У Афрыцы плануюць пабудаваць падводны газаправод з Нігерыі ў Марока, каб пастаўляць газ у ЕЗ
12- 19.09.2022, 18:30
- 7,370
Замест РФ.
Нігерыю і Марока можа злучыць самы доўгі ў свеце падводны газаправод. Ім можна будзе пастаўляць прыродны газ з Афрыкі ў ЕЗ, які скарачае закупкі ў расейскага Газпрама, піша «Новое время».
На мінулым тыдні ў Рабаце (Марока) быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні аб праекце газаправода, які злучае Нігерыю і Марока. Па ім таксама будзе пастаўляцца прыродны газ у краіны Заходняй Афрыкі і Еўропы.
Дакумент падпісалі кіраўнікі National Nigerian Petroleum Company Limited (NNPC), Maroccan Office of Hydrocarbons and Mines (ONHYM) і чыноўнік Эканамічнай супольнасці дзяржаў Заходняй Афрыкі (ECOWAS), адказны за энэргетыку. Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве падпісантаў.
Падпісаны тэкст «Пацвярджае абавязацельства ECOWAS і ўсіх прыцягнутых краін спрыяць здзяйсняльнасці гэтага важнага праекта», – гаворыцца ў заяве.
Афрыканскія СМІ паведамляюць, што праект ажыццяўляецца ў геапалітычным кантэксце, які адрозніваецца высокім міжнародным попытам на газ і нафту і рэзкім ростам коштаў пасля ўварвання Расеі ва Украіну.
Праект закране 16 краін Афрыкі. Газаправод працягласцю 6000 км перасячэ 13 афрыканскіх краін уздоўж узбярэжжа Атлантычнага акіяна, а таксама будзе пастаўляць газ у краіны, якія не маюць выхаду да мора: Нігер, Буркіна-Фасо і Малі.
Чакаецца, што магутнасць газаправода будзе 5 млрд куб. м газу на год.
У перспектыве яго падключаць да газаправода Магрыб-Еўропа (MEG), які злучае Марока і Гішпанію.
Кошт будаўніцтва ацэньваецца на $25 млрд, якія могуць быць прафінансаваныя з некалькіх крыніц. Упершыню пра яго стала вядома ў канцы 2016 года. Аднак канкрэтных тэрмінаў рэалізацыі праекту няма.
У канцы ліпеня гэтага года міністры энэргетыкі Алжыра, Нігерыі падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні ў рэалізацыі мегапраекта-канкурэнта Транссахарскага газаправода (TSGP) працягласцю больш за 4000 км для транспартавання нігерыйскага газу ў Еўропу праз Нігер і Алжыр.
Нігерыя займае першае месца ў Афрыцы з даказанымі запасамі прыроднага газу. Даследаваныя запасы газу ў Нігерыі - не менш за 5,8 трлн кубаметраў, прагназавана - да 17 трлн кубаметраў. Краіна ўжо з'яўляецца прыкметным гульцом на рынку ЗПГ.