Палітычная зняволеная Таццяна Ласіца выйшла на волю
1- 24.09.2022, 12:22
- 2,500
![Палітычная зняволеная Таццяна Ласіца выйшла на волю](https://i.c97.org/ai/517073/aux-head-1664011341-20220924_t_lasica_360.jpg)
Праваабаронца была асуджаная разам з Леанідам Судаленкам.
Палітычная зняволеная праваабаронца Таццяна Ласіца выйшла на волю.
Як паведамляе «Гомельская вясна», Таццяну Ласіцу выпусцілі з жаночай калоніі.
У лістападзе 2021 года ёй прысудзілі 2 гады і 6 месяцаў калоніі. З улікам таго, што дзень у СІЗА залічваецца за паўтара, яна выйшла са зняволення прыкладна на чатыры месяцы раней за свой тэрмін. 21 верасня лукашэнкаўцы аналагічна, мінімальна датэрмінова, вызвалілі журналіста-палітвязня Алега Груздзіловіча.
Праваабаронца з праваабарончага цэнтру «Вясна» была затрыманая 21 студзеня 2021 года. Яе абвінавацілі паводле крымінальнай справы паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Ласіцу, як і яе калегу Леаніда Судаленку, абвінавацілі ў фінансавай дапамозе людзям, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій. Абодва вытрымалі зняволенне і не зламаліся.
3 лістапада 2021 года суддзя Салаўскі прысудзіў Таццяну Ласіцу да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.