NYT: Захад перадае зброю УСУ для контрнаступу
4- 13.01.2023, 16:21
- 8,078
Бар'еры ў перадачы Украіне ўзбраення падаюць адзін за адным.
Захад даслаў мноства ўзбраенняў, якія некалі ўважаліся за занадта правакацыйныя. Відавочна, наступнымі будуць танкі. У сувязі з чаканым новым наступам расейскага войска афіцыйныя асобы бачаць вострую неабходнасць змяніць баланс, піша New York Times.
Нядаўнія заявы і дзеянні ЗША і еўрапейскіх краін наконт паставак Patriot і танкаў, сведчаць аб тым, што Захад ужо пачаў рыхтаваць Украіну да адбіцця магчымага новага наступу Расеі зімой або вясной і будучых контратак УСУ.
«Украіна мае намер працягнуць свой уласны ваенны наступ або зімой, або пасля «бруднай» пары вясной. Расея таксама паведамляе аб вясновым наступе, сказаў высокапастаўлены прадстаўнік заходняй выведкі, і Украіна «не хоча, каб яны перавялі дыханне» паміж цяперашняй сітуацыяй і пачаткам новага ўзмоцненага раунда баявых дзеянняў», - піша выданне.
За апошнія некалькі тыдняў адзін за адным падалі бар'еры ў перадачы Украіне ўзбраення, пачынаючы з пагаднення Злучаных Штатаў аб пастаўцы сістэмы СПА Patriot. За гэтым рушыла ўслед абяцанне Нямеччыны падаць ракетную батарэю Patriot, а Францыя, Нямеччына і Злучаныя Штаты ўпершыню паабяцалі адправіць баявыя браняваныя машыны на палі бітваў Украіны.
Выданне заяўляе, што цяпер выглядае магчымым і тое, што Украіна атрымае ад партнёраў сучасныя танкі, «асабліва пасля таго, як украінскія вайскоўцы дасягнулі нечаканых поспехаў і выстаялі супраць знясільваючых штурмаў расейцаў».
Экспэрты адзначылі працяглыя баі за Бахмут і прылеглыя тэрыторыі, якія расейцы спрабуюць захапіць месяцамі, несучы вялікія страты, але не дасягаючы значных поспехаў, і нядаўнія асабліва жорсткія баі ў суседнім горадзе Салядары.
Украіна неаднаразова заяўляла, што бронетэхніка будзе адыгрываць ключавую ролю ў баях за кантроль над гарадамі і пасёлкамі ва ўсходніх абласцях, якія мяжуюць з Расеяй і за якія ідуць разлютаваныя баі. А гетман УСУ Валерый Залужны сказаў, што для таго, каб змяніць сітуацыю на фронце, Украіне патрэбна блізу 300 заходніх танкаў і блізу 600 заходніх баявых браняваных машын.
«З пачатку вайны амаль год таму Захад супраціўляўся перадачы Украіне наймагутнейшага ўзбраення, баючыся, што гэта прывядзе да наўпроставага канфлікту NATO з Расеяй. Але, бачачы рашучасць Украіны супраціўляцца, малую перспектыву мірных перамоваў у найбліжэйшай будучыні і патавую сітуацыю на полі бою, хаўруснікі па NATO саступаюць», - падсумавалі ў NYT.