11 траўня 2024, Субота, 4:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грузія на кошт Эміратаў: Дзе і за колькі адпачыць беларусу ў аксамітны сезон

4
Грузія на кошт Эміратаў: Дзе і за колькі адпачыць беларусу ў аксамітны сезон

Турыстычныя кірункі, якія цяпер даступныя беларусам, можна пералічыць на пальцах.

Водгаласы пандэміі, палітычная сітуацыя ў свеце, санкцыі і праблемы з адкрыццём візаў – праз гэтыя ды іншыя прычыны паездка ў адпачынак сёння ператвараецца ў складаны квэст. Зрэшты, паводле словаў уладальніцы агенцтва «Алекстур» Таццяны Марчанкі, нядрэнныя варыянты на аксамітны сезон усё ж такі ёсць. Сайт myfin.by спытаў у турагента, куды беларусы могуць злётаць у адпачынак і колькі гэта каштуе.

Грузія. Аўтобусны тур у Батумі або Кабулеці каштуе ад $400. У яго ўключаны праезд і 10 дзён пражывання ў гатэлі ля мора. Дарога да Грузіі займае 2,5–3 дзён, таму па дарозе прадугледжаныя транзітныя начоўкі ў Расеі. Турыстаў возяць беларускія кампаніі на вялікіх аўтобусах з кандыцыянерам. Туры прадаюцца да канца верасня – да гэтага часу аксамітны сезон на грузінскім узбярэжжы заканчваецца.

Еўропа. У беларускіх аператараў ёсць у продажы некалькі тураў з адпачынкам на моры – у Італію, Гішпанію і Грэцыю, а таксама экскурсійныя туры ў Будапешт. Аднак Таццяна Марчанка адзначае, што паездкі ў Італію і Гішпанію часта скасоўваюцца, таму што ў турыстаў не атрымліваецца зрабіць візу. Больш ахвотна разавы шэнген дае Грэцыя – аўтобусныя туры туды збіраюцца рэгулярна.

Тур у Грэцыю на 12 дзён уключае праезд, 8 дзён адпачынку на курорце Паралія Кацярыні ў гатэлі 3*, а таксама экскурсіі па Будапешце і Бялградзе (плюс можна набыць дадатковыя). Кошт тура стартуе ад 380 еўраў на чалавека, маршруты запланаваныя да пачатку кастрычніка.

Для беларусаў даступныя чатыры прамыя напрамкі з Менска – гэта Турцыя, Егіпет, ААЭ і Грузія. Чартары ў гэтыя краіны выконвае Белавія. Час палёту ў Турцыю і Эміраты складае блізу 6 гадзінаў, у Грузію – блізу 4 гадзінаў, у Егіпет – блізу 9 гадзінаў з дазапраўкай у Актау або Анталіі.

Турцыя. Паводле словаў уладальніцы «Алекстур», гэтая краіна для беларусаў падаражэла амаль у два разы. 7 начэй у гатэлі 4* з сістэмай «усё ўключана» абыдуцца мінімум на 750 еўра (пры двухмесным рассяленні). Аксамітны сезон у Турцыі доўжыцца да канца кастрычніка.

Егіпет. Кошт за 10 начэй у гатэлі 4* з сістэмай «усё ўключана» стартуе з 800 даляраў на чалавека. Гэты кірунак таксама моцна падаражэў за кошт доўгага і дарагога пералёту. Адпачываць у Егіпце можна круглы год, высокі сезон там пачынаецца з кастрычніка.

Адпачынак у Егіпце, фота: mtravel.by

Эміраты. Таццяна Марчанка адзначае: Эміраты, якія раней уважаліся за люксавыя, цяпер зраўняліся коштам з іншымі кірункамі. Кошты тураў у ААЭ не моцна змяніліся ў параўнанні з мінулым годам – ад $ 600 за 7 начэй у гарадскім гатэлі 3-4*. Адпачываць можна цэлы год, асабліва прыемна з кастрычніка да траўня.

Грузія. Як ні парадаксальна, авіятуры ў Грузію цяпер каштуюць столькі ж, колькі ў Турцыю і ААЭ. Прычым рэч не толькі ў пералёце, але і ва ўнутраных коштах, якія ўзняла сама краіна. Авіятур у Кабулеці на 7 начэй са сняданкамі стартуе ад $700 з чалавека, у Батумі – на $50–100 даражэй. Ляцець да цёплага Чорнага мора можна да канца верасня.

Усе астатнія кірункі, якія раней карысталіся папулярнасцю ў беларусаў: Мальдывы, Тайланд, Мексіка, Куба, Дамінікана – цяпер даступныя толькі ў фармаце індывідуальных тураў. Як тлумачыць турагент, туды больш няма чартараў, і маршруты даводзіцца будаваць на рэйсавых самалётах. Гэта ўскладняе дарогу і падаражае падарожжа ў 2-3 разы. Ну, і турыстам з шэнгенскімі візамі па-ранейшаму даступныя лаўкосты з суседніх еўрапейскіх краінаў.

А што ў Беларусі?

Жнівень – верасень у Беларусі таксама вельмі прыемныя месяцы, і правесці невялікі адпачынак у адной з нашых сядзібаў – цалкам добрая ідэя. Таццяна Марчанка падкрэслівае, што трэнд гэтага сезону – гастратуры.

Беларускія сядзібы запрашаюць турыстаў на дэгустацыі ў крафтавыя сыраварні, бровары, на смаўжовыя або пчаліныя фермы. Такія кароткія паездкі гэтым летам сталі нават больш папулярнымі за экскурсійныя.

Але і класічныя праграмы ніхто не адмяняў: турыстаў возяць у аднадзённыя і двухдзённыя туры ў Мір, Нясвіж, Берасце, Гародню і іншыя беларускія гарады. Кошт экскурсійных тураў па Беларусі пачынаецца ад 80 рублёў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках