Мастака Алеся Пушкіна змясцілі ў ПКТ
5- 10.08.2022, 21:53
- 6,812
Мастака затрымалі ў сакавіку 2021 года.
Адміністрацыя калоніі «Ваўчыныя норы» пакарала мастака Алеся Пушкіна пяццю месяцамі ў ПКТ, паведамляе «Вясна». Гэта спецыяльная камера, куды пераводзяць вязняў у якасці пакарання за зацятыя парушэнні парадку калоніі.
ПКТ (памяшканне камернага тыпу) - турэмная камера, з якой выходзяць толькі на працу і на паўгадзіны штодзень на шпацыр. Падчас праходкі забаронена размаўляць з іншымі зняволенымі. Перадачы не прымаюць, спатканні ды тэлефанаванні забароненыя.
Пра жыццё мастака за кратамі надоечы расказала ягоная жонка Яніна ў інтэрвію «Народнай Волі»:
«Прыкладна праз дзесяць дзён ён тэлефануе, хаця размаўляем зусім мала – хвіліны па тры. Дае мне нейкія наказы, рэфлексуе на тое, што яму напісалі. Са здароўем, здаецца, усё ладам. І гэта галоўнае…»
Мастака затрымалі ў сакавіку 2021 года і абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сымбаляў і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці да 5 гадоў калоніі строгага рэжыму. У калоніі Пушкін знаходзіцца з сярэдзіны красавіка.
Адрас для лістоў: папраўчая калонія №22, 225295, Берасцейская вобласць, Івацэвічы, ст.Даманава, а/с 20, Аляксандру Пушкіну