26 красавiка 2024, Пятніца, 12:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітай скараціў закупкі расейскай нафты да мінімуму з пачатку вайны

1
Кітай скараціў закупкі расейскай нафты да мінімуму з пачатку вайны

Паступленні ў бюджэт РФ істотна ўпалі.

Марскія пастаўкі расейскай нафты ў Азію ўпалі да самага нізкага ўзроўню з 1 красавіка. Акрамя таго, цяпер яны на 20% ніжэйшыя за пік, дасягнуты ў сярэдзіне красавіка, і складаюць 1,72 млн барэляў на дзень, са звестак Bloomberg, якое адсочвае рух танкераў. Нават калі ўся нафта на суднах, якія зараз не паказваюць свой пункт прызначэння, прыбудзе ў Азію, аб'ём паставак усё адно будзе самым нізкім за перыяд пасля сакавіка, паказвае агенцтва.

Скарачэнне экспарту і коштаў нафты прыводзіць да падзення паступленняў у расейскі бюджэт, якія паступова вяртаюцца да даваеннага ўзроўню.

Азіяцкія краіны, перш за ўсё Індыя і Кітай, сталі выратавальнай палачкай для нафтавых кампаній і бюджэту Расеі пасля таго, як яна ўварвалася ва Украіну і краіны ЕЗ рэзка скарацілі закупкі яе нафты, а ЗША і Вялікабрытанія ўвялі эмбарга. Але калі з сярэдзіны красавіка да сярэдзіны чэрвеня пастаўкі ў Азію складалі 2-2,1 млн барэляў на дзень, то з пачатку ліпеня яны трымаліся на ўзроўні каля 1,8 млн, а за тыдзень па 12 жніўня скараціліся да 1,72 млн.

Пры гэтым кітайскі імпарт, які перавышаў у траўні - пачатку чэрвеня 1,2 млн барэляў на дзень, з сярэдзіны ліпеня трымаецца на ўзроўні 0,81 млн і ніжэй, склаўшы ў апошні тыдзень 0,76 млн. За тыдзень да 25 лютага, калі пачалася вайна, кітайскія закупкі склалі 0,67 млн барэляў за дзень.

Агулам, расейскі марскі нафтавы экспарт стабілізаваўся ў апошнія тыдні на ўзроўні 3,2-3,3 млн барэляў за дзень, што больш чым на 0,5 млн ніжэй за максімумы красавіка-чэрвеня.

У жніўні ў краінах Азіі назіраецца сезонны спад спажывання, зазначаюць аналітыкі ПСБ. У верасні яны чакаюць падвышэння попыту на нафту ў Кітаі на 6% у параўнанні з бягучым месяцам, а ў Індыі, дзе сезонны рост попыту больш плаўны, магчымае павелічэнне на 10% да канца года, на іх думку.

Закупкі нафты Індыяй і далей будуць "вызначацца нашымі патрэбамі ў забеспячэнні энэргетычнай бяспекі", – сказаў на мінулым тыдні журналістам прадстаўнік індыйскага МЗС Арындам Багчы.

Эканоміка Кітая, між тым, перажывае цяжкасці: рост запавольваецца, рынак жылой нерухомасці перажывае маштабны крызіс, палітыка нулявой цярпімасці да ковід, якая праводзіцца ўладамі падрывае попыт і вытворчасць. Публікацыя ў панядзелак "сапраўды дрэнных", паводле ацэнкі Societe Generale, эканамічных звестак справакавала падзенне коштаўна нафту больш чым на 5%.

У аўторак Brent прадаецца па $93,2-96 за барэль.

Зніжэнне нафтавых коштаў і экспарту абмяжоўвае паступленні ў расейскі бюджэт. У красавіку-чэрвені нафта Brent каштавала $100-125 за барэль, з чэрвеньскага піка яна патаннела прыкладна на 25%. Пры гэтым расейскі гатунак Urals прадаецца з дысконтам больш за 30%, хаця зніжка за гатунак ESPO, пастаўкі якога з Далёкага Усходу ў Кітай выраслі ў апошнія паўгода, меншае.

Увесну паступленні ад экспартнага збору ў бюджэт складалі на максімуме $238 млн (за тыдзень па 22 красавіка), а за тыдзень да 12 жніўня - толькі $145 млн (разлікі Bloomberg з выкарыстаннем інфармацыі Міністэрства фінансаў і звестак у адсочванні судоў).

Апошні паказчык прыкладна адпавядае паступленням ад экспарту нафты ў пачатку года перад вайной, калі тыднёвы даход вагаўся ад $119 млн да $153 млн. Праўда, калі ацэньваць сярэднія паступленні за апошнія чатыры тыдні (для згладжвання ваганняў), зараз Расея ўсё яшчэ атрымлівае прыкладна на $30 млн на тыдзень больш, чым у студзені-лютым.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках