1 лiстапада 2024, Пятніца, 2:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Войскі РФ пасыпаліся, яны ў пастцы

14
Экспэрт: Войскі РФ пасыпаліся, яны ў пастцы

«Іскандэрам» ужо не так смешна.

З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Расея страціла больш за 50 тысяч вайскоўцаў забітымі. 6 верасня Генштаб УСУ даў справаздачу, што колькасць загінулых расейскіх ваяк у гэтай вайне перасекла адзнаку ў паўсотні тысяч, але з тых часоў расейскіх 200-х стала больш яшчэ на 3 тысячы. Аднак расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін усё адно запэўнівае, што Расея з 24 лютага нічога не страціла.

Былы дарадца міністра ўнутраных спраў і Офіса прэзідэнта Украіны, кандыдат палітычных навук і аналітык Віктар Андрусіў у інтэрв'ю «Главреду» распавёў, наколькі крытычна для расейскага войска такая колькасць страт асабовага складу, колькі Крэмль гатовы пакласці ва Украіне сваіх салдат, чаму ваяваць у нашу краіну амаль не адпраўляюць масквічоў і піцерцаў, як у Расеі вырошчваюць рэгіёны-донары жывой сілы, калі і дзе варта чакаць ад узброеных сіл РФ чарговага «жэсту добрай волі», а таксама чаму пасля паразы на Харкаўшчыне ў расейцаў цяжкае пахмелле, і іх «Іскандэрам» ужо не так смешна.

Прямой эфир телеканала FREEDOM

- Паводле звестак нашага Генштаба, страты Расеі ўжо перавысілі 50 тысяч чалавек. З вашых ацэнак, наколькі гэтая лічба блізкая да рэальнасці - колькі напраўду можа быць расейскіх 200-ых?

- Лічба, якую абвяшчае Генштаб, максімальна блізкая да рэальнасці. Пра гэта сведчаць вынікі разнастайных праверак, у тым ліку заходніх экспэртаў.

Заўсёды ўзнікае пытанне - адкуль бяруцца гэтыя звесткі, як мы даведаемся, колькі забілі салдат супраціўніка. Перш за ўсё, у нашых войскаў папярэдне ёсць інфармацыя аб тым, куды павінен быць нанесены ўдар, гэта значыць яны ведаюць і бачаць, куды б'юць, куды адпраўляюць набоі. А фактычна ўсё гэта правяраецца перахопамі, таму што расейскія вайскоўцы выклікаюць эвакуацыю або дакладваюць сваім пра страты. У нас вядзецца выведка, якая ўсё гэта слухае.

Лічба - больш за 50 тысяч - не з'яўляецца на сто адсоткаў дакладнай, але яна максімальна набліжаная да рэальнасці.

Адзіны момант. Гэтая лічба не заўсёды ўлічвае загінулых з «ЛНР» і «ДНР». Хібнасць невялікая, але ёсць: звычайна іх гіне больш, чым мы фіксуем. Да байцоў з «ЛДНР» расейскае войска ставіцца вельмі грэбліва і не надта хоча іх лічыць, бо часта гэтых людзей выкарыстоўваюць як выведвальныя групы, якія проста адпраўляюць наперад, каб іх расстралялі, каб, такім чынам, выявіць украінскую пазіцыю, з якой вёўся агонь. Таму ўлік загінулых з «ЛДНР» не надта старанна вядзецца.

А так, агулам, незалежныя заходнія ацэнкі кажуць аб тым, што звесткі нашага Генштаба - гэта максімальна блізкая да рэальнай сітуацыі лічба.

- У расейскіх афіцыйных адкрытых крыніцах наогул не знойдзеш інфармацыю аб колькасці загінулых расейцаў на ўкраінскіх франтах. Чаму так старанна хаваецца гэтая інфармацыя?

- У Расеі баяцца панікі. Баяцца, што гэтая інфармацыя пачне абмяркоўвацца ў грамадстве. Да таго ж, загінулыя - гэта як акурат сведчанне таго, што «спецаперацыя» ідзе не паводле плану. Бо калі ў планах было, каб загінула больш за 50 тысяч расейцаў, то гэта даволі дзіўны план...

Таму расейскае кіраўніцтва павінна паказваць, што страты мінімальныя, каб расейцы думалі: «Ну, пры такіх стратах можна ваяваць далей».

- Калі адштурхоўвацца ад нашай афіцыйнай лічбы - больш за 50 тысяч загінулых, наколькі крытычным для расейскіх узброеных сіл з'яўляецца такая колькасць страт жывой сілы?

- Для расейскіх узброеных сілаў гэта, сапраўды, катастрофа. Таму што ключавой праблемай расейскага войска ўжо зараз з'яўляецца нястача салдат. А праблемай гэта з'яўляецца таму, што фронт сёння складае блізу 1300 км, і, каб утрымліваць такую лінію фронту і наступаць, трэба як мінімум паўмільёна салдат.

Расейцы ж задзейнічалі ўсяго блізу 180 тысяч вайскоўцаў. Таму страта 50 тысяч істотна памяншае магчымасць Расеі ўтрымліваць лінію фронту. У выніку яны пачынаюць сыпацца, што мы ўжо бачым. Гэта значыць Расеі ўжо зараз не стае людзей для ўтрымання лініі фронту.

Таму ў пэўнай ступені наш паспяховы контрнаступ з'яўляецца вынікам таго, што ў супраціўніка надзвычай вялікая колькасць загінулых.

- Пуцін прыняў пастанову аб павелічэнні войска на 137 тысяч чалавек з наступнага года. Ці дапаможа гэта супраціўніку, як гэта паўплывае на сітуацыю?

- Не, гэта не дапаможа.

Пуцін мусіць прыняць палітычную пастанову аб тым, што Расея вядзе вайну супраць Украіны. Ён павінен назваць цяперашнія падзеі не «спецаперацыяй», а вайной. Толькі пасля гэтага ў Расеі можна будзе праводзіць мабілізацыю. І тады будзе вызначана, колькі менавіта людзей мабілізаваць.

Пуцін хоць зараз можа сказаць, што ў РФ мабілізуюць мільён чалавек, але гэта смешна, бо гэты мільён трэба адзець, пасадзіць на тэхніку, пракарміць і навучыць.

- Ці з'яўляецца такая колькасць страт для Расеі пэўным рубяжом, які прымусіць расейскае кіраўніцтва пераглядаць свае планы што да гэтай вайны, стыль яе вядзення? Што будзе мяняцца, улічваючы гэтыя лічбы?

- Напраўду, не мае значэння, ці ўлічвае Крэмль гэтыя лічбы. Таму што ў расейскага кіраўніцтва проста няма іншых варыянтаў дзеянняў, акрамя тых, якія яно зараз прымае. У Крамлі не могуць спыніцца і абвясціць аб спыненні вайны. Хаця да гэтага відавочна ідзе, і такая колькасць страт больш за ўсё гэты крок стымулюе…

З маральнага пункту гледжання, у расейскага кіраўніцтва няма болю наконт страты сваіх. Дакладней у яго гэта фізічная кропка болю, таму што ў расейскім войску, па-першае, бракуе людзей, а, па-другое, войска РФ дэмаралізаванае. Гэта два ключавыя наступствы такой колькасці загінулых.

Яшчэ раз - з маральнага пункту гледжання, у Расеі ніякіх праблем у сувязі з такой колькасцю страт жывой сілы няма. Бо расейскае кіраўніцтва зараз не можа рабіць нічога іншага, таму што гаворка ідзе пра яго выжыванне. Гэта значыць, калі зараз у Крамлі пачнуць рабіць нейкія рэзкія рухі (тыпу звальнення Шайгу), фактычна яны прызнаюць, што іх план праваліўся. А расейскі народ не ўспрыме такі правал, бо расейцы прызнаюць уладу, якая пацярпела паразу, слабай. Іншымі словамі, калі расейская ўлада праяўляе слабасць, яна пачынае сябе закопваць і стварае перадумовы для таго, каб яе скінулі ці змянілі.

Нават калі б расейскім кіраўнікам было б балюча праз страты, яны ўсё адно павінны працягваць вайну, таму што такім чынам кажуць, што ў іх яшчэ ёсць шанец атрымаць перамогу. Няўдача у вайне - гэта для іх каласальная катастрофа. Таму, пакуль яны могуць не прызнаваць сваю паразу, яны яе не будуць прызнаваць. Гэта пытанне выжывання Пуціна і захавання ягонай улады.

- Колькі сваіх Расея гатова яшчэ пакласці ва Украіне дзеля дасягнення мэт Пуціна? Расея - як народ і як улада…

- Гэта можа быць і мільён. У расейцаў няма паняцця каштоўнасці жыцця - жыццё салдата ў РФ мае каштоўнасць толькі ў выпадку, калі ён загінуў, гераічна абараняючы іх вар'яцкую імперыю.

З-за вялікай колькасці страт у Расеі не адбудзецца пералом ва ўспрыманні гэтай вайны. Для расейцаў значна большым пераломам з'яўляецца тое, што УСУ разбілі расейскія войскі пад Харкавам.

Расейскае грамадства даведалася, што расейскае войска можна нішчыць, ды яшчэ і ў такіх маштабах. Расейцы ўвесь час думалі: «Мы наймацнейшыя і ўсім тут пакажам. Ха-ха-ха, не смяшыце нашы Іскандэры». Цяпер у іх пахмелле, таму што раптам прыйшло ўсведамленне, што ўвесь гэты пафас і чад, у якім яны жылі - хлусня.

Расейцы не баяцца страчваць людзей - яны баяцца саступіць. Гэта вельмі важны момант. Таму мы павінны думаць толькі аб тым, як нанесці расейцам паразу.

— Чаму ў расейскім войску ваююць і гінуць пераважна людзі з невялікіх гарадоў, вёсак, богам забытых месцаў? Чаму сярод іх амаль няма масквічоў і пецярбуржцаў? Чаму іх не чапаюць, калі дойдзе чарга да іх?

- Гэтак жа было ў савецкія часы, і гэтая сістэма захавалася ў расейскім войску. Сутнасць гэтай сістэмы ў тым, што ў Расеі ёсць цэлыя рэгіёны, прызначэнне якіх адно - быць донарам жывой сілы.

Расея насамрэч з'яўляецца вельмі багатай краінай. Паводле аб'ёмаў сродкаў, якія РФ атрымлівае за нафту і газ, яна абсалютна не саступае Савудаўскай Арабіі, але Расея нават блізка да яе непадобная. Бо ўсе сродкі застаюцца ў Пецярбургу і Маскве. Узнікае пытанне - чаму не пабудаваць дарогі ці нейкую інфраструктуру ў Дагестане ці Бураціі, ці яшчэ недзе? Дык вось, гэтага нельга рабіць, бо тады ўзнікне праблема з наборам салдат у расейскае войска. Гэта значыць, калі ў такіх рэгіёнах-донарах з'явіцца праца і нейкія магчымасці, людзі не будуць выбіраць войска як сацыяльны ліфт.

Менавіта такой была палітыка Савецкага Саюза - трымаць пэўныя рэгіёны выключна як донараў жывой сілы для войска.

Уласна, тое ж самае зараз і адбываецца ў Расеі. У таго ж бурата ў жыцці няма опцый, акрамя як пайсці ў войска. Таму што войска ў рэгіёнах-донарах выконвае ролю сацыяльнага ліфта і з'яўляецца шанцам для насельніцтва чагосьці дабіцца ў жыцці. Інакш увогуле няма ніякіх варыянтаў.

- Але ж бураты і дагестанцы небясконцыя. Чаму Расея іх так заўзята, прашу прабачэння за грубае слова, «утылізуе» ў вайне ва Украіне?

- Я б так не казаў, таму што Дагестан - на першым месцы паводле нараджальнасці ў Расеі.

Ды і Расея не «ўтылізуе» буратаў і дагестанцаў, бо яна не збіралася іх тут забіваць - яна збіралася нас захапіць. Проста так склалася, што яны... «утылізуюцца».

Але, з эканамічнага пункту гледжання, Расея сапраўды «ўтылізуе» тут беспрацоўных.

- Ці паспявае, на вашую думку, Расея рыхтаваць новых салдат, а, тым больш, афіцэраў, здольных кіраваць і камандаваць войскамі?

- Паказальная апошняя няўдача расейскага войска на Харкаўшчыне. Поспех украінскага войска ў тым, што мы ў 2014 годзе зразумелі большасць праблем постсавецкага войска і пачалі іх развязваць. І зараз у нас няма праблемы з камандзірамі сярэдняга звяна (а вайна, насамрэч, трымаецца менавіта на гэтых камандзірах, у першую чаргу, сяржантах).

А расейцы гэтага не зразумелі. Яны думаюць, што ўсё ў вайне залежыць ад тэхнікі: калі ў цябе дастаткова тэхнікі, ты будзеш усіх перамагаць.

А мы ўжо ведалі, што вайна трымаецца на лідарстве - на лідарстве асобных камандзіраў і аддзяленняў. Таму ў цяперашняй вайне мы асабліва адрозніваемся высокай эфектыўнасцю ўзводаў, рот і да таго падобнага, таму што там вельмі магутныя камандзіры - сапраўды баявыя хлопцы, зараджаныя, якія не баяцца прымаць пастановы і самааддана ваююць.

А ў расейскім войску ўсе пастановы павінны прыйсці зверху. І салдаты павінны дачакацца ўсіх пастаноў, каб пачаць нешта рабіць. То бок, ініцыятывы на нізе ў іх амаль няма.

Гэта мы і ўбачылі на Харкаўшчыне: як толькі мы нанеслі ўдар у Харкаўскай вобласці, расейцы проста разгубіліся. І гэта пры тым, што іх войскі па колькасці былі нават большыя, чым нашы. Але кіраванне гэтымі войскамі зусім бяздарнае, бо няма ініцыятывы і няма камандзіраў.

І расейцы не могуць зараз развязаць гэтае пытанне, бо для гэтага патрэбны гады. Таму, з пункту гледжання кіравання, яны ўжо нічога не могуць зрабіць. Яны могуць колькі заўгодна мяняць сваіх кіраўнікоў ці назвы груповак, але немагчыма змяніць саму сістэму войска, якая зайшла на тэрыторыю Украіны. А гэтая сістэма вельмі неэфектыўная.

Што да людзей, якіх цяпер набіраюць у расейскае войска, рыхтуючы новыя вайсковыя карпусы... Вось цяпер прыехаў 3-й вайсковы корпус - ён недазбіраны. У Расеі правалілася вясновая кампанія набору, бо ўдалося сабраць толькі 70% навабранцаў. Цяпер у іх таксама дрэнна прасоўваецца восеньская кампанія.

Праблема Расеі ў тым, што, нават калі яна зараз прывязе сюды новых 100-200 тысяч вайскоўцаў, яны будуць значна горш падрыхтаванымі, чым тыя, што ў нас былі ў пачатку вайны. Гэта значыць фактычна якасць расейскіх салдат, якія будуць прыязджаць ва Украіну, будзе горш: пераважна гэта людзі без баявога досведу, якія не мелі належнай падрыхтоўкі, якія не ўдзельнічалі ў вучэннях і да таго падобнае. Такія салдаты не вырашаюць сітуацыю на фронце, а ствараюць пэўныя праблемы. Магчыма, гэта будзе дапамагаць расейцам неяк утрымліваць ужо акупаваныя тэрыторыі, але гэта ніякім чынам не дазволіць ім прасоўвацца далей ці дасягаць сваіх мэт.

- Улічваючы паразу на Харкаўшчыне і колькасць страт, якія нясе Расея ў вайне з Украінай, як, на вашую думку, змяняецца настрой саміх расейскіх вайскоўцаў? І на што ўвогуле будзе здольнае такое войска?

- Расейскія войскі страчваюць баявы дух, але яны яшчэ вельмі далёкія ад таго, каб гэтая страта баявога духу пачала перарастаць у пратэстныя настроі, адмову ваяваць і таму падобнае. Расейскі народ усё сваё жыццё жыў з царамі, і для яго воля цара - святая. Гэты прынцып выяўляецца і ў войску: камандзір сказаў - будзем выконваць, калі не можам выканаць, ці гэта быў дурны загад, значыць, проста не пашанцавала.

Я чытаю шмат перахопаў размоваў расейскіх жаўнераў і выразна бачу, што яны цалкам разгубленыя і дэматываваныя. Але пры гэтым у іх няма волі пачаць нешта рабіць, нешта мяняць. І зараз гэта яшчэ не той этап, калі такая воля можа з'явіцца. Цяпер упершыню за ўсю вайну толькі запусціўся працэс, калі ў Расеі ўлада пачала выглядаць слабай і хлуслівай. Гэты працэс будзе набіраць абароты, і, думаю, да вясны, калі мы захаваем тэндэнцыю свайго прасоўвання і не дадзім расейцам дабіцца асаблівых поспехаў, дойдзе да таго, што ў Расеі і яе войску пачне разгортвацца сур'ёзная пратэстная актыўнасць.

На гэтым этапе страта баявога духу ў расейскіх войсках прыводзіць да таго, што яны не жадаюць эфектыўна ажыццяўляць баявыя аперацыі. Напрыклад, расейскія гелікаптэры ўжо стараюцца не лятаць над нашымі салдатамі, хаця ім і даецца такое ўказанне. Іх самалёты гэтак жа - узлятаюць, дзесьці адстрэльваюцца і ляцяць прэч, таму што ўсе хочуць жыць. То бок, у расейцаў ужо няма матывацыі за нешта змагацца, чагосьці дасягаць. І гэтая матывацыя ў іх ужо і не з'явіцца... Каб яна з'явілася, яны павінны дасягнуць нейкага неверагоднага поспеху на фронце. А яны ўжо апынуліся ў такой пастцы, калі гэта проста немагчыма, бо ім фізічна не стае сілы.

- Дарэчы, як крах Расеі на Харкаўшчыне можа адбіцца на далейшым ходзе вайны? Можа быць, мы зараз можам спадзявацца на чарговы «жэст добрай волі» з боку расейцаў пад Херсонам, напрыклад?

- Пасля паразы на Харкаўшчыне расейцы пераходзяць да абарончай аперацыі. Таму што зараз у іх няма сіл, каб весці нейкія актыўныя наступальныя дзеянні. Яны будуць працягваць атакаваць маленькія вёскі і выдаваць гэта за нерэальную перамогу. Але для правядзення маштабнай наступальнай аперацыі ў іх сёння няма ніякіх магчымасцей і сіл. У Расеі нешта там спрабуюць рыхтаваць, але гэта не мае значэння, таму што там ужо відавочны і недахоп тэхнікі, плюс тэхніка старая, непараўнальная, і недахоп «Калібраў» і «Іскандэраў» (мы гэта бачым па тым, што значна менш атрымліваем сігналаў аб паветранай трывозе). Таму расейцы зараз будуць пераходзіць да абарончай аперацыі.

Зрэшты, ніякія «жэсты добрай волі» расейцы не робяць без нашага «чарадзейнага выспятка». Таму «жэсты» сапраўды будуць, але выключна там, дзе мы ім у гэтым дапаможам. Я зараз не хачу казаць, што гэта адбудзецца менавіта пад Херсонам, таму што зараз ёсць значна больш перспектыўныя кірункі…

Наша камандаванне даказала, што яно ваюе, думаючы, гэта значыць выбіраючы тыя мясціны ўдару, якія вядуць да вялікіх наступстваў. Так, напрыклад, нанясенне ўдару пад Харкавам пасыпала цэлы фронт. Такія пункты ёсць, і наша камандаванне зараз вызначаецца наконт нанясення наступных удараў.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках