10 траўня 2024, Пятніца, 23:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Буйны горад у Зімбабвэ адмовіўся набываць пажарную тэхніку з Беларусі

2
Буйны горад у Зімбабвэ адмовіўся набываць пажарную тэхніку з Беларусі

Кампаніяй, якой адмовілі ва ўгодзе, валодае сябар Лукашэнкі.

У Булаваё, другім у велічыні горадзе Зімбабвэ, адмовіліся ад беларускіх пажарных машынаў. Урад краіны ў чэрвені патрабаваў у мясцовых уладаў выдаткаваць частку мясцовага бюджэту на дарагую тэхніку з нашай краіны, піша мясцовае выданне NewsDay.

У чэрвені ў Зімбабвэ разгарэўся скандал пасля таго, як мясцовы ўрад спусціў у розныя гарады распараджэнне пра набыццё за грошы мясцовых бюджэтаў 70 пажарных машынаў з Беларусі агульным коштам больш за 32 млн даляраў. Гэта абурыла парламент краіны і мясцовыя ўлады некаторых населеных пунктаў.

У жніўні стала вядома, што сябры гарадской рады горада Булаваё адхілілі распараджэнне ўраду пра набыццё пажарных машынаў з Беларусі. Там пастанавілі не выдаткоўваць бюджэт на набыццё пажарных машынаў, а «выкарыстоўваць сродкі для развязання іншых надзённых праблемаў, у тым ліку аднаўлення слабой гарадской інфраструктуры».

Нагадаем, скандал з набыццём беларускай пажарнай тэхнікі на 32 млн даляраў здарыўся ў чэрвені, а ягоныя водгаласы чуваць да гэтага часу. Урад краіны спусціў у населеныя пункты распараджэнне пра вылучэнне сродкаў на набыццё гэтай тэхнікі з мясцовых бюджэтаў. Аднак парламент Зімбабвэ і мясцовыя рады некаторых гарадоў абурыліся такой пастановай. Яны заявілі, што пастанова была прынятая без уліку іх меркавання і што мясцовыя бюджэты горада выдаткуюць на сваё меркаванне, а не на ўказанне зверху.

Набыць пажарную тэхніку ва ўрадзе Зімбабвэ планавалі ў кампаніі, якой валодае сябар Лукашэнкі, бізнэсмэн і ганаровы консул Зімбабвэ ў Беларусі Аляксандр Зінгман. Кошт кожнай машыны 464296 даляраў.

Гэтая пастанова ўраду выклікала гарачыя спрэчкі ў парламенце. Прадстаўнікі розных палітычных партый, а потым і мясцовыя рады патрабавалі ва ўраду тлумачэнняў, чаму набытак арганізуецца на ўказанне міністэрства і праз міжурадавае пагадненне, а не на пастанову мясцовых органаў улады, як гэта адбываецца звычайна. Яны таксама прасілі паказаць дакументы, якія даказвалі б, што для паставак тэхнікі праводзіўся тэндар.

Летась Зімбабвэ набыла ў Беларусі блізу 11 пажарных машынаў для барацьбы з ляснымі пажарамі. Угоду здзейснілі праз дылера ў продажы беларускай тэхнікі ў Афрыцы – арабскую кампанію Aftrade DMCC, адным з суўладальнікаў якой з'яўляецца Аляксандр Зінгман. Паводле звестак мясцовых медыя, з удзелам бізнэсмэна ў краіну ўжо пастаўлялі сельскагаспадарчае абсталяванне і аўтобусы «на дзясяткі мільёнаў даляраў».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках