ЗША ўжо атрымалі звесткі, якія вынікі «рэферэндумаў» ва Украіне абвесціць Расея
7- 24.09.2022, 10:02
- 18,858
Белы дом выкрыў бутафорскі спектакль Крамля.
Злучаныя Штаты ўжо ведаюць канкрэтныя лічбы, якія акупанты маюць абвясціць пасля правядзення незаконных «рэферэндумаў» на часова захопленых тэрыторыях Украіны. Вынікі бутафорскага галасавання (з 23 да 27 верасня) у РФ прыдумалі зарання.
Напрыклад, у некаторых рэгіёнах ужо ўстаноўленыя патрэбныя паказчыкі прыходу "выбаршчыкаў" і падтрымкі "далучэння" да Расеі на ўзроўні больш за 75%. Пра гэта заявіла прэсавая сакратарка Белага дома Карын Жан-П'ер падчас брыфінгу, расшыфроўка якога з'явілася на сайце ўстановы.
Яна падкрэсліла, што такія "рэферэндумы" - незаконныя і бутафорскія, і Расея спяшаецца іх правесці. Аднак гэта дэманстрацыя не моцнай пазіцыі рэжыму, а зусім наадварот, адзначыла Жан-П'ер.
Белы дом, а таксама лідэры G7, як заявіла яна, ніколі не прызнаюць такія "рэферэндумы".
“Мы ведаем, што гэтымі “рэферэндумамі” будуць маніпуляваць. Мы маем інфармацыю, якая пацвярджае, што расейскія афіцыйныя асобы ўжо ўстанавілі, якімі маюць быць паказчыкі прыходу выбаршчыкаў, а таксама вынікаў галасавання", - сказала Жан-П'ер.
Яна адзначыла, што ЗША "шмат, шмат месяцаў" папярэджвалі пра такі сцэнар акупантаў.
Фіктыўныя рэферэндумы - "гэта слабасць, якую мы бачым" ад прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. "Ён траціць пазіцыі на полі бою", - дадала прэсавая сакратарка Белага Дома.