30 красавiка 2024, aўторак, 12:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Хара: ЗША паслалі Пуціну важны сігнал

19
Аляксандр Хара: ЗША паслалі Пуціну важны сігнал
Аляксандр Хара

Пункт невяртання ўжо Расеяй пройдзены.

Як ва Украіне адрэагавалі на абвешчаную Пуціным мабілізацыю? Ці чакаць пратэстаў у РФ? Чаго баіцца Лукашэнка?

На гэтыя і іншыя пытанні ў інтэрв'ю сайту Charter97.org адказаў украінскі дыпламат і палітолаг, экспэрт фонду «Майдан замежных спраў» Аляксандр Хара.

- Загадзя было вядома, што Пуцін абвесціць частковую мабілізацыю. Як на гэта адрэагавалі ва Украіне?

- Нічога новага Пуцін не сказаў. Адпаведна, яго дзеянні і словы паказваюць, што спадар Эрдаган не меў рацыі, кажучы пра тое, што Пуцін гатовы да спынення вайны. Вайна будзе працягвацца, у палітычным сэнсе будзе эскалацыя, у ваенным плане Крэмль можа эскалаваць толькі адно - выкарыстанне ядзернай зброі супраць Украіны. У Расеі няма дастатковай колькасці ні ракет, ні авіяцыі, ні танкаў, ні падрыхтаванай жывой сілы, каб пераламаць сітуацыю ва Украіне. Адпаведна, Пуцін спрабуе нейкім чынам утрымаць тыя пазіцыі, якія ёсць, на гэта накіраванае абвяшчэнне мабілізацыя. Яна нічога зусім не дасць расейскім узброеным сілам неўзабаве. Тэарэтычна, мабілізацыя можа падрыхтаваць дастатковую колькасць людзей да вясны, паколькі тры-чатыры месяцы трэба для таго, каб навучыць нейкую колькасць людзей, здольных ваяваць, а не проста навабранцаў.

Фактычна, гэта таксама быў сігнал, што вайна Пуціна ва Украіне правалілася. Наступным быў зварот Шайгу, міністра абароны РФ, дзе той сказаў, што «яны страцілі ўвогуле крыху больш за пяць тысяч вайскоўцаў». З украінскіх падліках гэтая лічба заніжана прыкладна ў дзесяць разоў. Нават калі паверыць, што Шайгу не хлусіць, хаця гэта складана зрабіць, пяць тысяч яны страцілі, але для таго, каб развязаць праблему з Украінай, ім трэба дадаткова мабілізаваць 300 тысяч. Нягледзячы на тое, што яны спрабуюць хаваць сумную сітуацыю для расейскіх сілаў уварвання, іх дзеянні кажуць шмат аб чым. Таксама ў іх ужо няма магчымасці стоенай мабілізацыі. Ідыётамі-добраахвотнікамі, якія гатовыя за міску супу і пачак тытуню аддаць сваё жыццё, расейскае войска не можа кампенсаваць тыя страты, якія панесла з 24 лютага. Таму яны ўводзяць гэтую частковую мабілізацыю.

Трэба ўлічваць, што Расея жыве ў оруэлаўскім свеце. Калі не было мабілізацыі наогул, насамрэч была прыхаваная мабілізацыя, да баявых дзеянняў спрабавалі прыцягнуць былых вайскоўцаў, тэрміновай службы прымушалі падпісваць кантракты і нават дайшлі да таго, што зняволеных сталі адпраўляць на вайну. Прыватныя ваенныя кампаніі ў Расеі забароненыя, іх як бы няма, але па факце ёсць «Вагнер». Таксама да гэтага прыцягваліся і замежныя баевікі. То бок, калі не было афіцыйнай мабілізацыі, былі такія мерапрыемствы. Цяпер, пры афіцыйнай частковай мабілізацыі, можна казаць пра тое, што будуць грэбсці ўсіх пад грабянец і спрабаваць затыкаць гэтым мясам тыя дзіркі, якія ўтварыліся ў сувязі з бяздарнымі дзеяннямі расейскіх вайсковых кіраўнікоў і, адпаведна, вельмі паспяховымі хадамі ўкраінскіх.

Але нічога для нас гэта не мяняе, вайна для Украіны працягваецца, горш, чым было, быць у прынцыпе не можа. Расейцы не здольныя нічога зрабіць. Паўтаруся яшчэ раз - адзінае, што яны могуць зрабіць, гэта нанесці ядзерны ўдар. Пуцін пра гэта сказаў, ён шантажуе гэтым найперш Захад, а не Украіну, спрабуе дэматываваць тыя краіны, якія нас падтрымліваюць і даюць нам ваенную дапамогу. Гэта больш сігнал Бэрліну і Парыжу, чым Вашынгтону. Але фактычна гэта нічога не мяняе. Нават калі б Расея паспела згенераваць 300 тысяч вайскоўцаў у найбліжэйшы час, а гэта проста немагчыма, прапорцыі сіл гэта асабліва не змяніла б.

Яшчэ трэба сказаць на тэму маралі: прынятыя змены ў Крымінальны кодэкс Расейскай Федэрацыі аб тым, што ваяры, якія добраахвотна здаюцца ў палон могуць атрымаць да дзесяці гадоў турэмнага зняволення, паказваюць, што з мараллю ў іх ёсць праблемы. Яны ваююць за чужую зямлю, у вайне бессэнсоўнай, у якой яны нічога не атрымаюць. У найлепшым выпадку іх бацькі атрымаюць «Ладу Каліну», а так для расейцаў гэта зусім вар'яцкая вайна.

- Ці могуць пачацца пратэсты, калі ў РФ пойдзе новая сціжма трун?

— Я ў гэтым сэнсе скептычна стаўлюся да расейскага грамадства. Пачнём з таго, што большая частка тых, хто быў больш-менш актыўны і выступаў супраць Пуціна, ужо недзе за мяжой, у балтыйскіх дзяржавах, Польшчы, Грузіі. І гэты адток будзе працягвацца ў іншых кірунках. Адпаведна, няма тых людзей, якія мелі нейкі досвед арганізацыі пратэстаў.

Другі момант - паглядзіце на Навальнага, ён зрабіў акцэнт на барацьбе з карупцыяй і іншымі рэчамі, не казаў пра злачыннасць гэтай улады, што яна незаконна ўтрымліваецца, што ніякіх выбараў у Расеі даўно няма. Ён нічога не казаў наконт гэтай вайны. Таму, груба кажучы, я не бачу лідараў, якія маглі б арганізаваць пратэсты. Расейскае грамадства - гэта вельмі атамізаваная субстанцыя, не думаю, што ў іх нешта выявіцца, нешта калыхнецца пасля Бучы, Ірпеня, пасля таго, як пачалі труны прыходзіць у розныя раёны іх краіны. Расейцы асабліва не выходзілі супраць таго, што знішчаюцца малыя народы Расейскай Федэрацыі, якія і ў мірны час не асабліва добра жылі, а зараз проста кінутыя ў топку.

Паглядзіце, што адбываецца ў Іране. Там адно забойства ў рэжыме не менш таталітарным, які не менш кантралюецца спецслужбамі, выклікала такія масавыя пратэсты. У Расеі генацыдальная вайна супраць Украіны выклікае асобныя гераічныя ўчынкі людзей з вялікай літары, у мяне нават не паварочваецца язык расейцамі іх назваць, проста людзі з вялікай літары, якія выходзяць на адзіночныя пікеты і ўсё такое. Фактычна расейцам проста пляваць на тое, што адбываецца, альбо яны гэта падтрымліваюць. Хутчэй за ўсё, яны будуць проста спрабаваць ухіляцца ад адпраўкі на вайну, гэта максімум супраціву, на які зараз расейцы здольныя.

Для мяне важным пацвярджэннем маёй тэорыі было інтэрв'ю жанчыны, якая ўзначальвае Саюз салдацкіх маці. Яна была актыўнай абаронцай гэтых салдат, пачынаючы з вайны ў Афганістане. Натуральна, яна памятае цудоўна чачэнскія войны, не кажучы ўжо пра Грузію, Украіну, Сірыю, Дэмакратычную Рэспубліку Конга, дзе там цяпер яшчэ расейцы ваююць.

Дык вось, яна была шакаваная, кажа, што маці і жонкі тых людзей, якія знаходзяцца ў палоне, баяцца і не гатовыя звяртацца ў ваенкаматы, вайсковыя часці ці вайсковым пракурорам для таго, каб выратаваць сваіх дзяцей і мужоў. Гэта значыць узровень быдлячасці, інакш гэта не назавеш, у расейскім грамадстве дайшоў да такога ўзроўню, што нельга чакаць, што нешта адбудзецца, нешта варухнецца ў іх душах і яны пойдуць супраць фюрара «расейскага свету». Жадаў бы памыляцца, але дваццаць гадоў пуцінскага рэжыму дарма не мінулі.

- Вы згадалі пагрозы Пуціна краінам Захаду. Якой будзе іх рэакцыя на гэтак званыя рэферэндумы і мабілізацыю ў РФ?

- На псеўдарэферэндумы рэакцыя ўжо была, іх ніхто не збіраецца прызнаваць. У 2014-м годзе ў Пуціна была магчымасць правесці «рэферэндум» больш-менш прыгожа і ён паспрабаваў гэта зрабіць у Крыме. Але вынікам стала непрыманне гэтых псеўдамерапрыемстваў усім цывілізаваным светам. Хачу нагадаць, што 27 сакавіка 2014 года Генеральная Асамблея ААН галасавала за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. За тое, што «Крым - расейскі» тады прагаласавалі сябры Пуціна: Арменія, Беларусь, Балівія, Венесуэла, Зімбабвэ, Паўночная Карэя, Куба, Нікарагуа, Сірыя, Судан. Як бачна, гэта спіс вельмі «дэмакратычных» дзяржаў, дзе правы чалавека і вяршэнства права проста «квітнеюць».

Пуцін хоча ўсё гэта пракруціць для таго, каб паказаць расейскаму плебсу, што ён нібыта пашырае тэрыторыі. У яго было выступленне з нагоды юбілею Пятра I, дзе ён сказаў, што «той нічога не заваёўваў, а толькі вяртаў». І Пуцін у гэтым сэнсе кажа, што ён вяртае тэрыторыі, якія «паводле права», як ён мяркуе, належаць Расеі. Гэта адзін момант.

Другі момант - як кажуць заходнія экспэрты, ён хоча назваць захопленыя тэрыторыі Расеяй, тады ўкраінскія ўдары па гэтых тэрыторыях будуць лічыцца як абвяшчэнне вайны. Але гэта поўнае трызненне, таму што ніхто не прызнае гэта расейскай тэрыторыяй, гэта раз. Па-другое, украінскія ўзброеныя сілы наносілі ўжо ўдары па тых тэрыторыях, якія Расея лічыць сваімі. Я маю на ўвазе Аўтаномную Рэспубліку Крым, горад Севастопаль, па ўласна расейскай тэрыторыі, той жа Белгарад. Груба кажучы, Пуцін не выкарыстоўваў падставу ўкраінскіх удараў па расейскай тэрыторыі для абвяшчэння шырокамаштабнай вайны і ўсеагульнай мабілізацыі. Тады навошта яму гэта рабіць зараз?

Але самае галоўнае - усё гэта нічога не мяняе. Украіна знішчыла большую частку баяздольнага расейскага патэнцыялу тэхнікі і жывой сілы. Не гледзячы на свае 140 мільёнаў насельніцтва, сваю эканоміку, вялікую колькасць танкаў, ракет і іншага металалому, якія застаўся, абаронны комплекс, які спрабуюць узмацніць, Расея ўсё роўна проста не здольная зрабіць нічога такога, што адрознівалася б ад таго, што мы бачылі цяпер. Наадварот, нашы паспяховыя ўдары на Харкаўскім, Данецка-Луганскім і часткова Херсонскім кірунках, фактычна зрабілі немагчымымі для Расеі найбліжэйшым часам шырокамаштабныя наступальныя дзеянні супраць украінскіх узброеных сіл. Тое, што расказвае Пуцін, гэта проста палітычная рэальнасць, якую ён стварыў у сваёй галаве. Расейцы ў гэтым жывуць і ён спрабуе цягнуць гэта на Захад.

Але Захаду ад гэтага ні холадна, ні горача. Нашы найбліжэйшыя сябры і суседзі - Польшча, балтыйскія дзяржавы, Злучанае Каралеўства - будуць нас падтрымліваць і далей. Таксама і Злучаныя Штаты, якія з'яўляюцца самым буйным нашым пастаўшчыком узбраенняў і фінансавай дапамогі. Спадар Байдэн не збіраецца адмаўляцца ад курсу на тое, што Украіне будзе нададзеная падтрымка ў тым аб'ёме, у якім яна неабходна для заканчэння гэтай вайны на прымальных для Украіны ўмовах. Апошняе ягонае інтэрвію гэта вельмі добра паказала, Байдэн выразна выказаўся наконт выкарыстання Расеяй ядзернай зброі. Ён тры разы сказаў Пуціну не прымяняць гэтую зброю, таму што можа паўтарыцца Другая сусветная вайна. Ён не стаў расшыфроўваць, што гэта азначае, але калі ўзяць пад увагу словы Бэна Ходжэса, былога камандзіра амерыканскімі сіламі ў Еўропе, то пры магчымым ядзерным удары па Украіне адказ можа быць нават не ядзерным, але разбуральным для Расеі. Напрыклад, ЗША могуць поўнасцю знішчыць групоўку Чарнаморскага флоту РФ, альбо ў Калінінградзе. І нічога не спыніць амерыканцаў, яны зробяць гэта. ЗША даслалі Пуціну такі сігнал.

Натуральна, Пуцін разумее, што не зможа адказаць ядзерным ударам па тэрыторыі Злучаных Штатаў ці іх хаўруснікаў з NATO. Груба кажучы, ён проста пакажа сваю няздольнасць рэалізаваць тыя пагрозы, якія агучыў. Я падзяляю такі пункт гледжання, што Пуцін можа нападаць і тэрарызаваць толькі тыя дзяржавы, якія ён разглядае як слабыя, а перад тымі, якія паказваюць рашучасць, ён адступае. Таму Захад не ўспрыме гэтыя псеўдарэферэндумы, працягне надаваць Украіне падтрымку. І генацыд, які ўчынілі расейцы на тэрыторыі Украіны, гэта адзін з важных элементаў у той сістэме матывацыі, якой карыстаюцца нашыя заходнія партнёры ў пытаннях падтрымкі Украіны.

- Лукашэнка таксама заявіў аб падрыхтоўцы да пераходу на ваенны час і ўжо некалькі дзён агучвае свае начныя кашмары: кажа пра полк Каліноўскага і беларускіх добраахвотнікаў. Чаму ён пачаў так актыўна прагаворваць свае страхі?

- Першае і самае галоўнае чаго ён баіцца, - гэта страціць сваю ўладу. Выключна ўсе яго рэверансы аб сяброўстве, супольным бачанні пагроз разам з Пуціным, просьбы размясціць на тэрыторыі Беларусі ядзерную зброю, - гэта ўсе спробы падацца неабходным, адыграць гэты нумар. Але Лукашэнка загуляўся, ён зрабіў вялікія памылкі, перш за ўсё - калі пачаў душыць пратэсты. Тыран хоча ўтрымацца ва ўладзе, ён забівае або саджае ў турмы канкурэнтаў, душыць сродкі масавай інфармацыі. Зразумела, што гэта прыводзіць да пратэстаў, якія трэба потым задушыць, узмацняць сілавы апарат. Гэта не падабаецца дзяржавам, у якіх дэмакратычныя каштоўнасці з'яўляюцца важнымі складнікамі ўнутранай і замежнай палітыкі, яны пачынаюць уводзіць санкцыі і ізаляваць гэты рэжым.

Ягоны рэжым стаў суўдзельнікам пуцінскай агрэсіі, і цяпер беларуская дзяржава з'яўляецца такім жа агрэсарам для Украіны з пункту гледжання міжнароднага права, як і Расейская Федэрацыя. Адпаведна, у такіх умовах ніякага манеўру паміж Расеяй і Захадам у яго ўжо няма, ён павінен даказваць сваю неабходнасць, незаменнасць, адданасць фюрару «расейскага свету». Таму я б ужо не звяртаў асабліва ўвагі на Лукашэнку ў гэтым сэнсе, ён жыве і кіруе выключна з двух прычын: першае - гэта расейскія грошы, другая - расейскія штыкі. Больш ніякіх іншых рэсурсаў, ні міжнароднай падтрымкі, ні нейкай жыццяздольнай эканомікі, якая дазваляла б яму трымацца на плаве, у яго няма. Таму Лукашэнка з'яўляецца прыдворным блазнам, не разумеючы, наколькі гэта выглядае смешна. Ён, вядома, думае крыху па-іншаму. Але ў гісторыю Лукашэнка ўвойдзе як тыран-вар’ят, інакш яго назваць неяк складана.

- Ці можа расейская сістэма, якая і так працавала на грані, разваліцца ў выніку такіх экстраных мер, на якія ідзе Крэмль?

- Гэта складанае пытанне. У савецкія часы таксама была імперыя зла, імперыя падману, не было дакладнай інфармацыі, не было сацыялагічных апытанняў сапраўдных, не было статыстычнай інфармацыі аб эканоміцы і гэтак далей. Літаральна некалькі тыдняў таму прафесары Ельскага ўніверсітэта апублікавалі даследаванне, дзе кажуць аб сур'ёзным негатыўным уплыве заходніх санкцый, нягледзячы на ўсё трызненне расейскай прапаганды. Проста Расея занадта вялікая дзяржава для таго, каб прынятыя захады хутка спрацавалі.

Крэмль спрабуе выкарыстоўваць падзел свету фактычна на тры часткі: ёсць вольны свет, ёсць тыранія і ёсць краіны, якія развіваюцца або не далучыліся, як яны ў савецкія часы называліся, з кім можна мець справу і якім усё адно, што забіваюць украінскіх дзяцей. Яны спакойна будуць купляць расейскую нафту з вялікім дысконтам. Таму нам складана ацаніць тое, калі гэтая машына будзе няздольная з існымі рэсурсамі задавальняць патрэбы кіроўнай эліты і насельніцтва, калі яе эканоміка пачне развальвацца. Сацыякультурныя сістэмы надзвычай складаныя для таго, каб прадказаць такія рэчы.

Адназначна, што пункт невяртання ўжо пройдзены Расейскай Федэрацыяй. Калі ўзяць эканоміку, мы бачым, што ў расейскіх ракетах выяўляюцца чыпы з пралак, гэта кажа шмат аб чым. Мы цудоўна ведаем, што Расея не здольная вырабляць высокатэхналагічныя рэчы, тым больш ва ўмовах санкцый і экспартнага кантролю, якія былі ўведзеныя супраць пуцінскага рэжыму. Але апроч матэрыяльных ёсць і сацыяльныя праблемы. Мы памятаем з савецкіх часоў, калі не было свабоды, калі было ўсюдыіснае КДБ, то таленавітыя людзі ў асноўным або співаліся, або эмігравалі. Гэта таксама надзвычай важны момант, паколькі эканоміка, асабліва калі мы гаворым пра высокія тэхналогіі, патрабуе людзей, якія творчыя, якія вольныя, якія ствараюць. Калі гэтага няма, калі іх прымушаюць нейкім вызначаным чынам думаць, праводзіць гэтыя вар'яцкія рытуалы пакланення вайне, тое гэта маральна-псіхалагічна дрэнна адбіваецца на людзях. Адпаведна, некалі пачнуцца гэтыя маральныя зрывы і ўсё такое.

Наконт маралі — яна ў расейцаў незаўважаная, яны нармальна сябе гэтыя паўгода адчуваюць, калі іх дзяржава вядзе генацыдальную вайну. Мараль ваенная, у сэнсе іх вайсковы дух, мы яго зламалі літаральна ў першыя тыдні, калі было зразумела, што ў Расеі не атрымліваецца «план А», потым «план Б», а тым больш пасля таго, як мы вызвалілі тэрыторыі на нашым усходнім кірунку і пайшлі далей вызваляць Луганскую вобласць. Натуральна, гэта моцна па іх ударыла. Але калі гэта стане пунктам, у якім сістэма перастане працаваць? Не думаю, што нават ЦРУ могуць прагназаваць нейкую дату з усім сваім аналітычным апаратам, з усімі выведвальнымі звесткамі і выхадамі на ўнутраныя крыніцы вакол Пуціна. Але тое, што да гэтага ўсё ідзе - тэндэнцыя відавочная.

Калі адбудзецца гэта падзенне? Мы ва Украіне спадзяемся, што як мага раней. Гэта азначае захаваныя жыцці, захаваныя гарады і магчымасць вызваліць нашых грамадзян.

Беларусы выдатна разумеюць, што гэтая каланіяльная сіла не змянілася больш як за сто гадоў. Мы, Украіна, Беларусь і іншыя былыя так званыя рэспублікі Савецкага Саюза - гэта ўнутраныя калоніі Расейскай Федэрацыі, прынамсі - так яе кіраўніцтвам успрымаемся. І на практыцы генацыд, русіфікацыя, дэпартацыі, забарона на нацыянальную культуру, мова - гэта тыя інструменты, якія выкарыстоўваюцца дарэшты.

Насамрэч, гэтая вайна ў інтарэсах усіх расейцаў. Калі Расея саступіць вайну з Украінай, у яе адкрыецца шанц стаць нармальнай дзяржавай. І ў малых народаў Расейскай Федэрацыі з'явіцца магчымасць або самавызначэння, або вяртання мінімальных правоў з пункту гледжання самабытнасці, культуры, мовы, калі яны пра гэта ўсё не забыліся і гэта для іх сапраўды важна.

Калі мы саступім (я такую магчымасць выключаю), то працэс знішчэння нацыянальных культур проста паскорыцца. Імперыя павінна размаўляць на адной мове, павінны быць адны багі і кіраўнікі. Як там было? Адзін народ, адна імперыя, адзін правадыр? Дык вось, для сучаснай Расеі гэта адна праваслаўная царква Гундзяеўскага тыпу, расейская мова і ўся гэтая скажоная гісторыя.

Расейская вайна супраць Украіны - гэта цывілізацыйная вайна. І нашая перамога прынясе карысць не толькі Украіне, гэта будзе штуршок у правільным кірунку для ўсёй цывілізацыі.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках