Расейцы масава скупляюць нерухомасць у Грузіі
19- 12.08.2022, 20:53
- 13,214

Апазіцыя б'е трывогу.
У Грузіі заклікаюць урад абмежаваць грамадзянам РФ бескантрольны ўезд і магчымасць купляць нерухомасць у краіне. З такой заявай выступіў адзін з лідараў апазіцыйнай партыі "Адзіны нацыянальны рух", паведамляе выданне "Навіны Грузія".
Леван Хабеішвілі заявіў, што з моманту пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну грамадзяне РФ набылі ў Грузіі 3 245 аб'ектаў нерухомасці. З падлікаў палітыка, колькасна - гэта цэлы мікрараён Тбілісі.
Акрамя таго, са звестак Хабеішвілі, да 16,5 тысяч расейцаў атрымалі дазвол на жыхарства ў Грузіі, а больш за 6,5 тысяч - зарэгістравалі ў краіне бізнэс.
Палітык перасцерагае, што гэта можа несці небяспеку для Грузіі, асабліва пры далейшым бескантрольным прыбыцці расейцаў у краіну.
“Заклікаем Мінюст Грузіі абмежаваць куплю грамадзянамі РФ нерухомасці ў краіне і прыняць меры для кантролю за тымі, хто прыязджае з Расеі. Гэтыя людзі ніяк не абмежаваныя, і мы не ведаем, ці не парушаюць яны Закон аб акупацыі”, - заявіў Хабеішвілі.