19 траўня 2024, Нядзеля, 7:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Economist: Вайна Пуціна зазнае крах

4
The Economist: Вайна Пуціна зазнае крах

Захад мае дапамагчы Украіне прыспешыць гэты працэс.

Адным са шматлікіх апраўданняў Уладзіміра Пуціна для ўварвання ў суседнюю краіну было сцвярджэнне, што ўкраінцы і расейцы - гэта нібыта адзін народ, які трэба аб'яднаць пад ягоным кіраваннем.

«Вы ўсё яшчэ так думаеце?», - спытаў прэзідэнт Украіны, пакуль украінскае войска прымушала тысячы расейскіх захопнікаў адыходзіць з Харкаўскай вобласці на гэтым тыдні.

Як піша The Economist, сарказм Уладзіміра Зяленскага быў апраўданы. Распачаты 5 верасня контрнаступ на Харкаўшчыне стала вялікай расейскай няўдачай з сакавіка, калі Пуцін быў змушаны адмовіцца ад спроб захапіць Кіеў. І важнасць аперацыі не толькі ў тым, што яна прычынілася да вызвалення 6 тысяч квадратных кіламэтраў тэрыторыі за некалькі дзён. Хаця гэта больш, чым Расея змагла акупаваць за пяць месяцаў. І не ў тым, што ўкраінскае войска захапіла танкі, гарматы і скрынкі з баявымі прыпасамі, якія расейскія жаўнеры пакінулі, хаатычна ўцякаючы. Украіна таксама ўзяла пад кантроль два транспартныя вузлы: Ізюм і Купянск. Яны неабходныя Расеі для поўнай акупацыі Данбаса ды інтэграцыі гэтага рэгіёна са сваёй тэрыторыяй.

Планы Пуціна правесці фальшывыя рэферэндумы на поўдні і ўсходзе Украіны, каб анэксаваць гэтыя тэрыторыі, цяпер прыпыненыя. Бо ўкраінскае войска наступае на абодвух кірунках. Даваць прагнозы падчас вайны - гэта заўсёды справа рызыкоўная. Але The Economist піша, што "пералом, здаецца, адбыўся". Расейская акупацыя ўсюды стрымліваецца, а Украіна пакрысе і часам нечакана касуе яе. Украінскія поспехі на полі бітвы абапіраюцца на два слупы: людзі і матэрыялы. У пытанні тэхнікі яна спакваля нарошчвае перавагу. ЗША ды іншыя прыязныя краіны адпраўляюць свае ракеты з дастатковым радыюсам дзеяння, каб змяніць варункі супрацьстаяння.

Украіна бачыць і можа дакладна ўдарыць па варожых складах баявых прыпасаў, камандных цэнтрах і лагістычных вузлах далёка за лініяй фронту. Расея да гэтага не здольная. Расейскае войска мае перавагу ў небе, але яна было задушаная мабільнымі сродкамі СПА. І калі ў Расеі заканчваюцца запасы зброі, украінскія запасы становяцца ўсё больш і больш магутным. Значна лепшая зброя NATO замяняе тую, якая засталася з часоў Варшаўскага пакту. У вымярэнні людзей тут, на думку The Economist, перавага Украіны таксама павялічваецца. Пуцін пачаў уварванне, маючы 200 тысяч жаўнераў. І гэтага з самага пачатку было недастаткова, каб акупаваць Украіну. Відавочна, расейскі аўтакрат разлічваў, што ўкраінскае супраціўленне хутка раскідаецца. Расея панесла вялікія страты. Паводле пэўных падлікаў, расейскае войска страціла 70-80 тысяч жаўнераў забітымі ды параненымі. Нягледзячы на тое, што яго вербавальнікі бегаюць па турмах і прапануюць вялікія выплаты, Пуціну цяжка замяніць гэтых людзей.

Украіна ж мае ўсё дарослае насельніцтва мужчынскага роду, даступнае для мабілізацыі. Іх мараль вельмі высокая. Збольшага дзякуючы NATO ўкраінскія жаўнеры добра забяспечаныя і лепш падрыхтаваныя. Іхняя ўпэўненасць расце толькі на фоне расейскага адступлення. Украінскія вайскоўцы ваююць за свае дамы і суграмадзян. Расейскія ж жаўнеры ваююць за купу хлусні аб тым, што Украіна нібыта пад кіраваннем пагрозлівых Расеі «нацыстаў». І што ўкраінцы быццам хочуць, каб Расея іх «вызваліла». Тэарэтычна Пуцін можа загадаць правесці ўсеагульную мабілізацыю і кінуць яшчэ больш маладых расейцаў на поле бітвы. Але ён ведае, што такі крок быў бы вельмі непапулярны. Менавіта таму ён гэтага не зрабіў. І калі б нават зрабіў, прайшло шмат месяцаў для правядзення мабілізацыі, падрыхтоўкі, узбраення і разгортвання такога падмацавання, якое напалоханае і не жадае ваяваць.

Перамога Украіны ўсё яшчэ не гарантаваная, але шлях да яе ўжо бачны. Выгнаць Расею з усіх украінскіх тэрыторый будзе цяжка. Бо трэба прымусіць расейскія войскі сысці з тых рэгіёнаў, дзе яны значна лепш замацаваліся і арганізаваліся, чым у Харкаўскай вобласці. Агульны крах расейскіх сіл нельга цалкам выключыць, але ён малаімаверны.

Таму Захад мае ўзмацніць украінскі поспех. Украіна давяла, што здольная выкарыстоўваць заходнюю зброю для вызвалення сваіх тэрыторый. Захад мае адправіць яшчэ лепшыя ўзоры, такія як ракеты ATACMS для РСЗА HIMARS, якія ўжо давялі сваю эфектыўнасць. Дагэтуль хаўруснікі вагаліся, ці перадаваць гэтыя ракеты Кіеву. Каб унікнуць эскалацыі, перадавое ўзбраенне NATO не мае абстрэльваць тэрыторыю Расеі. Украіна дакладна выканае гэтае патрабаванне, каб не адштурхнуць адпраўнікаў узбраення. Ёй таксама патрэбная надзейная плынь баявых прыпасаў для будучага наступу і браняваная тэхніка, якая дазваляе сілам хутка прасоўвацца наперад. Захад таксама мусіць падумаць, што Украіне спатрэбіцца налета, а таксама значна павялічыць праграму падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў за мяжой.

У вайне імпульс можа падтрымліваць сам сябе. Калі ўкраінцы ў акупаваных местах вераць, што захопнікі прыйшлі назаўжды, сёй-той з іх можа з часам згадзіцца або нават пачаць супрацоўнічаць. Калі яны не будуць сумнявацца ў тым, што расейцаў выганяць праз некалькі месяцаў, іхняя ініцыятыва будзе абсалютна супрацьлеглай. Яны будуць разлічваць, што апынуцца на старане, якая перамагла. Калабарантаў кінуць за краты. Чым больш Расея траціць тэрыторый, якія яна даўней акупавала, тым цяжэй ёй будзе ўтрымаць тое, што ў яе пакуль яшчэ застаецца.

І гэта яшчэ адна прычына для Еўропы супраціўляцца энэргетычнаму шантажу Пуціна. Раз ён спыніў пастаўкі газу, еўрапейскія ўрады штосілы імкнуцца паклапаціцца аб тым, каб іхнія грамадзяне не змерзлі ўзімку, прачэсваючы свет у пошуках альтэрнатыўных прадаўцоў энэргіі. Можна сварыцца наконт розных палітычных дэталяў, але галоўнае — захаваць салідарнасць, нягледзячы на боль. Між тым Пуцін сутыкнуўся з тым, што ягоная аўра непераможнага дала расколіну. Ён здушыў нязгодных у Расеі. Але незадаволенасць усё адно гучыць. Галасы расейскіх «ястрабаў» крытыкуюць хаду вайны. Нацыяналісты на расейскай тэлевізіі кажуць, што Пуціну далі няправільныя парады. Некалькі смелых рэгіянальных палітыкаў у Маскве і Санкт-Пецярбургу нават заклікалі мужчыну ў Крамлі пайсці ў адстаўку.

Трызненне старычыны

Расейская эканоміка вытрымала ціск санкцый лепш, чым чакалася. Але яна павольна стагнуе, у той час як цана энэрганосьбітаў пачала падаць. Хаця Маскве выгадна, каб яны была высокая. Захаду трэба паспрабаваць убіць клін паміж рэжымам і расейскім народам. Заходнія лідэры маюць падкрэсліваць, што яны ў канфлікце з Пуціным, а не з ягонымі падданымі. Заходнія краіны маюць вітаць уцекачоў з Расеі, асабліва з добрай адукацыяй. Расейцам, якія служылі рэжыму, наадварот, трэба забараніць атрымліваць візы. Калі пашанцуе, расейскія эліты стомяцца ад ізаляцыі, а службы бяспекі - ад таго, што тыран з трызненнем пра гістарычную веліч уцягнуў іх у вайну, у якой немагчыма перамагчы. Расея можа скончыць гэты канфлікт, калі захоча. Але супакой не будзе на ўмовах, якія першапачаткова хацеў Пуцін.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках