20 траўня 2024, панядзелак, 18:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія туры на моры прапануюць беларускія агенцтвы на жнівень

5
Якія туры на моры прапануюць беларускія агенцтвы на жнівень

І колькі гэта будзе каштаваць.

Хоць большая частка лета ўжо ззаду, шанец злётаць на мора яшчэ застаецца. "Люстэрка" паглядзела варыянты ад беларускіх тураператараў. І прыкінула, колькі будзе каштаваць правесці 10–14 дзён на моры ў другой палове жніўня.

Турцыя

Правесці 14 начэй у чатырохзоркавым гатэлі на турэцкім курорце Кемер абыдзецца на 2,4 тысячы еўраў на дваіх.

У кошт уваходзіць пералёт з Менска (плюс 120 еўраў паліўнага збору) і пражыванне ў гатэлі з харчаваннем паводле сістэмы "ўсё ўключанае". Такі ж турпакет на дваіх дарослых, але ўжо ў пяцізоркавым гатэлі будзе каштаваць 3,2 тысячы еўраў у эквіваленце.

Ёсць пакетныя туры ў Турцыю і на 10 начэй. Напрыклад, тур з пражываннем у чатырохзоркавым гатэлі Miramor Garden Resort у Кемеры з сістэмай "усё ўключанае" будзе каштаваць блізу дзвюх тысячаў еўраў на дваіх.

Праўда, як расказалі ў турагенцтве "Ваяжтур", куды мы патэлефанавалі як прыватная асоба, вольныя месцы на вылеты засталіся толькі на канец жніўня. Цяпер у гэтым агенцтве можна замовіць тур з вылетам 24 жніўня. У іншых беларускіх турфірмаў можна знайсці прапановы і на больш раннія даты.

Егіпет

Яшчэ адзін папулярны ў беларусаў напрамак – Егіпет. Хоць тураператары папярэджваюць, што жнівень не самы ўдалы час для адпачынку ў гэтай краіне: занадта горача.

– Самалёт ляціць з дазапраўкай, таму пералёт складзе блізу 9 гадзінаў, – расказала мэнэджарка адной з беларускіх турфірмаў.

Але пакетныя туры ў гэтую краіну ўсё роўна прадаюцца. Так, напрыклад, кошт 11 начэй у Шарм-эш-Шэйху стартуе ад 1845 еўраў на дваіх.

– Пражыванне ў трохзоркавым гатэлі Desert View Sharm з сістэмай "усё ўключана". 700 метраў ад пляжу. Ёсць вылеты 27, 28 і 30 жніўня, – тлумачыць наша суразмоўца. – У кошт уваходзіць і паліўны збор – 168 еўраў. Калі браць чатырохзоркавы гатэль, напрыклад, Sunrise Remal Resort 4* у Шарм-эш-Шэйху, то на дваіх кошт будзе ўжо 2310 еўраў. Пяцізоркавыя гатэлі ідуць ад 2 950 еўраў за 10 начэй на дваіх. На гэты момант ёсць месцы на вылет з Менска 17 жніўня.

Для шчасліўчыкаў, якія маюць шэнгенскую візу, могуць прапанаваць туры з вылетам з Варшавы.

– Калі разглядаць такі варыянт, то там і час палёту будзе меншы, і кошт тура больш прыемны. Напрыклад, два тыдні ў чатырохзоркавым гатэлі ў егіпецкім курорце Таба з сістэмай "усё ўключана" абыдуцца на 1924 еўры на дваіх. Гэта разам з пералётам з Варшавы. Праўда, ахвотных падарожнічаць праз Польшчу ў нас адзінкі, – расказала мэнэджарка аднаго з турагенцтваў.

ААЭ

Кошт пакетнага тура на 11 дзён у ААЭ пачынаецца ад 1,7 тысячы еўраў на дваіх. У гэтую суму ўваходзіць пералёт з Менска, пражыванне ў гатэлі. Харчаванне – толькі сняданкі.

– Але адразу папярэджу, што ў ААЭ цяпер не высокі сезон. У жніўні там яшчэ гарачэй, чым у Егіпце. Калі глядзець гатэлі, якія працуюць з праграмай "усё ўключанае", то кошт тура ў ААЭ будзе вышэйшым — 2,5–2,7 тысячы еўраў на дваіх, – расказала спецыялістка і адзначыла, што на гэты момант па гэтым напрамку квіткоў з Менска на жнівень няма.

Некаторыя турфірмы могуць падабраць пакетныя туры ў ААЭ з Масквы. Напрыклад, "Кампанія Энівэй трэвел" прапануе 8 начэй у чатырохзоркавым гатэлі Avani Ibn Battuta Dubai з двухразовым харчаваннем і пералётам з расейскай сталіцы за 1942 еўры на дваіх. Ёсць і іншыя варыянты гатэляў.

Грузія

У Грузію беларускія турфірмы прапануюць як аўтобусныя, так і авіятуры.

Нагадаем, у траўні скарацілі палётную праграму ў Батумі, таму турагенцтвы прапануюць беларусам рэйсы ў Тбілісі і Кутаісі, што за 150 кіламетраў ад мора і грузінскага курортнага горада Батумі.

У турагенцтве "Ваяжтур", куды мы патэлефанавалі як прыватная асоба, нам прапанавалі камбінаваны тур "Тбілісі + Батумі" з "насычанай і цікавай праграмай" на 12 начэй за 2 448 еўраў. У кошт уваходзіць пералёт з Менска ў Тбілісі (зваротна – вылет з Кутаісі), трансферы да Батумі і ў аэрапорт, аглядная экскурсія і пражыванне ў чатырохзоркавых гатэлях са сняданкамі.

Аўтобусныя туры ў Грузію таннейшыя: 10 дзён на моры абыдуцца на 746 еўраў на дваіх. Дадаткова трэба будзе аплаціць турыстычную паслугу: для дарослага – 80 рублёў, для дзіцяці да 12 гадоў – 40 рублёў. У дарозе ў агульнай колькасці давядзецца правесці 4 дні.

Такі тур можна знайсці, напрыклад, на сайце турыстычнага агенцтва "Авалон-тур".

Выезды з Менска 18 і 27 жніўня. Таксама ёсць даты на верасень. Ехаць трэба будзе праз тэрыторыю Расеі з начаваннем у Нявіннамыску.

У кошт тура ўваходзяць: праезд аўтобусам, пражыванне ў гасцявым доме "Сонечны ветрык" каля мора, трохразовае харчаванне, два транзітныя начаванні са сняданкамі, экскурсіі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках