13 снежня 2025, Субота, 23:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым вядомыя Бахмут і Салядар, якія стрымліваюць расейскае нашэсце ва Украіне

1
Чым вядомыя Бахмут і Салядар, якія стрымліваюць расейскае нашэсце ва Украіне

Гэта ўнікальныя гарады нязломнасці Украіны.

Пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія абараняюць Бахмут і Салядар, расейскія акупацыйныя войскі атакуюць штодня, несучы вялікія страты. У Салядары прадаўжаюцца лютыя баі, сітуацыю ўскладняе моцны мароз. У Бахмуце сітуацыя крыху сціхла, таму што расейскія тэрарысты часткова былі перакінутыя. Цяпер Бахмут і Салядар мы ведаем як фарпост Данецкага кірунку. Самыя лютыя баі, самыя крывавыя гарады. Але якімі яны былі да вайны? Чым славіліся і як развіваліся цягам стагоддзяў – падрабязней у сюжэце «Апострафа».

Чаму такі важны для акупантаў Бахмут? Ягонае ўзяцце адкрывае далейшы шлях да Славянска, Краматорска і Часівага Яру. Да таго ж Бахмут – важны транспартны вузел і горад, куды зімой 2015 адыходзілі ўкраінскія войскі пасля лютых баёў і страты Дзябальцава.

З пачаткам вайны на Данбасе ў 2014 годзе Бахмут пераважна быў у тыле і не з'яўляўся месцам актыўных баявых дзеянняў. Хоць і цярпеў ад абстрэлаў. Пасля таго як войскі Расеі здолелі ўзяць Севераданецк і Лісічанск у пачатку лета, Бахмут стаў галоўным кірункам наступу расейскага войска. Кожны дзень горад церпіць ад абстрэлаў і фактычна ператварыўся ў руіны.

Але што ж з сябе ўяўляе горад Бахмут?

Больш за стагоддзе таму ён быў цэнтрам Данбаса. Ягоная гісторыя вядзе пачатак з 1571 года. Тагачасны цар маскавітаў Іван Жахлівы загадаў стварыць надзейную абарону Масковіі ад крымскіх татараў. Збудавалі яе на берагах рэк Северскі Данец і Айдар, назвалі Бахмуцкай вартай. Размешчаная яна была на рацэ Бахмутка. Адсюль назва, ад цюркскага слова бахмат, што азначае "конь". На Бахмуцкай варце службу вялі казакі. Пазней яна стала слабадой. А яшчэ з часам – горадам.

Імклівае развіццё Бахмута пачалося ў XVII стагоддзі. Тады там адкрылі салёныя азёры. У асобныя гады ў Бахмут сыходзіліся да 10 тысячаў салявараў, пераважна выхадцаў са Слабадской Украіны і Дона. У 1874 годзе там адкрываюць саляварны завод, які даваў два мільёны пудоў солі за год. У канцы 1885 года менавіта Бахмут здабываў больш за 70% усёй солі ў краіне.

З пачаткам XX стагоддзя горад з'яўляўся не толькі цэнтрам салянай прамысловасці. У Бахмуце развівалася культура: адкрываліся гімназіі, вучэльні і школы. Выдаваліся газеты. З гарадскіх друкарняў убачылі свет творы Панцеляймона Куліша і Мікалая Чарняўскага.

Пазней Бахмут быў зроблены цэнтрам Данецкай губерні. У горадзе быў пабудаваны вялікі трубавы завод і абутковая фабрыка. Яго перайменавалі ў Арцёмаўск у гонар аднаго з рэвалюцыянераў таго часу. Адсюль назва вядомага арцёмаўскага шампанскага. Бо Бахмут – гэта яшчэ і горад вытворчасці бурбалкавых вінаў.

Са старой назвай Бахмута звязаны і завод "Арцёмсоль", які да вайны забяспечваў 96% агульнаўкраінскага спажывання солі. Яшчэ ў траўні прадпрыемства спыніла вытворчасць праз расейскія абстрэлы. Размешчаны завод у Салядары – горадзе, дзе цяпер ідуць самыя лютыя баі.

На месцы сучаснага Салядара яшчэ з пачатку XVIII стагоддзя былі хутары бахмуцкіх жыхароў. Так узнікла сяло Бранцаўка. З пачаткам салянага буму ў канцы XIX стагоддзя там пабудавалі першую саляную шахту – Бранцаўскі руднік. Неўзабаве яшчэ пяць.

Вакол іх вырас працоўны пасёлак, які ў 1926 атрымаў назву Карла-Лібкнехтаўск – у гонар аднаго з заснавальнікаў кампартыі Нямеччыны. У ліпені 1991 года горад стаў Салядарам.

За больш як стагоддзе там здабылі больш за 250 мільёнаў тонаў солі. Горад вядомы і загадкавым возерам. Яно мае анамальна цёплую тэмпературу вады, чым большая глыбіня вады, тым яна цяплейшая. Адна частка вадаёма прэсная, іншая – салёная і настолькі шчыльная, што выштурхвае чалавека, не дазваляючы нырнуць глыбока.

У Салядары знаходзіцца адзінае турыстычнае месца Украіны на глыбіні 300 метраў. Прастору, якая засталася ў шахтах пасля здабычы солі, ператварылі ў месца для экскурсій.

Але цяпер гэта – у мінулым. Расейцы актыўна штурмуюць Салядар. Ад інфраструктуры горада амаль нічога не засталося. Інстытут вывучэння вайны мяркуе, што расейскім войскам патрабуецца кантроль над Салядарам на поўначы Бахмута, а таксама Зайцавым на поўдні гэтага горада, каб пазбавіць УСУ магчымасці кантраляваць важную магістраль, па якой ажыццяўляецца забеспячэнне ўкраінскага войска.

Кожны дзень у Бахмуце і Салядары гінуць украінскія героі. Цяпер гарады вядомыя не соллю, а сваёй нязломнасцю. Але здавацца – ніхто не збіраецца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках