі, а нечаканыя знаходкі былі ў шэрагу дакументаў прадстаўніцтва Польскага Чырвонага Крыжа ў Маскве.

У сацсетках Купалаўскі музей паказаў некалькі копій каштоўных дакументаў, а таксама расказаў іх гісторыю.

Як вядома, Янка Купала быў звязаны з працэсам у справе Саюзу вызваленьня Беларусі. Падрабязна пра яго і ролю Купалы, якога нейкі час спрабавалі паставіць на чале гэтай міфічнай арганізацыі, мы пісалі тут. Менавіта пасля аднаго з допытаў - 20 лістапада 1920 года - Купала спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, парэзаўшы сабе жывот нажом.

Купалу выратавалі, але навіна аб спробе самагубства Купалы стала вядома не толькі ў БССР, але і за мяжой - у Польшчы. Там жыў Вінцэнт Станкевіч - брат жонкі Купалы Уладзіславы Францаўны Станкевіч.

— Спалоханы трагічнай навіной і адсутнасцю лістоў ад сястры, Вінцэнта Станкевіча, каб даведацца, што напраўду адбылося са шваграм, у першай дэкадзе сакавіка 1931 года скіраваў запыт у Чырвоны Крыж, — расказваюць у Літаратурным музеі Янкі Купалы.

Ужо 18 сакавіка запыт ад Польскага Чырвонага Крыжа пайшоў да Уладзіславы Францаўны. «Які прысуд у вашага мужа, дзе ён знаходзіцца, ці мае прысуд і які?» - пераказваюць пытанні сваякоў жонкі Купалы ў лісце.

27 сакавіка на пазначаным адрасе прадстаўніцтва Польскага Чырвонага Крыжа ў Маскве сыходзяць у адным канверце лісты Купалы і ягонай жонкі. Уладзіслава Станкевіч піша:

«Мой муж здаровы, працуе, а прысуду над ім ніякага не было з той простай прычыны, што ні да якой адказнасці нікім не прыцягваўся. Здзіўляюся недарэчнаму запыту маіх сваякоў».

А вось вельмі падобны фармулёўкамі адказ самога Купалы, які пацвярджае паведамленне жонкі:

«Я здаровы, працую, і прысуду нада мной ніякага не было, нікім да адказнасці не прыцягваўся».

У музеі Купалы расказваюць, што ліст адправіўся маршрутам Менск - Масква - Варшава - Беласток, дзе і жыў Вінцэнт Станкевіч. Праўда, з адказамі беларускай радні ён змог толькі азнаёміцца. Затым два аркушы з нататніка вярнуліся ў Маскву. А там у выніку і патрапілі ў архіўны фонд.

У Літаратурным музеі Купалы гавораць:

- Некаторыя з фондавых збораў, напрыклад, калекцыю асабістых рэчаў творцы, галоўная захавальніца Надзея Саевіч вызначае як «закрытыя» - гэта значыць, што спадзявацца на іх папаўненне новымі знаходкамі амаль безнадзейнае справа. Але што тычыцца эпісталярыя Янкі Купалы, то цуды магчымыя!

Выпадак з перапіскай 1931 года гэтаму пацвярджэнне.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».