19 красавiка 2024, Пятніца, 12:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі з'явіўся новы «падатак на выезд»

14
У Беларусі з'явіўся новы «падатак на выезд»

У Дзяржпамежкамітэце расказалі падрабязнасці пра выплату.

Учора, 16 жніўня, Лукашэнка падпісаў указ пра скасаванне платнага бранявання часу перасячэння мяжы. У адпаведнасці з дакументам усе кіроўцы будуць плаціць за рэгістрацыю ў электроннай сістэме і праходзіць мяжу ў парадку жывой чаргі.

Журналісты zerkalo.io патэлефанавалі на гарачую лінію Дзяржпамежкамітэта, каб даведацца падрабязнасці.

Ледзь пачуўшы пытанне, супрацоўнік, які дзяжурыць на гарачай лініі, пачаў тлумачыць, што мы рана панікуем і нічога яшчэ не вызначана.

– Людзі прачыталі, ды не дачыталі. Там нічога яшчэ не змененае. Ва ўказе прапісана: «Радзе Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасці з гэтым указам». А калі ўсё гэта прывядуць да аднаго і таго ж вызначэння, мы вам не скажам, таму што яшчэ не ўжытыя ніякія захады для рэалізацыі. Таму ўсё як працавала, так і працуе. Разумееце, указ быў, каб забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з ім, а захады пакуль што не рэалізаваныя. Можа, праз тыдзень, праз два, праз месяц... Гэта ж мы не скажам. Гэта ж Савет міністраў атрымаў такое заданне, вось яно будзе рэалізоўвацца.

– Але калі ўсё рэалізуюць, атрымліваецца, перасякаць мяжу можна будзе толькі платна?

– Ну, вось вы грамадзянка Рэспублікі Беларусь. Куды вы хочаце паехаць?

– Напрыклад, у Вільню, на выходныя.

– Значыць, трэба ў «Каменны лог». Там чэргамі займаюцца зусім не памежнікі, а «Белмытсэрвіс». <…> Альбо набіраеце ў пошукавіку belarusborder.by і на гэтым сайце бранюеце сабе чаргу. Памежнікі проста пашпарт правяраюць, чэргамі зусім іншая арганізацыя займаецца.

– Так, хоць на сайце Дзяржпамежкамітэта напісана пра электронную чаргу…

– Не, у нас гэтага няма. <…> Паедзеце вы ў Літву. Калі хочаце ў чарзе пастаяць, бясплатна пакуль можна праз «Прывалку», напрыклад, там яшчэ электронную чаргу не ўвялі, працуюць пакуль па-старому.

– А калі законы прывядуць у адпаведнасць з указам, то будзе платна ўсюды?

– Так, вядома. Ужо не памежнікі, а іншыя арганізацыі будуць займацца.

– Але атрымліваецца, што месца ў чарзе ў такім выпадку я не змагу заняць, як раней?

– Гэта ж вам ніхто не скажа, вось жа толькі Савет Міністраў будзе прапрацоўваць. Гэта проста ім далі ўказ, каб яны да ладу давялі сістэму бранявання. Яшчэ ж нічога не дзейнічае. Даручылі разабрацца, каб усім было добра.

– Але калі гэта ўвядуць, вы не ведаеце?

– У асноўным у нас акты распрацоўваюцца недзе да месяца.

Крыху пазней падобнае абгрунтаванне з'явілася на сайце Дзяржпамежкамітэта. Там падкрэсліваюць, што праект змяненняў і дапаўненняў у Пастанову Савета Міністраў нумар 1130 «Аб сістэме электроннай чаргі транспартных сродкаў у пунктах пропуску і забеспячэнні памежнай бяспекі» пакуль што толькі распрацоўваецца. А ўсе змены, якія датычацца выезду з Беларусі, пачнуць дзеянне толькі пасля афіцыйнага апублікавання новай рэдакцыі Пастановы Савета Міністраў.

Нагадаем, на гэты момант сістэма электроннай чаргі дзейнічае ў сямі пунктах пропуску. Паслуга бранявання месца ў чарзе на мяжы складала 1 базавую велічыню – 32 рублі.

Пры гэтым на тэрыторыі Гомельскай, Гарадзенскай і Берасцейскай абласцей нашай краіны ўжо дзейнічае збор памерам адна базавая велічыня (32 рублі), якую неабходна заплаціць за выезд з Беларусі на аўтамабілі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках