19 сакавiка 2024, aўторак, 13:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аналітык Hudson Institute: Расею чакаюць мяцяжы і распад, а Беларусь – еўраатлантычная будучыня

34
Аналітык Hudson Institute: Расею чакаюць мяцяжы і распад, а Беларусь – еўраатлантычная будучыня

Люк Кофі расказаў, як адбудзецца канчатковы крах імперыі.

Эксперт у бяспецы аўтарытэтнага аналітычнага цэнтра Hudson Institute і былы дарадца Мінабароны Вялікай Брытаніі Люк Кофі апублікаваў артыкул «Падрыхтоўка да канчатковага калапсу Савецкага Саюза і распаду Расейскай Федэрацыі». Амерыканскі аналітык мяркуе, што ў найбліжэйшай будучыні Расея распадзецца.

Як будзе адбывацца крах імперыі? Хто можа замяніць Пуціна? Якая будучыня чакае Беларусь?

Пра гэта і не толькі Charter97.org пагаварыў з Люкам Кофі.

– Ці бачыце вы прыкметы, якія паказваюць на магчымасць распаду Расеі?

– 1991 год, падзенне Берлінскай сцяны і распад Савецкага Саюза называлі канцом савецкай імперыі. Аднак я думаю, што гэта быў толькі пачатак распаду. Гісторыя мае здольнасць сціскаць час. І калі гісторыкі праз 200 гадоў будуць пісаць пра распад Савецкага Саюза, яны будуць апісваць уварванне Расеі ва Украіну ў лютым 2022 года як апошні і, магчыма, самы значны акт гэтага распаду.

Мы назіраем крах СССР ад пачатку 1990-х гадоў. Паглядзіце на памежныя сутыкненні паміж Кыргызстанам і Таджыкістанам, баявыя дзеянні паміж Арменіяй і Азербайджанам, уварванне Расеі ў Грузію ў 2008 годзе, расейскую анэксію Крыма ў 2014 годзе, расейскую ваенную прысутнасць, якая прадаўжаецца ў Прыднястроўі, а потым буйнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну летась – Саюз усё яшчэ развальваецца.

Мы яшчэ не ведаем, які будзе вынік, таму што працэс яшчэ не закончаны, але гэта тое, да чаго павінны рыхтавацца палітыкі.

З'яўленне 15 новых краінаў пасля падзення Берлінскай сцяны можна параўнаць з разбіваннем бяспечнага лабавога шкла аўтамабіля: шкло разбіваецца вельмі чыста, акуратна і бяспечна – гэта было з'яўленне такіх краінаў, як Беларусь, Украіна, Грузія, краінаў Балтыі. Калі распадзецца Расейская Федэрацыя, гэта будзе непрадказальна, вельмі небяспечна, з вострымі краямі, зусім не так, як у пачатку 90-х гадоў.

Напрыклад, ёсць неадпаведна шмат маладых людзей з этнічных меншасцяў, якія ваююць у расейскім войску ва Украіне, якія калі-небудзь вернуцца ў свае родныя гарады і ў іх не будзе нічога характэрнага з гледзішча эканамічных і грамадскіх перспектываў і будучыні. У Расеі будзе адчувацца вельмі моцны ціск ад эканамічных санкцый. Калі Расея пацерпіць ваенную паразу ва Украіне, гэта зробіць вялікі ціск на расейскія эліты.

Сітуацыя такая, што, як мне бачыцца, Расейская Федэрацыя праз 15 ці 20 гадоў не будзе выглядаць на мапе так сама, як сёння, таму што яна распадзецца. Будуць розныя цэнтры сілы, якія канкуруюць за ўплыў і кантроль. Думаю, можна будзе назіраць, магчыма, грамадзянскую вайну, сепаратызм, мяцяжы, рэгіянальныя войны ўнутры Расеі. Мы павінны быць гатовыя да гэтага. Мы не можам меркаваць, што ў Расеі ўсё будзе ісці звычайным чынам, таму што гісторыя гаворыць нам, што гэта малаверагодна.

– Ці паскарае пуцінская агрэсія ва Украіне гэты працэс?

– Уладзімір Пуцін зайшоў занадта далёка ў сваім буйнамаштабным ўварванні ва Украіну. Ён думаў, што гэта будзе вельмі проста: ён заменіць Зяленскага за лічаныя дні.

Украіна (а таксама – Беларусь) маюць важнае значэнне ва ўяўленні Уладзіміра Пуціна пра ролю Расеі ў свеце. Без расейскага кантролю над Украінай і Беларуссю Расея – проста азіяцкая дзяржава.

Уладзімір Пуцін уяўляе сябе еўрапейскім лідарам і яму бачыцца, як Расея гуляе ролю ў еўрапейскай супольнасці нацыяў. Аднак паводзіць яна сябе не так, як можна было б чакаць ад такой краіны.

Да 24 лютага мінулага года ўсё, што рабіў Уладзімір Пуцін, было накіраванае на захаванне ўлады і свайго ўплыву. З 24 лютага размова ідзе пра адбудову спадчыны. Ён вельмі выразна ўсведамляе сваю ролю ў найноўшай гісторыі Расеі як першага моцнага лідара, які з'явіўся пасля заканчэння халоднай вайны. Цяпер ён стварае сваю спадчыну і плаціць за гэта вельмі высокі кошт.

– Якім вы бачыце змяненне пазіцыі Кітая ў сувязі з будучым крахам Расеі? Ці стане Кітай у выніку гэтага працэсу мацнейшым спаборнікам ЗША?

– Кітай скарыстаецца распадам Расейскай Федэрацыі. Расея і Кітай спаборнічаюць адно з адным за ўплыў у Цэнтральнай Азіі і, думаю, можна будзе бачыць, як гэта будзе набіраць абароты.

Ключавым дапушчэннем у ідэі, што Расейская Федэрацыя можа распасціся, з'яўляецца перамога Украіны. Думаю, перамога Украіны зробіць Тайвань больш бяспечным. Кітайскі ўрад назірае за тым, як Захад падтрымлівае Украіну, каб убачыць, як мы можам падтрымаць Тайвань. Калі мы прапануем такую падтрымку Украіне, што гэта прывядзе да яе перамогі, думаю, гэта, магчыма, прымусіць Пекін паставіць пад пытанне свае планы ў дачыненні да Тайваня. У некаторым сэнсе перамога Украіны над Расеяй магла б умацаваць пазіцыі Амерыкі і яе хаўруснікаў супраць Кітая.

– Які палітык можа змяніць Пуціна ў Расеі ці яе паменшанай версіі?

– Безнадзейна наіўна меркаваць, што на змену Пуціну прыйдзе які-небудзь дэмакрат у стылі Томаса Джэферсана – нішто ў найноўшай гісторыі не сведчыць пра гэта. Нават лідар апазіцыі Навальны (у якім многія на Захадзе бачаць надзею на будучыню Расеі) у душы з'яўляецца нацыяналістам, ксенафобам і ісламафобам, які рабіў расісцкія заявы на адрас грузінскага народа, падтрымаў вайну супраць Грузіі.

Я проста не бачу асаблівай надзеі. Мяркую, што Захад, асабліва Злучаныя Штаты, павінны прызнаць межы нашага ўплыву і сілаў у пераўтварэнні такой краіны, як Расея. Мы паспрабавалі ў 90-я, але пацярпелі няўдачу. Мы проста не можам гэтага зрабіць. Мы не павінны прыкідвацца, што можам. Замест гэтага мы павінны засяродзіцца на тым, на што мы можам уздзейнічаць і ўплываць, гэта значыць, на ўз'яднанні з сям'ёй тых краінаў Усходняй Еўропы і Каўказа, якія хочуць стаць часткай еўраатлантычнай супольнасці. З тымі краінамі, якія не хочуць быць часткай гэтай супольнасці, мы павінны працаваць над тым, каб мець з імі добрыя двухбаковыя стасункі і супрацоўнічаць у некаторых галінах, але думка, што мы можам трансфармаваць постпуцінскую Расею, наіўная да ступені небяспекі.

– Ці мае сэнс інвеставаць у будучыню Беларусі?

– Мы павінны падтрымліваць грамадзянскую супольнасць у Беларусі, апазіцыйныя рухі. Мы павінны дапамагаць СМІ і камунікацыям, забяспечыць паступленне інфармацыі з краіны вонкі, а таксама звонку.

Мы павінны вельмі ўважліва сачыць за тым, што Лукашэнка зробіць у найбліжэйшыя месяцы ў дачыненні да Украіны. Я быў у Кіеве ў лістападзе, гаворка ішла не пра тое, будзе ці не яшчэ адзін напад на Украіну з тэрыторыі Беларусі, а пра тое, калі ён адбудзецца. Галоўнае пытанне ў тым, ці будуць удзельнічаць Узброеныя сілы Беларусі. Беларусь ужо мае дачыненне да расейскага ўварвання, размяшчаючы ў сябе расейскія войскі, размяшчаючы расейскія самалёты, гелікоптары і ракеты. Афіцыйныя асобы ва Украіне занепакоеныя гэтым, яны не хочуць пераходзіць на новы ўзровень і фактычна весці баявыя дзеянні супраць Беларусі. Урад Украіны праяўляе вялікую стрыманасць у дачыненні да Беларусі.

Зазіраючы ў будучыню, тое, як Захад будзе весці справы з Беларуссю, будзе часткова вызначацца тым, як Беларусь будзе паводзіць сябе ў найбліжэйшыя месяцы ў дачыненні да Украіны.

– Ці вераць украінскія афіцыйныя асобы, з якімі вы размаўлялі, у магчымасць уварвання з удзелам сухапутных беларускіх войскаў?

– Яны вераць, што гэта рэальна, але мяркуюць, што ўнёсак Беларусі будзе сціплым. Калі апошні раз салдат з Беларусі рабіў стрэл са сваёй зброі ў рэальным баі? Войска, з якім яны сутыкнуцца на мяжы з Украінай, увесь апошні год толькі і рабіла, што ваявала ў лютых баях. Гэта было б трагедыяй для народа Беларусі.

Высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік сказаў мне, што ўкраінскія памежнікі да гэтага часу падтрымліваюць добры ўзровень камунікацыі на мясцовым узроўні. Паведамленні, якія ўкраінскія памежнікі атрымліваюць ад сваіх калег у Беларусі, гэта заклапочанасць, непакой і нежаданне ўдзельнічаць у чарговым уварванні ва Украіну разам з расейскімі войскамі.

Паглядзім, што адбудзецца, але Лукашэнка абавязаны Пуціну і, на мой погляд, у яго вельмі мала гнуткасці ў плане прымання пастановаў у гэтых важных пытаннях.

– У доўгатэрміновай перспектыве, да якой часткі свету адносіцца Беларусь?

– Лёс Беларусі – у еўраатлантычнай супольнасці. Гэтага хоча беларускі народ, асабліва маладое пакаленне. Яны глядзяць на сваіх суседзяў у ЕЗ і NATO і бачаць эканамічную стабільнасць, росквіт і свабоду, пра якія цяпер яны могуць толькі марыць. Аднак, мяркую, гэта будзе вельмі доўгі працэс, пакуль Беларусь прыйдзе да гэтага.

Тым часам ЗША могуць прадаўжаць цесна супрацоўнічаць з такімі краінамі ў рэгіёне, як Польшча ці Літва, прадаўжаць узаемадзейнічаць з усімі апазіцыйнымі рухамі Беларусі, а таксама, магчыма, крыху даведацца пра байцоў з Беларусі, якія ваююць ва Украіне супраць расейскіх сілаў: даведацца пра іх матывацыю, каго яны ўважаюць за лідараў – не з мэтай стварыць нейкае войска для паходу на Менск, а проста для таго, каб лепш зразумець тое, што называецца чалавечым ландшафтам апазіцыйных Лукашэнку рухаў.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках