Беларуса дэпартавалі з Польшчы за немэтазгоднае выкарыстанне працоўнай візы
10- 13.01.2023, 19:20
- 21,488
Памежнікі спынілі яго на мяжы Літвы і Польшчы.
На мяжы Літвы і Польшчы польскія памежнікі спынілі беларуса Аляксандра і скасавалі візу. Прычына – немэтазгоднае выкарыстанне працоўнай візы. Таксама памежнікі паставілі хлопцу штамп з забаронай уезду на тэрыторыю Польшчы на паўгода. MOST запісаў гісторыю Аляксандра і расказвае, што рабіць у такой сітуацыі.
Аляксандр з Гародні. У красавіку 2022 года праз фірму-пасярэдніцу ён надумаў зрабіць сабе працоўную візу. Атрымаў запрашэнне і ў візавым цэнтры адкрыў візу на год. У Польшчу выехаў у чэрвені. У Варшаве беларус працаваў зусім на іншай працы, а не на той, якая была прапісаная ў запрашэнні. Так, Аляксандр адпрацаваў цэлае лета ў сталіцы Польшчы і пачаў ездзіць у Беларусь.
На навагоднія святы хлопец надумаў наведаць Беларусь, а 10 студзеня ён вяртаўся ў Польшчу праз Літву. На мяжы дзвюх краінаў яго спынілі польскія памежнікі, каб праверыць дакументы.
– Пачалі правяраць візу і запрашэнне на працу. Высветлілася, што фірма, якая дапамагала з візай, ужо неактыўная як месяцы тры. Забралі ў пастарунак і склалі пратакол, – расказвае Аляксандр.
У пастарунку польскія памежнікі перакрэслілі Аляксандру візу ў пашпарце і такім чынам анулявалі яе. Таксама яны паставілі штамп з забаронай уезду на тэрыторыю Польшчы на шэсць месяцаў.
– Далі мне блок паперы і сказалі цягам 15 дзён выехаць з тэрыторыі Польшчы. Яшчэ сказалі аплаціць унёсак 10 злотых, напісаць ліст і даслаць на іх адрас. З усёй гэтай гісторыі я зрабіў выснову такую: калі адзін раз праехаў з працоўнай візай, але не працуеш паводле запрашэння, то значыць, трэба заставацца і працаваць там. А я пачаў ездзіць у Беларусь. А ў іх цяпер нібыта рэйды пачаліся датычна працоўных візаў. Некаторым даруюць і кажуць проста зрабіць новае запрашэнне, а мне не пашанцавала. Сам вінаваты. Цяпер давядзецца чакаць шэсць месяцаў, каб ізноў паехаць у Польшчу.
11 студзеня Аляксандр вярнуўся ў Беларусь.
Што трэба ведаць замежніку ў Польшчы
У Цэнтры падтрымкі замежнікаў у Беластоку Фонду "OKNO NA WSCHÓD" расказалі, што Аляксандр мог абскардзіць пастанову памежнікаў. Установа дае 15 дзён на абскарджанне.
– Такіх гісторый апошнім часам шмат – нямэтавае выкарыстанне візы. Хлопцу яшчэ пашанцавала, што толькі на шэсць месяцаў яму далі забарону, а маглі і на некалькі гадоў. Вядома, можна абскардзіць пастанову, але не варта спадзявацца на пазітыўны вынік.
Кожны замежнік у Польшчы павінен мець сапраўдны пашпарт, візу і дакумент, які пацвярджае мэту выдачы візы (у выпадку працоўнай візы – дазвол на працу ад працадаўцы, сапраўднага, не фіктыўнага). Калі чалавек мяняе працадаўцу – ён абавязаны мець новы дазвол ад новага працадаўцы.
З гуманітарнымі візамі – выдаецца тым, хто дэкларуе ў консульстве, што ў Беларусі ім небяспечна заставацца. Пры шматразовых перасячэннях мяжы на гэтай візе ў памежнікаў могуць узнікнуць пытанні і вашу візу могуць ануляваць – бо вашыя паездкі не апраўдваюць мэту выдачы візы. У тым ліку можна атрымаць і забарону на ўезд у шэнген на пэўны тэрмін (ад шасці месяцаў да трох гадоў).
– Гэта тычыцца ўсіх тыпаў візаў, кожная віза мае мэту выдачы і вы абавязаныя мець дадатковы дакумент, які пацвярджае мэту яе выдачы, – расказалі ў Цэнтры падтрымкі замежнікаў.