Блінкен папярэдзіў Кітай аб наступствах за дапамогу РФ
1- 24.09.2022, 11:22
- 6,214
Дзяржаўны сакратар ЗША сустрэўся з кіраўніком МЗС КНР.
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен правёў перамовы з кіраўніком МЗС Кітая Ван І і папярэдзіў яго аб наступствах у выпадку дапамогі РФ у вайне супраць Украіны.
Як гаворыцца ў паведамленні на сайце Дзярждэпа, Блінкен паўтарыў Ван І пазіцыю ЗША што да вайны Расеі супраць Украіны і "падкрэсліў наступствы", калі Кітай надасць дапамогу РФ у яе поўнамаштабным уварванні.
Адначасова дзяржсакратар зазначыў, што ЗША застаюцца адкрытымі для супрацоўніцтва з Кітаем там, дзе «перасякаюцца інтарэсы» краін.
Акрамя Расеі і Украіны дыпламаты абмеркавалі пытанне двухбаковых стаснукаў паміж ЗША і КНР, а таксама пытанне Тайваня. Блінкен сказаў, што неабходна падтрымліваць адкрытыя лініі сувязі і «адказна кіраваць» стасункамі паміж Вашынгтонам і Пекінам.
Таксама ён заявіў аб неабходнасці стабільнасці і міру ў Тайваньскай затоцы для захавання глабальнай і рэгіянальнай бяспекі.