Дзейнасць Чырвонага касцёла часова прыпыненая пасля пажару
3- 26.09.2022, 15:00
- 4,096
Мінулай ноччу ў храме адбылося ўзгаранне.
Дзейнасць касцёла Святых Сымона і Алены, таксама вядомага як Чырвоны касцёл, часова прыпыненая. Такая пастанова прынятая на пазачарговым пасяджэнні камісіі ў надзвычайных сітуацыях пры адміністрацыі Маскоўскага раёна, паведамляюць «Менск-Навіны».
Мінулай ноччу ў храме, уключаным у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, адбылося ўзгаранне. А чацвёртай гадзіне спрацавала пажарная сігналізацыя. Агонь пашкодзіў маёмасць на плошчы 20 кв. м. Пацярпелых не было.
- Цяпер разглядаюцца і аналізуюцца ўсе акалічнасці інцыдэнту, - паведаміла кіраўніца адміністрацыі Маскоўскага раёна Таццяна Калядка. - У сувязі з гэтым камісіяй у надзвычайных сітуацыях прынятая пастанова часова забараніць эксплуатацыю будынка.
Калядка дадала, што ў касцёле неабходна аднавіць працу сістэм пажаратушэння, а таксама электрычнага абсталявання і праводкі. Таксама трэба абследаваць канструкцыі будынка.
- Да выпраўлення ўсіх хібаў і вынясення высновы кампетэнтнымі спецыялістамі ўсе мерапрыемствы ў Чырвоным касцёле будуць прыпыненыя, - рэзюмавала кіраўніца адміністрацыі Маскоўскага раёна.