25 красавiка 2024, Чацвер, 2:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што цяпер адбываецца на мяжы Расеі і Беларусі

3
Што цяпер адбываецца на мяжы Расеі і Беларусі

Чэргі, праверкі і забароны ад ФСБ.

26 верасня пяцярых маладых расейцаў, якія селі ў Пецярбургу на ідучы праз Беларусь цягнік да Калінінграда, не выпусцілі з краіны. Пра гэта «Медиазоне» распавёў адзін з іх, 30-гадовы мужчына, які планаваў дабрацца да Менска, каб вылецець адтуль у Стамбул. На апошняй перад расейска-беларускай мяжой станцыі Невель-2 у вагон зайшлі сілавікі.

«З цягніка вывелі чатырох мужчын, памежнікі ведалі прозвішчы і месцы кожнага. Адзін маёр, два старэйшыя лейтэнанты і чалавекі чатыры шарагоўцы ў масках», — успамінаў суразмоўца выдання. Усім пецярым расейцам выдалі апавяшчэнні на бланках памежнай службы ФСБ: выезд забаронены на падставе закона аб мабілізацыі, а па тлумачэнні трэба звярнуцца ў вайсковы камісарыят.

Гэта было адно з першых пацверджаных паведамленняў аб праблемах расейцаў на беларускай мяжы. За чатыры дні да гэтага з Пецярбурга ў Беларусь на цягніку ехала Ксенія са сваім мужам: па ўсіх прыкметах ён пападаў пад першую хвалю мабілізацыі. Муж і жонка пастанавілі не чакаць позвы і з'ехаць з краіны.

«У першыя тры дні пасля абвяшчэння мабілізацыі нашы знаёмыя, гэта значыць, рэальна знаёмыя людзі, а не праз тры поціскі рукі, атрымалі позвы. Хаця яны ніяк, ні па якіх крытэрах не траплялі пад тое, што было там сказана ў тэлевізары. Мы паехалі на цягніку ў Менск, але цераз Віцебск. У нас толькі ў Пецярбургу праверылі пашпарты пры куплі квіткоў. Ні па якіх базах не прабівалі. У Беларусі ўвогуле нідзе пашпарт не папрасілі», — узгадвае Ксенія.

Дзяўчына кажа, што іхнія сябры тады ж дабраліся да Менска на самалёце. У аэрапорце затрымалі на кароткую гутарку і праверку пашпартоў па «нейкай» базе, але ў выніку прапусцілі. Цяпер Ксенія з мужам арандавалі дамок далей ад горада, імкнуцца не прыцягваць да сябе ўвагі і чакаюць магчымасці адправіцца далей, у трэцюю краіну.

Яшчэ адзін расеец, які разлічваў схавацца ад мабілізацыі ў Беларусі, сказаў выданню, што яго не пусцілі на борт самалёта ў аэрапорце Омска, адкуль ён планаваў ляцець у Менск, і выдалі на рукі дакумент аб забароне выезду. Са слоў маладзёна, ён апынуўся ў спісе мабілізацыі.

На аўтамабільнай трасе М1, якая злучае Маскву і Менск, таксама з’явіліся пункты праверкі. 40-гадовы масквіч, які прыехаў у Беларусь у нядзелю, расказаў выданню, што ў яго на гутарку з расейскімі пагранічнікамі пайшло больш за гадзіну.

«Мы ехалі з бацькам, яму 65 гадоў. Яго не чапалі, а мяне запрасілі для пашпартнага кантролю па базах, бо я мабілізацыйнага ўзросту. Я не быў у спісах мабілізацыі, але па базах высветлілася, што ў мяне была адміністратыўная справа за пікет супраць вайны. Доўга чакалі старэйшага змены. Узялі паглядзець тэлефон, знайшлі нейкія фатаграфіі і пачалі дапякаць, што я паскудны экстрэміст. Увесь час мне пагражалі, казалі, што такім, як я, не месца ў Расеі, і што такіх праз паўгода будуць расстрэльваць на вуліцы. У выніку пасля працяглых гутарак мяне прапусцілі далей. Так што пазбягайце буйных трас, калі едзеце ў Беларусь», - раіць ён.

Са слоў масквіча, цягам усёй яго гутаркі з памежнікамі тыя спынялі іншых мужчын, падыходных па ўзросце, і правяралі іх пашпарты па базах. Уся працэдура займала хвілін 10-15, але ў выніку, кажа суразмоўца выданню, ён не бачыў, каб кагосьці затрымалі ці развярнулі.

Пры гэтым беларусы, якія вяртаюцца гэтымі днямі з Расеі, праходзяць стандартны хуткі пашпартны кантроль. Пра гэта выданню расказала Валерыя, якія 26 верасня ўдваіх з мужам вярталася з Масквы ў Менск.

Выданне звязалася з беларускім пасажырскім вознікам, які арганізуе рэйсы з Беларусі ў Расею і назад у аб'езд буйных трас і пагранічных застаў. Кіроўца кажа, што ажыятажнага попыту на такія паслугі з боку расейцаў пакуль няма.

«Магчыма, што цяпер колькасць ахвотных пакінуць Беларусь і Расею зраўнялася. Калі раней мы вазілі ў асноўным беларусаў, у якіх стаяла забарона на выезд, то цяпер на такім жа ўзроўні возім і расейцаў. Але каб попыт зашкальваў - не, такога няма. Усё ў рамках штодзённага», - кажа вознік.

Гэта пацвярджае крыніца выдання ў кампаніі, якая займаецца легальнымі пасажырскімі перавозкамі з Менска ў Маскву. Там адзначаюць, што попыт вырас «нямоцна», але маршруткі цяпер прыбываюць у Менск пазней, бо пашпартны кантроль займае больш часу, і на мяжы праз гэта ўтвараюцца чэргі.

«У нас не было ніводнага выпадку, каб кагосьці знялі з рэйса. Так, цяпер усе праходзяць пашпартны кантроль па базах, але спакойна едуць далей», - распавёў мэнэджар кампаніі-возніка.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках