Магутны ўраган «Фіёна» абрынуўся на ўсходняе ўзбярэжжа Канады
2- 24.09.2022, 21:55
- 5,550
Са слоў метэаролагаў, гэта адзін з наймацнейшых ураганаў у гісторыі краіны.
Магутны ўраган "Фіёна" абрынуўся ў суботу, 24 верасня, на ўсходняе ўзбярэжжа Канады, прынёсшы з сабой моцны вецер і проліўні і выклікаўшы перабоі з электрычнасцю. Нацыянальны цэнтр ЗША ў назіранні за ўраганамі (NHC) паведаміў, што "Фіёна" дасягнуў заліва Святога Лаўрэнція, піша dw.com.
Стыхія пранеслася над канадскімі правінцыямі Новая Шатландыя і Востраў Прынца Эдуарда, а затым ударыла па Ньюфаўндленду, аднак, са звестак NHC, сіла ўрагану, магчыма, слабее. Метэаролагі мяркуюць, што гэта адзін з самых магутных ураганаў у гісторыі краіны. Інфармацыі аб пацярпелых пакуль не паступала.
Прыкладна тыдзень таму разбуральны ўраган "Фіёна" абрынуўся на Пуэрта-Рыка і іншыя краіны Карыбскага басейна. У пятніцу ўвечар ён трансфармаваўся ў пост-трапічны цыклон.
Сотні тысяч людзей засталіся без святла
У выніку разгулу стыхіі ў правінцыі Новая Шатландыя блізу 79% спажыўцоў, ці 414 тысяч чалавек, засталіся без электрычнасці, у правінцыі Востраў Прынца Эдуарда – 95%, ці 82 тысячы, піша Reuters са спасылкай на звесткі камунальных кампаній.
Канадскія ўлады папярэдзілі жыхароў гэтых рэгіёнаў аб магчымасці моцных паводак. Людзям у прыбярэжных раёнах было рэкамендавана эвакуавацца.