10 траўня 2024, Пятніца, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ад перамогі да перамогі

Ад перамогі да перамогі

Як імітаваная рэальнасць беларускіх уладаў сутыкаецца з сапраўдным светам.

А ты ведала, што беларускае войска ўжо які дзень ідзе ад перамогі да перамогі? А я ведаў. Таму што, калі ты раптам думала, што галоўныя ваенныя падзеі адбываюцца цяпер ва Украіне, то дарма. Міжнародныя вайсковыя гульні Армі-2022. Вось дзе правяраецца сапраўдная баявая моц і непераадольная абароназдольнасць. І беларускае войска перамагае то тут, то там, піша Telegram-канал «Лісты да дачкі».

Першае месца ў конкурсе інструментальны дуэт, золата сярод жаночых камандаў у конкурсе армейскіх сувязістаў «Упэўнены прыём», трэцяе, але ад гэтага не менш ганаровае месца, у спаборніцтвах «Ваеннае ралі». А наперадзе яшчэ «Стальная магістраль», і «Дарожны патруль» і нават «Танкавы біятлон».

Цалкам жа зразумела, што з такой арміяй не страшнае ніякае NATO. Таму што ніводнае войска NATO ні ў адным конкурсе не перамагло. Яны ў іх нават не ўдзельнічалі. Слабакі.

Украінскае войска, дарэчы, таксама не ўдзельнічала. Прынамсі ў вочных спаборніцтвах. Дык яны надумалі паўдзельнічаць завочна. У конкурсе, напрыклад, «Схаваная пагроза», чарговы этап якога прайшоў учора на расейскай вайсковай базе ў Крыме. І так паспяхова ўчора паспаборнічалі, што снарады перасталі ўзрывацца толькі сёння. Ну а што?

Расейскай арміі для канкурсантаў ніякіх базаў не шкада. Усё роўна гэтыя базы то перагрэюцца на сонца, то паляць з вялікай шкодай для абароназдольнасці.

Але вось учора расейскае мінабароны пастанавіла спыніць чараду няшчасных выпадкаў сярод сваіх боепрыпасаў і прызналася, што ў гэты раз няшчасны выпадак учынілі ўкраінскія дыверсанты. Вядома, каб прайсці ад стадыі неасцярожнага недакурка да стадыі дыверсантаў, спатрэбіўся не адзін ваенны склад.

Іншая рэч, калі ў хаўруснікаў здараецца экстрэмізм, які яны прыдумалі сабе самі. У такіх выпадках экстрэмістаў паспяваюць выкрыць раней, чым яны задумаюць свой акт экстрэмізму. Вельмі зручна.

А калі дыверсанты і экстрэмісты сапраўдныя, то ў іх лепш не прызнавацца. Таму што выдуманых дыверсантаў дастаткова перамагчы ў тэлевізары. А сапраўдных яшчэ паспрабуй знайсці. А што расейскія, што беларускія ўлады вельмі добра сябе адчуваюць у імітаванай тэлевізарам рэальнасці, але значна горш, калі гэтай рэальнасці здараецца сутыкнуцца з рэальным светам.

Таму што калі імітаваная рэальнасць сутыкаецца з рэальным светам, то высвятляюцца ўсякія непрыемныя падрабязнасці. То выявіцца, што 20 адсоткаў беларускага складніка ў айчынным матацыкле – гэта насамрэч французскі дызайн. То поспехі ў малочнай жывёлагадоўлі атрымаюць крыўдную аплявуху ад кардоннага пакавання.

А горш за ўсё імітацыя рэальнасці спраўляецца, калі справа даходзіць да вайны.

Таму што для перамогі над сучаснасцю, а не ўмоўным ворагам мала абвясціць пра перамогу ў тэлевізары. Сапраўдны вораг можа гэтую перамогу і аспрэчыць.

Хоць бы тымі ж складскімі інцыдэнтамі. Так што лепш, вядома, і далей дужацца з выдуманымі дыверсантамі. А калі нешта недзе па-сапраўднаму ўзарвалася, дык лепш абвясціць, што гэта быў перагрэў матора праз разлад палення ў выглядзе некантраляванага самазагарання.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках