13 снежня 2025, Субота, 23:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

УСУ могуць «абваліць» расейскі фронт і адкрыць дарогу на Луганск

3
УСУ могуць «абваліць» расейскі фронт і адкрыць дарогу на Луганск

Украінскае войска паспяхова штурмуе Крамянную.

Са звестак украінскіх вайскоўцаў, баі за горад Салядар на Данеччыне працягваюцца. Украінскае войска сутыкнулася на гэтым адцінку фронту з пэўнымі праблемамі, але шанец утрымаць пазіцыю застаецца. Невялікія ўкраінскія гарады - Салядар або Бахмут - патрэбныя Крамлю як сімвал. Захапіўшы іх, акупанты маглі б апраўдаць другую хвалю мабілізацыі ў Расеі, якая рыхтуецца.

А ў раёне Крамянной адбываецца супрацьлеглы працэс. Украінскае войска паспяхова штурмуе гэты горад. Калі Расея страціць кантроль над ім, увесь фронт у Луганскай вобласці можа пасыпацца. Тады ўкраінскія Сілы абароны адкрыюць прамую дарогу на Луганск.

Такое меркаванне ў эксклюзіўным інтэрв'ю obozrevatel.com выказаў ваенны экспэрт Алег Жданаў.

- Галоўнае пытанне цяпер - што з Салядаром, ці атрымаецца ўкраінскаму войску ўтрымаць яго?

- З Салядаром сітуацыя пяцьдзесят на пяцьдзесят. Бо ў нас ёсць праблемы ў арганізацыі абароны, праблемы ў кіраванні войскамі з нашага боку. Гэта адзначаюць і многія заходнія аналітыкі. У прынцыпе, войскаў дастаткова, але ёсць праблемы.

На сённяшні дзень (12 студзеня. - Рэд.) нашы войскі адышлі ад цэнтра Салядара. Баі зрушыліся ў заходнюю частку гэтага населенага пункта. Але агулам мы ўтрымліваем свае пазіцыі. І ў нас ёсць шанец утрымаць Салядар. Я б не сказаў, што ўсё так дрэнна.

- Чаму для нас такі важны Салядар? Чаму ён важны для ворага?

- Салядар - гэта сімвал. Саледар, Бахмут... Кожны населены пункт сёння для Расейскай Федэрацыі - гэта сімвал. Ім патрэбная перамога для таго, каб матываваць грамадства на працяг вайны.

Напрыклад, Пуціну трэба абвясціць другую хвалю мабілізацыі. Ён увогуле хацеў бы ўсеагульную мабілізацыю. Ва ўсякім разе, так кажуць некаторыя крыніцы з Крамля. Але сёння няма падстаў для гэтага, няма перамог. Што сказаць расейцам? Мы саступаем - ідзіце ў вайсковы камісарыят? Не, дык ніхто не пойдзе.

Але калі так: «Глядзіце, сёння мы ўзялі Салядар, а заўтра мы возьмем Кіеў, трэба дабіць нацыяналістаў і б@ндэраўцаў у іх бярлозе» - так, гэта матыў. Таму на сённяшні дзень важны не сам Салядар. Проста, на думку расейскіх начальнікаў, у Салядары ў нас самае слабое месца ў абароне. Яны доўга спрабавалі ўзяць Бахмут, але потым была прынятая пастанова ісці на прарыў у Салядары.

Так што Салядар або Бахмут - розніцы ніякай няма. Важны сімвалізм.

- Якое значэнне Крамянной? Расея перакінула туды дадатковыя сілы, каб не страціць горад. Ён таксама мае сімвалічнае значэнне?

- Там сітуацыя цалкам супрацьлеглая. Мы штурмуем Крамянную, і ў нас ёсць поспехі. А для расейскага войска страта Крамянной - гэта імавернасць падзення ўсяго фронту Луганскай вобласці. Гэта магчымасць для нашых войскаў акружыць групоўку ў раёне Салядара. Ад Крамянной мы можам пайсці на ўсход, на Старабельск - а гэта прамая дарога на Луганск.

Але, хутчэй за ўсё, калі мы вызвалім Крамянную, мы пойдзем на Севераданецк і Лісічанск. Тады і Бахмуцкі кірунак будзе ў паўколе. Калі мы бяром Крамянную і рухаемся далей на Севераданецк, будзе пагроза акружэння расейскіх войскаў.

Дарэчы, у раёне Крамянной расейскія акупацыйныя войскі кінулі ў бой самае лепшае, што ёсць на сённяшні дзень, - дэсантныя часткі. Там яны спрабуюць выкарыстоўваць тактыку сустрэчнага бою. Гэта значыць, мы атакуем і яны атакуюць.

- Якое ваша меркаванне наконт новых перастановак у расейскім Генштабе? Герасімаў прызначаны камандзірам аб'яднанай групоўкай войскаў, Лапін стаў начальнікам штаба Наземных войскаў. Мы бачылі, што раней пасля такіх ракіровак акупант істотна актывізаваўся. І зараз мы можам чакаць таго ж?

- Так, і цяпер мы можам чакаць таго ж. Герасімаў зараз будзе рыхтаваць якую-небудзь наступальную аперацыю.

Але тут ёсць два складнікі - вайсковы і палітычны. Палітычны ў тым, што, на мой погляд, Шайгу надумаў умацаваць свае пазіцыі і вярнуць сабе поўны кантроль над сілавым блокам пад назвай «міністэрства абароны». Яны надумалі ўзяць усё ў свае рукі. І сёння Суравікін ужо ніхто і клікаць яго ніяк. Бо ён намеснік. А намеснік - гэта чалавек, які на падхваце, калі начальнік не можа.

Герасімаў цяпер начальнік, і ў яго з'явіўся яшчэ адзін шанц праявіць сябе. Дарэчы, у яго вельмі вялікі досвед. Для нас ён горшы за Суравікіна. Усё ж такі Герасімаў правёў ужо не адну вайсковую кампанію расейскага войска ў розных мясцінах свету - і ў Грузіі, і ў Сірыі.

Але ў кожным выпадку мы бачым унутрыкрамлёўскую барацьбу за блізкасць да Пуціна.

- Звярніце ўвагу: мы ўвесь час абмяркоўваем працэс вызвалення «новых» акупаваных тэрыторый. У некаторых месцах лінія фронту падыходзіць літаральна ўшчыльную да «старых» акупаваных тэрыторый, да таго ж Данецку, і ўсё ж не перасякае гэтую ўмоўную рысу. У чым тут праблема?

- Я б не так трактаваў гэтую сітуацыю. Наадварот, ёсць месцы, дзе мы ўтрымалі лінію па менскіх размежаваннях, мы не адступілі. А ёсць месцы, дзе мы ўсё ж адступілі пад націскам расейскіх войскаў. На Данецкім кірунку мы яшчэ не праводзілі наступальных аперацый. Мы вядзём там абарончую аперацыю і спрабуем контратакаваць толькі на асобных адцінках.

Таму гэта наша заслуга, што на некаторых адцінках мы дагэтуль стаім на той лініі, якая была 24 лютага. Расейскае войска не змагло прарваць нашу абарону і ні на метр не прасунулася ўглыб нашай тэрыторыі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках