26 красавiка 2024, Пятніца, 18:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Да згортвання рынку нерухомасці засталіся лічаныя тыдні

12
Да згортвання рынку нерухомасці засталіся лічаныя тыдні

Навіны аб мабілізацыі ў РФ пахіснулі аптымізм на беларускім рынку нерухомасці.

Угоды не спыненыя, але пакупнікі і прадаўцы вывучаюць сітуацыю, чытаюць навіны, спрабуюць распазнаць, дзе тыя выклікі і пагрозы, якія ўдараць менавіта па іх дабрабыце, піша журналіст belsat.eu Дзяніс Бетонны.

З досведу

Упершыню навіны аб вайне ва Украіне ўдарылі ў момант абвяшчэння Расеяй "спецыяльнай вайсковай аперацыі". Тады першай рэакцыяй беларускага рынку было сцішыцца. Колькасць угод упала да мінімумаў, колькасць выстаўленага на продаж вырасла. Але да траўня знізіліся кошты, частцы насельніцтва ўдалося зняць сваю валюту з ашчадных банкаўскіх рахункаў. І рынак узарвала ад попыту. Адны куплялі, таму што ратавалі валюту, другія - таму, што цана стала нарэшце прымальнай і вера ў стабільнасць мацнела з узмацненнем рубля.

Гаворка толькі пра кватэры ў гарадах - у прыгарадзе Менска падвышанага попыту не зафіксавалі. Таму што сучасная дом у прыгарадзе - гэта для людзей з прыбыткамі вышэйшымі за сярэдні, а яны альбо ўлетку рэлакаваліся, альбо назіралі за тым, што адбываецца з думкай, што, магчыма, рэлакавацца ўсё ж такі давядзецца.

На коштах падвышаны попыт не адбіўся. Ён добра гасіўся ростам спадчынных кватэр (вынік пандэміі), ад якіх актыўна пазбаўляліся, і кватэрамі тых, хто сабраўся з'язджаць. Плюс актывізаваліся ланцужковыя ўгоды - тыя, хто захоўваў 20 тысяч у банку, разважылі, што гэта добры час - прадаць сваю аднапакаёўку і купіць двойку, а то і тройку.

Усё лета кватэры актыўна купляліся і прадаваліся, прычым на 40% больш актыўна, чым у звычайныя гады. І ў верасні, як пішуць аналітыкі рынку нерухомасці, будзе таксама высокая колькасць угод. Проста па накатанай, бо рэгіструюцца тыя, па якіх папярэднія дамовы былі падпісаныя яшчэ ў жніўні.

Разлічвалі агенцтвы на ажыўленне да зімы - маўляў, да зімы заўсёды актывізуюцца тыя, хто хоча сустрэць Новы год у новай кватэры. Але цяпер уладальнікі рыэлтарскіх агенцтваў уздыхаюць - наўрад ці.

Што будзе?

Мяркуючы з навін, сотні тысяч мабілізаваных расейцаў праз тры-чатыры тыдні адправяць на фронт. Гэта значыць праз месяц будзе абвешчаная вайна.

Пакуль частка патэнцыйных расейскіх мабілізаваных спрабуе схавацца на тэрыторыі РБ. У чаканні вылету ў Турцыю, ААЭ, Казахстан, Грузію - ды хоць куды, абы не браць у рукі зброю. Грамадзяне, якія здаюць кватэры на дзень, зарабляюць. Але разумеюць, што заробкі гэтыя кароткія. Калі расейцы зразумеюць, што з аэрапортаў іх будуць везці наўпрост на вайну, струмень схлыне.

Купляць тут кватэры расейцы не стануць - у чым сэнс, калі не схавацца ад мабілізацыі. Магчыма, частка беларусаў, якія атрымалі расейскае грамадзянства, але не выкінулі беларускі пашпарт, прыедуць сюды, спадзеючыся на тое, што іх, як грамадзян Беларусі, не выдадуць. Хтосьці, напэўна, ужо нават купляе кватэру. Але гэта невялікая колькасць, якая скончыцца за месяц-паўтара.

З моманту пачатку поўнамаштабнай вайны беларусы зноў упадуць у ступар. Будзе не да нерухомасці.

Першымі застынуць тыя, хто хацеў новабудоўлю. Паколькі новабудоўлі пераважна маюць тэрміны здачы - канец 2023-га, а то і 2024 год. А што будзе напрыканцы 2023-га, хто ведае? Прыпыненне продажаў - адзіная пагроза для забудоўшчыкаў, і яна нарастае з кожным днём. Самыя кемлівыя і чулыя забудоўшчыкі ўжо найбліжэйшыя дні абвесцяць беспрэцэдэнтныя ўмовы, якія дазволяць заякарыць патэнцыйных дольшчыкаў і забяспечыць сябе прытокам грошай на найбліжэйшыя пару гадоў. Накшталт беспрацэнтных растэрміновак і мінімальнага парога ўваходжання ў долевае.

Сыдуць з рынку другаснага жылля і тыя, хто думаў схаваць грошы ў бетонаметрах або палепшыць жыллёвыя ўмовы, прадаўшы маленькую, купіўшы вялікую кватэру.

Выйдуць з продажу тыя, хто ўжо за мяжой і пакінуў бацькам даверанасці на продаж. Хто не пакінуў, той страціў - уехаць у краіну яшчэ можна, з выездам ужо праблемы.

З логікі развіцця падзей, да закрыцця межаў для ўсіх беларусаў мужчынскага полу ў краіны Еўропы (выключэнне – з гуманітарных меркаванняў) засталіся лічаныя тыдні. Пакуль ёсць надзея на Турцыю, Казахстан, ААЭ і Грузію, але і яна можа памерці за адзін дзень. Ды і білетаў ужо няма.

Ці будзе рынак нерухомасці хоць неяк жыць далей, залежыць толькі ад парадку дня. Калі ўсе будуць сачыць за вайной і счытваць па міміцы Пуціна, ці гатовы ён націснуць ядзерную кнопку, будзе ўвогуле не да жылля.

Для тых, каму ёсць што прадаць, і ёсць магчымасць з'ехаць, застаўся зусім невялікі часавы адцінак - пакуль грамадзяне не ўсвядомілі маштабаў бедства. Далей попыт будзе блізкі да нуля.

І гэта базавы сцэнар для рынку нерухомасці да канца года. Пакуль не бачна нічога, што можа яго палепшыць.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках