Дзярждэп ЗША: Прасоўванне расейцаў у Салядарскім раёне не дапаможа ім змяніць ход вайны
4- 13.01.2023, 14:47
- 5,970
Крэмль сутыкнуўся са стратэгічнай няўдачай.
Ніякія часовыя поспехі на полі бою на Данбасе не дапамогуць расейцам змяніць ход вайны. Аб гэтым заявіў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Нэд Прайс на брыфінгу.
Галоўнай прычынай, паводле якой бітва за Салядар трапіла ў загалоўкі найбуйнейшых сусветных СМІ, чыноўнік назваў непацверджаныя заявы расейскага камандавання аб паспяховым прасоўванні, якое ажыццяўляецца цаной вялізных чалавечых ахвяр сярод акупантаў.
«Мы ўжо даўно не чулі, каб расейскія сілы маглі, прынамсі, прэтэндаваць на дадатковае прасоўванне, нягледзячы на вялікія страты. Украінскія сілы з іх контрнаступленнем, якое пачалося летась, былі надзвычай эфектыўныя ў спыненні наступлення, яны адціснулі расейскія войскі, адваявалі тысячы квадратных міль тэрыторыі», - адзначыў Прайс.
У Дзярждэпе мяркуюць, што бітва за горад працягнецца і што абодва бакі будуць працягваць атакаваць і несці страты.
«Але ніякія дадатковыя поспехі Расеі, нават тыя, за якія даводзіцца плаціць такімі вялікімі стратамі, асабовым складам і тэхнікай, ніколі не змогуць змяніць ход вайны. Ніводнае тактычнае прасоўванне не зможа выправіць стратэгічную няўдачу, з якой сутыкнуўся прэзідэнт Пуцін», - дадаў прадстаўнік Дзярждэпа.
Раней сайт Charter97.org пісаў аб тым, што адбываецца ў Салядары і якое стратэгічнае значэнне мае горад.