У Беларусі пачнуць уключаць ацяпленне ў дамах
17- 26.09.2022, 18:03
- 13,806

Пастанавілі не чакаць 8 градусаў.
Стала вядома, што ў адным з рэгіёнаў Беларусі ацяпленне ў жылым фондзе ўключаць раней за вызначаныя нормы. Пра гэта расказаў "мэр" Берасця ў сваім тэлеграм-канале.
Паводле словаў Аляксандра Рагачука, за апошнія дні жыхары горада сталі часцей тэлефанаваць у Берасцейскі гарвыканкам, пытаючыся пра тэрміны ўключэння ацяплення ў жылфондзе.
Старшыня Берасцейскага гарвыканкама нагадаў, што, паводле нормаў, пастанову пра пачатак ацяпляльнага сезону прымаюць мясцовыя ўлады, калі сярэднясутачная тэмпература цягам пяці дзён запар складае +8 градусаў і ніжэй. Але пры гэтым Рагачук сказаў пра гатоўнасць уключыць цяпло ў дамах берасцейцаў раней, не чакаючы 5-дзённай нормы халадоў.
– Беручы да ўвагі заклапочанасць жыхароў горада і папярэдні прагноз надвор'я, а таксама развіццё эпідэмічнай сітуацыі ў Берасці ў цэлым, у найбліжэйшы час прымем пастанову пра датэрміновае ўключэнне ацяплення ў жылых дамах, – пракаментаваў чыноўнік.
Калі менавіта ў Берасці ўключаць ацяпленне, Рагачук паабяцаў больш дакладна праінфармаваць беларусаў у сваім тэлеграм-канале.
Цікава, што сваім падпісантам ён таксама прапанаваў прагаласаваць: уключаць цяпло ў дамах ці не. На момант напісання артыкула больш за 700 чалавек прагаласавалі за ўключэнне ацяплення, а яшчэ больш за 250 напісалі, што гатовыя пачакаць і цяпло ўключаць датэрмінова ў кватэрах не варта.