13 снежня 2025, Субота, 23:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску судзяць нобелеўскага лаўрэата: Вынікі шостага паседжання

16
У Менску судзяць нобелеўскага лаўрэата: Вынікі шостага паседжання
АЛЕСЬ БЯЛЯЦКІ

Праваабаронцаў трымаюць у кайданках і не кормяць.

У судзе Ленінскага раёна Менска 13 студзеня адбылося шостае судовае паседжанне паводле «справы Вясны». Паводле ч. 4 арт. 228 («кантрабанда арганізаванай групай») і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») судзяць старшыню праваабарончага цэнтра «Вясна» і нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча. У рамках гэтага працэсу таксама завочна судзяць праваабаронцу Змітра Салаўёва, які быў вымушаны пакінуць Беларусь праз крымінальны пераслед. Справу разглядае сумнавядомая суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль.

На шостым паседжанні суда паводле «справы Вясны» прадаўжаюць дапытваць сведкаў і зачытваць іх паказанні. Але асабіста даць паказанні на судзе змаглі адзінкі: большасць сведкаў знаходзіцца за мяжой, а сёння на судзе стаў вядомы яшчэ шэраг прычынаў, чаму сведкі не могуць з'явіцца на судовы працэс.

13 студзеня асабіста на судзе быў дапытаны сведка з Гомеля, якому дапамагаў кіраўнік гомельскай суполкі «Вясны» Леанід Судаленка, асуджаны да трох гадоў калоніі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («фінансаванне арганізаванай групай групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Рэч у тым, што следства прызнала, быццам Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч і Зміцер Салаўёў нібы ажыццяўлялі «падрыхтоўку грамадзянаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці».

У гэтай групе, на думку абвінавачання, былі ўжо асуджаныя гомельскія праваабаронцы Таццяна Ласіца, Леанід Судаленка, а таксама Марыя Тарасенка, праваабаронцы Наталля Сацункевіч, кіраўнік берасцейскага аддзялення «Вясны» Уладзімір Вялічкін і іншыя.

Сведка з Гомеля на судзе заявіў, што не ведае абвінавачаных і ўвогуле быў здзіўлены, што яго выклікалі даваць паказанні паводле гэтай справы. На паседжанні яго дапытвалі, чым яму дапамагаў адбывалы тэрмін у віцебскай калоніі Судаленка.

Астатнія сведкі, якія былі запланаваныя на 13 студзеня, у суд не з'явіліся. Яны даслалі заявы пра разгляд справы па-за іх прысутнасцю. У асноўным яны спасылаліся на адсутнасць сродкаў на дарогу, на наяўнасць няпоўнагадовых дзяцей, на стан здароўя. Але адвакаты праваабаронцаў выступілі супраць зачытвання паказанняў сведкаў, паколькі заяўленыя прычыны не выключаюць магчымасць іх прысутнасці. Абаронцы «вясноўцаў» заўважылі, што заявы напісаныя як пад капірку, і дзіўна, што ва ўсіх няма грошай, хоць усе яны знаходзяцца ў Беларусі. Дакументаў, якія пацвярджаюць дрэннае самаадчуванне, сведкі не падалі. Адвакатка заўважыла, што гэта пазбаўляе абвінавачаных права на абарону, бо ў іх няма магчымасці задаць дадатковыя пытанні. Яшчэ адна адвакатка заўважыла, што сведкаў на суд можна даставіць і прымусова.

Але, нягледзячы на пярэчанні адвакатаў, суд прызнаў уважлівымі прычыны няяўкі сведкаў і пастанавіў зачытаць іх паказанні, дадзеныя падчас следства.

Алесь Бяляцкі, які яшчэ на першым паседжанні заяўляў, што ён не паспеў азнаёміцца з больш як 70 тамамі матэрыялаў крымінальнай справы (на вывучэнне 283 тамоў справы на 300 старонак быў адведзены ўсяго месяц), сёння папрасіў дзяржаўнага абвінаваўцу зачытваць паказанні сведкаў як мага больш падрабязна. А Валянцін Стафановіч запатрабаваў абвясціць два дакументы з першага тома, якія сведчаць, што на абвінавачаных чыніўся моцны ціск у СІЗА. Таксама Валянцін заявіў, што доказы збіралі ў абвінавачаных з парушэннямі, пра што таксама сведчаць гэтыя дакументы. Валянцін Стафановіч дадаў, што «ўсе ведаюць, чым у нас у краіне займаецца ГУБАЗіК».

На судзе 13 студзеня ў асноўным зачытвалі паказанні сведкаў з Берасця, якія тычацца дзейнасці берасцейскай суполкі «Вясны». Днямі ўжо былі зачытаныя паказанні Маргарыты Вялічкінай. З матэрыялаў справы стала вядома, што ў берасцейскім офісе «Вясны» была ўсталяваная відэакамера і ажыццяўлялася аператыўная відэаздымка. Сведкам падчас следства дэманстравалі, у тым ліку, распіскі і кадры відэазапісаў з гукам, на якіх яны мусілі апазнаць сябе.

Праваабаронцаў па-ранейшаму прадаўжаюць утрымліваць на судзе ў кайданках. Канваіры замыкаюць падчас судовых паседжанняў дзверы на ключ знутры. Валянцін заявіў, што на судзе іх не кормяць. Праваабаронца адзначыў, што суддзя павінна думаць пра харчаванне абвінавачаных і не прызначаць судовыя паседжанні занадта часта.

Наступнае паседжанне прызначанае на панядзелак, 16 студзеня.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках