Найбуйнейшае прадпрыемства Гомеля ўпершыню не мела прыбытку
8- 13.01.2023, 20:10
- 11,310
Завод страціў магчымасць супрацоўнічаць з украінскім прадпрыемствам-партнёрам.
Сход акцыянераў ЗАТ «Гомельскі вагонабудаўнічы завод» прыняў пастанову не выплачваць дывідэнды за трэці квартал 2022 года. Прычынай названая адсутнасць прыбытку. У гісторыі завода такое адбылося ўпершыню з 2016 года, калі адпаведныя пастановы акцыянерных таварыстваў пачалі публікавацца на Адзіным партале фінансавага рынку, піша «Флагшток».

Адным з ключавых акцыянераў прадпрыемства Гомельскага ВБЗ з'яўляецца Крукоўскі вагонабудаўнічы завод (горад Крэменчуг, Украіна). Дзякуючы арганізацыі супольнай вытворчасці з украінскім прадпрыемствам, Гомельскі ВБЗ асвоіў зборку з камплектаў пасажырскіх вагонаў: плацкартаў, купэ, спальных вагонаў.

З пачатку расейскага ўварвання ва Украіну завод страціў магчымасць супрацоўнічаць з украінскім прадпрыемствам-партнёрам. Афіцыйна аб праблеме не паведамляецца: дзяржаўныя СМІ і інфармацыйныя рэсурсы вагонабудаўнічага проста не публікавалі ніякіх звестак аб вытворчасці ў 2022 годзе.
Дзель украінскага інвестара ў створаным ЗАТ склала 15%. Па выніках 2020 года сума дывідэндаў, атрыманых украінскай кампаніяй ад прыбытку Гомельскага ВБЗ, складала 1,2 млн грыўняў (прыкладна 43 тысяч даляраў).
Яшчэ адным буйным акцыянерам Гомельскага ВБЗ з'яўляецца долевае таварыства «Стыфлер» (Эстонія). Дзель эстонскай кампаніі ў статутным фондзе Гомельскага ВБЗ на пачатак 2022 года складала 1,4 млн еўраў (16,3% статутнага фонду).
У ліпені 2022 года саўмін уключыў эстонскае прадпрыемства ў спіс кампаній з «непрыязных краін», якім забаронена прадаваць акцыі беларускіх прадпрыемстваў, якія ім належаць.