24 красавiка 2024, Серада, 22:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Танковіч: Тое, што я ўбачыў у Бучы, назаўжды застанецца ў маёй галаве

11
Дзмітрый Танковіч: Тое, што я ўбачыў у Бучы, назаўжды застанецца ў маёй галаве
Дзмітрый Танковіч

Шчырае інтэрв'ю вядомага беларускага коміка.

Беларусы памятаюць Дзмітрыя Танковіча з выступаў за каманду КВЗ "ЧП", якая гуляла ў пачатку «нулявых». Украінцы ведаюць беларускага коміка з выпускаў папулярнага гумарыстычнага праекта «Дызель Шоў». Сёння Дзмітрый спрабуе сябе ў яшчэ адным амплуа - Yotube-блогера. Вядомы комік у праекце "А я вам зараз пакажу" ў іранічнай форме каментуе беларускія і расейскія навіны.

У інтэрв'ю сайту Charter97.org Дзмітрый Танковіч распавёў, чым адрозніваюцца жарты ва Украіне і Расеі, як гумар стаў магутнай зброяй, што ўбачыў у вызваленай Бучы і звярнуўся да беларускіх вайскоўцаў.

«Тое, што я ўбачыў у Бучы, назаўжды застанецца ў маёй галаве»

- Вы ўжо даволі доўгі час жывяце і працуеце ва Украіне. Як так атрымалася, што вы выбралі гэтую краіну?

- Мы калісьці гулялі ў КВЗ, скончылі выступаць у 2005 годзе. Тады перад намі стаў выбар. Мы разумелі, што ў Беларусі ў нас развівацца не атрымаецца. Трэба было выбіраць: ці Масква, ці Кіеў. Я шчыра рады, што мы зрабілі правільны выбар. З 2006 года мы ўсёй камандай пераехалі, тут жывём і працуем.

Ужо тады Кіеў нас вабіў нейкай свабодай. Людзі ва ўкраінскай сталіцы нам значна больш падабаліся, чым у Маскве. Менавіта гэтыя два чыннікі паўплывалі на тое, што мы выбралі Кіеў.

— Вы добра ведаеце ўкраінскую мову, даяце інтэрв'ю на ўкраінскай мове. Вам важна было вывучыць мову краіны, у якой жывяце?

- Гэта здарылася крыху спантанна. Па-першае, беларусу вельмі лёгка разумець украінскую мову. Было б жаданне размаўляць, бо мовы падобныя.

Калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне, мне падалося правільным пачаць размаўляць па-ўкраінску. Больш за тое, у медыйным полі па-украінску пачалі казаць нават тыя, хто гэтага не рабіў.

Калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне, я вывез сваю сям'ю ў Польшчу, а потым вярнуўся ў Кіеў. Потым пачаў працаваць вядоўцам навін на адным з кіеўскіх каналаў. Натуральна, за два-тры тыдні загаварыў, чаму я дужа рады.

- Вы выступалі і ў Расеі, і ва Украіне, і ў Беларусі. Ці адрозніваецца гумар у гэтых краінах?

- Думаю, што пасля 24 лютага гумар моцна адрозніваецца. У нейкай ступені ён стаў зброяй на творчым фронце, як бы гэта пафасна не гучала. Тое, з чаго цяпер смяюцца ва Украіне, выкліча непрыманне (што не можа не цешыць) у тых жа расейцаў.

Таму мы працягваем выкарыстоўваць гумар як зброю. Мне падаецца, у Беларусі па-іншаму рэагуюць на тое, што адбываецца. Мне хочацца ў гэта верыць. Я чамусьці думаю, што беларусы ўсё разумеюць.

- Як для вас пачаўся дзень 24 лютага 2022 года?

- Увечары 23 лютага мы з «Дызель шоў» здымалі вялікі канцэрт у палацы «Украіна». Вярнуўся я а трэцяй гадзіне ночы, калі мы ўсе знялі. А пятай гадзіне раніцы мяне разбудзіла жонка і сказала, што пачалася вайна.

Я разумеў, што такое магчыма, але не верыў. Мы жылі ў Бучы, горадзе, пра які зараз ведае ўвесь свет. Калі мы ўбачылі гелікаптэры, убачылі і пачулі ракеты, мы прынялі пастанову, што трэба з'язджаць. Мы паспелі літаральна, каб не схлусіць, гадзіну ў гадзіну. Нашыя суседзі, якія выязджалі на наступны дзень, ужо не змаглі гэтага зрабіць.

- Чаму вы надумалі вярнуцца ва Украіну?

- Быў складаны ўнутраны дыялог, размова з сабой. Я разумеў, што гэта будзе няправільна і несправядліва ў дачыненні да краіны, у якой я доўгі час жыў. Зразумела, што можна было застацца ў Польшчы, знайсці тысячу апраўданняў. Аднак я разумеў, што мне будзе цяжка з гэтым жыць, таму вярнуўся ў Кіеў. На шчасце, мае жонка і дачка мяне зразумелі.

Як толькі я вярнуўся ў Кіеў, адчуў нейкае ўнутранае заспакаенне. У гэты момант горад быў практычна пусты, былі блокпасты, пад горадам стаяла расейскае войска, але ўнутрана мне стала спакойна.

- Ці адразу ў вас было разуменне, што Украіна выстаіць у гэтай вайне або былі нейкія сумневы?

- Я, можа быць, дагэтуль застаюся наіўным, а ўнутры ёсць нейкія дзіцячыя адчуванні, але я чамусьці заўсёды веру ў тое, што дабро павінна перамагаць. Ведаючы, наколькі ўкраінцы ўмеюць быць моцнымі, я быў упэўнены, што не атрымаецца ў расейскіх войскаў захапіць Кіеў.

Плюс прэзідэнт Зяленскі застаўся ў горадзе, нікуды не з'ехаў. Гэта важны момант. Ягоны ўчынак моцна паўплываў на маральны дух людзей і ўсяго ўкраінскага войска.

- Вы ўжо сказалі, што жылі ў Бучы. Вы былі ў гэтым горадзе пасля таго, як ён быў вызвалены ад расейскіх акупантаў?

- Я быў на другі ці трэці дзень пасля вызвалення. Дзякуй украінскім вайскоўцам, якія дазволілі ўехаць, бо горад быў закрыты. Я бачыў толькі разбурэнні. Да таго часу целы загінулых людзей прыбралі з вуліц. Аднак тое, што я ўбачыў, назаўсёды застанецца ў маёй галаве, хаця я бачыў не ўсё, мне толькі хлопцы паказвалі.

У прынцыпе, кадры, якія бачылі ўсе, добра гавораць аб тым, што адбылося ў Бучы.

Нашай вуліцы пашанцавала, калі можна так сказаць. Прылётаў не было. Мяркуючы з таго, што адбылося з нашымі дамамі, тут стаялі расейскія войскі. Былі збіты ўсе вароты, разрабаваныя дамы. Аднак нейкіх разбурэнняў, каб былі знішчаныя дамы, былі «прылёты» на пляцы, не было.

Расейцы, як я разумею, ставілі тэхніку, залазілі ў дамы, нешта шукалі. Мне пашанцавала: электрачайнік застаўся на месцы, пралка таксама.

«З КВЗшчыкаў мне падтрымку выказаў толькі адзін чалавек»

- Вы запісалі зварот у пачатку вайны да беларусаў і расейцаў. Якая была рэакцыя? Што вам пісалі людзі?

- Рэакцыя была абсалютна розная. Калі казаць пра расейцаў, яны пісалі мне, што «я нічога не разумею». Пасля таго, як я гэтую рэакцыю атрымаў, паспрабаваў тыдзень-два пагутарыць са знаёмымі, растлумачыць ім, што ўсё зусім не так, як ім расказваюць на тэлевізіі. Але гэта бессэнсоўна.

Было шмат беларусаў, якія падтрымлівалі, мне было прыемна. Было шмат беларусаў, якія пісалі, што нічога не могуць зрабіць. Я гэта разумеў, ведаючы тую сітуацыю, якая разгортваецца ў Беларусі.

Было шмат слоў падзякі ад украінцаў. У той час было вельмі важна, каб не толькі жыхары Украіны, але і іншых краін, у тым ліку - краін-агрэсараў, падтрымалі іх.

- У вас жа, напэўна, шмат знаёмых у КВЗ з Расеі, расійскіх комікаў. Там засталіся прыстойныя людзі ці можна ставіць на іх усіх крыж?

- Шчыра скажу, што мне падтрымку і разуменне выказаў толькі адзін чалавек. Не буду яго называць, каб не падстаўляць. З усімі астатнімі я размаўляць перастаў. Людзі падзяліліся, можна сказаць, на два лагеры. Першы - тыя, хто адкрыта падтрымаў вайну і тлумачыў мне, што «я нічога не разумею», а «тое, што я бачу - гэта не тое, што я бачу».

Быў капітан каманды КВЗ «Месяц» (Чэлябінск) Антон Маразенка, які распавядаў, што хоча, каб «цяпер усё зрабіла расейскае войска, каб яго сыну потым не прыйшлося прыходзіць і дарабляць». Для мяне гэта быў верх цынізму, верх дурасці. Яго і яму падобных я выкрасліў са свайго жыцця.

- Ці змянілася стаўленне да беларусаў ва Украіне за гэты час?

- Стаўленне змяняецца хвалямі. Як толькі ўзнікае нейкая інфармацыя, што магчымы паўторны заход супольнай групоўкі беларускіх і расейскіх войскаў, то стаўленне мяняецца.

Аднак ёсць людзі, дзякуючы якім да беларусаў ставяцца не так, як да расейцаў. І сярод гэтых людзей - полк Кастуся Каліноўскага. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты, якія ваююць за Украіну, мне падаецца, змагаюцца за імідж і стаўленне да Беларусі.

Ва Украіне добра ведаюць полк Каліноўскага. Стаўленне да яго, на мой погляд, выдатнае, іх паважаюць.

«Тое, што было 24 лютага, тут больш «не пройдзе»

- Вы ўжо сказалі, што «гумар - моцная зброя». У тым, што вы робіце, больш «зброі» ці «тэрапіі»?

- Гэтая штука працуе ў абодва бакі. Калі мы гаворым пра праграму, якая выходзіць на YouTube-канале NEXTA, то для ўкраінцаў гэта ў большай ступені тэрапія. Я атрымліваю шмат паведамленняў ад жыхароў Украіны, асабліва гэта было ў першыя месяцы вайны, калі людзі пісалі: «Дзякуй, я ўпершыню з 24 лютага ўсміхнулася або ўсміхнуўся».

Расейцы, як высветлілася, таксама дастаткова шмат мяне глядзяць. Для іх гэта, напэўна, магчымасць зірнуць на тое, што адбываецца ў Расеі, збоку. Тое ж самае і для беларусаў.

Гумар працуе і як зброя. Часам я атрымліваю велізарную колькасць злосных паведамленняў і разумею, што гэтая справа працуе. У асноўным - ад расейскіх карыстальнікаў. Аднак я ведаю, што і там ёсць адэкватныя людзі.

- Наколькі эфектыўна працуе гэтая «зброя» з іншага, варожага боку?

- Калі я правільна разумею, нейкай магчымасці нармальна жартаваць на нейкія сур'ёзныя тэмы ў Расеі не засталося. Я не бачу нейкага гумару з боку расейскіх комікаў, КВЗншчыкаў, якія б падтрымлівалі вайну. Пра такое ж і жартаваць немагчыма, гэта жартам ніколі не будзе. Вось жартаваць з таго, як выглядае «другое войска свету», якія законы прымаюцца ў Расейскай Федэрацыі, як яны кожны раз апраўдваюць вайну - тут сарказм і іронія працуюць у поўным аб'ёме.

- За час вайны ва Украіне з'явілася шмат мэмаў. Тут і «трактарныя войскі», і бабуля, якая збіла робат слоікам з агуркамі. Як аўтар, ці шмат вы бачыце матэрыялу для гумару сёння?

- Поле дастатковае, але не кожны дзень у нас ёсць матэрыял для жартаў. Часам жартаваць складана, асабліва пасля «падарункаў», якія ляцяць з боку Расейскай Федэрацыі. З іншага боку, калі мы гаворым пра такія з'явы, як бабуля, якая збівае робат слоікам, як канатопскія ведзьмы, якія праклінаюць рускага салдата, дзецюка, які спыняе танк голымі рукамі - гэта самадастатковыя рэчы.

Гэта кажа аб тым, што ўкраінскі народ вельмі моцны, а па-другое - падобныя відэа вельмі гуртуюць нацыю, дадаюць сілы. Тут дадаць няма чаго, усё бачна на кадрах.

- Мы гаворым з вамі ў дні, калі шмат гаворыцца пра магчымы паўторны наступ з боку Беларусі. Што б вы сказалі беларусам, якіх могуць злачынна даслаць на гэтую вайну?

- Магу сказаць і гэта будзе адрознівацца ад таго, што казаў у пачатку вайны. Выкарыстоўвайце ўсе магчымасці, каб не патрапіць на гэтую вайну. Ёсць магчымасць уцячы - уцякай, ёсць магчымасць «адкараскацца» - «адкараскайся», калі ёсць магчымасць адкупіцца - адкупайся. Калі будзе стаяць выбар, прасядзець год у турме ці пайсці на вайну, то выбар, на мой погляд, відавочны. Лепш апынуцца ў турме, чым ва Украіне. Бо тое, што было 24 лютага, тут больш «не пройдзе».

Украінская мяжа зараз настолькі моцная, што колькі б войскаў не адправілі Расея і Лукашэнка, гэта скончыцца сумна для тых, хто будзе сюды ісці.

- Як вы думаеце, ці ёсць у беларусаў шанец на тое, каб выблытацца з усёй гэтай гісторыі і стаць урэшце незалежнай краінай?

- У нас няма іншага выбару. Або мы станем дэмакратычнай і нармальнай краінай, якая навучыцца ствараць пісьменныя і сумленныя стасункі з суседзямі, альбо нашай краіны не будзе.

Ці ёсць у нас шанец стаць свабоднай і дэмакратычнай краінай? Я думаю, што ёсць.

- Вы гатовыя вярнуцца ў новую Беларусь ці Украіна - ваш дом?

- Я вельмі сумую па Беларусі і хачу прыехаць. Веру, што ў мяне гэта атрымаецца.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках