«Хваленая СПА не спрацавала»: акупанты абмяркоўваюць выбухі на аэрадроме ў Крыме
4- 12.08.2022, 15:32
- 11,220

Перахоп ГУР Мінабароны Украіны.
Расейскія захопнікі актыўна абмяркоўваюць нядаўнія выбухі на вайсковым аэрадроме ў пасёлку Новафёдараўцы на тэрыторыі часова акупаванага Крыма.
Пра гэта сведчыць тэлефонная размова двух расейцаў, якую перахапіла і апублікавала Галоўная ўправа выведкі Мінабароны Украіны, піша сайт fakty.com.ua.
Падчас размовы баявік тэрарыстычнага фармавання «ДНР» абмеркаваў са сваім знаёмым навіны аб выбухах на паўвостраве, і кожны з іх пачаў выстаўляць свае версіі гучнага інцыдэнту.
- У Крыме аэрапорт нейкі, кажуць, выбухнуў там, «нядбайнасць». Падчас запраўкі боепрыпасы ўзарваліся, - паведаміў баявік «ДНР».
Яго суразмоўца ў адказ заявіў, што гэта зусім не «нядбайнасць», а ўдар украінскіх вайскоўцаў. У Расеі ж хаваюць, што гэта быў удар Узброеных сіл Украіны, каб «не было сорамна».
Баявік, відавочна, таксама схіляецца да гэтай версіі, нягледзячы на тое, што на тэлевізіі ім расказваюць аб «нядбайнасці».
Яго суразмоўца, у сваю чаргу, выказаў меркаванне, што расейская «хваленая СПА ў чарговы раз не спрацавала», і цяпер УСУ могуць ударыць яшчэ і па Крымскім мосце.
Акрамя таго, акупанты абмеркавалі адсутнасць пяхоты ў іх «войску».
- Кажуць, што, можа, паўгода, і нас расфармуюць, але не факт, што мы дадому паедзем, зразумеў?.. Нас могуць проста раскідваць па іншых частках. Ну, магчыма, у «ДНР» і паедзем, але толькі не дадому, зразумеў? У «ДНР» пяхоты бракуе, вось нават у навінах пішуць, - заявіў баявік «ДНР».
Як вядома, выбухі на аэрадроме ў Новафёдараўцы прагрымелі 9 жніўня. На ацэнкі Паветраных сіл УСУ, акупанты размяшчалі там знішчальнікі і бамбавікі. Гэта самалёты Су-30СМ, Іл-76, Су-24М, а таксама, магчыма, гелікаптэры.
На падлікі Forbes, кошт гэтай авіятэхнікі мог складаць ад $650 да $850 млн.
Паводле звестак брытанскай выведкі, у выніку выбухаў Расея страціла сама меней восем баявых самалётаў, магутнасці марской авіяцыі РФ скараціліся.