Reuters: Больш за палову баявых самалётаў Чарнаморскага флоту РФ выведзена са строю
7- 19.08.2022, 16:33
- 10,338
Самалёты знішчылі выбухі на авіябазе «Сакі».
Выбухі на авіябазе «Сакі» ў анэксаваным Крыме вывелі са строю больш за палову баявых самалётаў марской авіяцыі Чарнаморскага флоту Расеі. Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Reuters.
Адзін з еўрапейскіх чыноўнікаў на ўмовах ананімнасці сказаў, што Украіна цяпер паслядоўна дамагаецца «кінэтычнага эфекту» глыбока ў тыле Расеі, што мае істотны ўплыў на матэрыяльна-тэхнічную падтрымку Расеі і псіхалагічнае ўздзеянне на расейскае кіраўніцтва.
- На нашы ацэнкі, выбухі на аэрадроме «Сакі» 9 жніўня вывелі са строю больш за палову баявых самалётаў марской авіяцыі Чарнаморскага флоту, - заявіў чыноўнік.
Чыноўнік дадаў, што агулам да гэтых выбухаў вайна знаходзілася ў моманце, блізкім да аперацыйнага застою.
З ягоных слоў, наземныя войскі ніводнага з бакоў не валодаюць дастатковай канцэнтраванай баявой моцай, каб пачаць эфектыўныя наступальныя дзеянні, якія нейкім чынам істотна паўплываюць на ход вайны.
Нагадаем, што ў першай палове жніўня ў Крыме адбылася серыя буйных узгаранняў на аэрадромах з дэтанацыяй боепрыпасаў.
16 жніўня ў Крыме зноў прагрымелі выбухі. На гэты раз іх зафіксавалі пад Джанкоем, а таксама на аэрадроме ў Гвардзейскім.