СБУ знайшла расейскага палкоўніка, які загадваў катаваць украінцаў у Херсоне
18- 24.09.2022, 11:14
- 14,608

Акупант карыстаецца пазыўным «Альфа».
СБУ высветліла асобу расейскага палкоўніка паліцыі, які аддаў загад катаваць украінцаў у часова акупаваным Херсоне. Гаворка ідзе пра намесніка начальніка ўправы Расгвардыі Растоўскай вобласці Аляксандра Навуменку з пазыўным «Альфа».
Пра гэта паведамляе прэс-служба СБУ.
Са звестак следства СБУ, з сакавіка Навуменка кіруе вайскоўцамі Расгвардыі і прадстаўнікамі незаконных узброеных фармаванняў РФ у часова акупаваным Херсоне. На ягоныя загады адбываюцца незаконныя затрыманні і катаванні мясцовых жыхароў, пранікненне ў іх дамы і завалоданне маёмасцю.
Высветлілі, што ён браў удзел у разгоне мірных мітынгаў у Херсоне. Аддаваў загады выкарыстоўаць супраць украінскіх грамадзян святлогукавыя гранаты і слёзацечны газ. Сярод херсонцаў былі пацярпелыя.
Акрамя таго, на ягоныя загады расейскія вайскоўцы выкралі двух украінцаў і некалькі тыдняў жорстка іх катавалі. Яны спрабавалі выбіць з іх інфармацыю аб вайскоўцах УСУ і іх месцах дыслакацыі, а таксама схілялі да супрацоўніцтва з акупантамі, паведамілі ў СБУ.
Цяпер палкоўніку Навуменку абвешчана падазрэнне паводле ч. 1 арт. 438 (парушэнне законаў і звычаяў вайны) Крымінальнага кодэкса Украіны.
