28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Леапардавая кааліцыя»: Як УСУ будуць ваяваць заходнімі танкамі

8
«Леапардавая кааліцыя»: Як УСУ будуць ваяваць заходнімі танкамі

Якасць танкаў, якія дадуць Украіне, перакрые нястачу іх колькасці.

Украіна нарэшце атрымае танкі Leopard і нават Abrams. Канцлер ФРГ Олаф Шольц абнародаваў згоду на пастаўку нямецкай бронятэхнікі. Пра перадачу УСУ «Абрамсаў» паведамлялі заходнія СМІ са спасылкай на крыніцы ў Пентагоне, а яшчэ раней міністр абароны Брытаніі Бэн Уолес заявіў пра перадачу Украіне танкаў Challenger. «Апостраф» разбіраўся, як заходнія танкі могуць быць скарыстаныя УСУ і ці змогуць яны забяспечыць перавагу на полі бою.

«Жалезны кулак»

Ужо нямала было сказанае пра тэхнічныя перавагі і характарыстыкі заходніх танкаў. Усім зразумела, што часы, калі ўсе ганарыліся савецкай тэхнікай, даўно мінулі. Але галоўным застаецца пытанне правільнага выкарыстання заходняга ўзбраення. Бо заходнія танкі ствараліся з улікам крыху іншай тактыкі бою, чым савецкія танкі, створаныя для арганізацыі «танкавых кулакоў».

– Так, «Абрамсы», напрыклад, падчас аперацыі «Бура ў пустыні», не ішлі проста «жалезным кулаком», а гэта былі камбінаваныя напады пры падтрымцы артылерыі і авіяцыі. І калі нам да вясны дадуць яшчэ і самалёты F-16, то такая падтрымка для контрнаступу танкавых падраздзяленняў будзе. Заходнія краіны інакш падыходзяць да арганізацыі і планавання баявых дзеянняў. Яны не выкарыстоўваюць бронятэхніку без комплекснай падтрымкі авіяцыяй і артылерыяй.

Аднак УСУ могуць выкарыстоўваць заходнія танкі крыху інакш, гэтага ніхто не забараняе. У палявых Статутах заходніх краінаў напісана адно, а ў нашым палявым Статуце – крыху іншае. І мы будзем выкарыстоўваць танкі так, як напісана ў нашым Статуце. Гэтая вайна поўнасцю перапіша ўсе падручнікі ад тактыкі да стратэгіі. Гэта кампіляцыя ўжо вядомых заходніх тактычных схемаў з тымі, якія былі «на ўзбраенні УСУ» і нашым крэатыўным падыходам, – кажа ўкраінскі ваенны эксперт Алег Жданаў.

ТАНК M1 ABRAMS
ФОТА: GETTYIMAGES

Цяжэй не значыць праблемней

У сваіх каментарах эксперты ва ўзбраеннях часта адзначаюць, што заходнія танкі напалову цяжэйшыя за танкі савецкага ўзору Т-64/72, якія стаяць на ўзбраенні УСУ або трапілі да нас у якасці трафеяў. І што гэта можа стаць вялікай праблемай для вядзення наступальных дзеянняў з дапамогай «Абрамсаў», «Леапардаў» або «Чэленджэраў». Сярод іншага таму, што існуюць перашкоды ў выглядзе рэк і мастоў, якія не здольныя вытрымліваць такую вагу.

– Не хвалюйцеся... Нашы масты вытрымаюць гэтыя танкі. Там дзе трэба – ёсць такія масты, – кажа каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Канстанцін Машавец.

У сваю чаргу, Алег Жданаў падкрэсліў, што гэтыя заходнія танкі – гэта не толькі абарончая, але і паўнавартасная наступальная зброя. І яны выдатна будуць ужытыя УСУ для контрнаступаў.

– Тое, што гэтыя танкі напалову цяжэйшыя, можа ствараць пэўныя складанасці. У тым ліку і канструкцыйныя, якія будуць узнікаць пры эксплуатацыі. Але варта звярнуць асаблівую ўвагу і на тое, што тая самая Нямеччына перадае нам танкавыя мостаўкладнікі. То-бок спецыяльны від ваеннага абсталявання, з дапамогай якога танкі, у тым ліку «Леапарды» або «Абрамсы», змогуць пераадольваць пэўныя перашкоды. Гэта магутнае інжынернае забеспячэнне войскаў, – кажа Апострафу Алег Жданаў.

Акрамя таго, паводле словаў Жданава, маса танка не з'яўляецца такім ужо важным паказнікам, як здаецца.

«Абрамсы» і «Леапарды» напалову цяжэйшыя за Т-72, але за кошт шырыні і канструкцыі трэкаў удзельны ціск на квадратны сантыметр плошчы ў некаторых мадэляў нават меншы, чым у савецкіх/расейскіх танкаў. Гэта значыць, праходнасць у іх не горшая, – кажа Жданаў.

ТАНК LEOPARD 2
ФОТА: GETTYIMAGES

Бяспека і сістэма

На меркаванне шматлікіх экспертаў, адным з плюсаў заходніх танкаў з'яўляецца тое, што яны вельмі жывучыя ва ўмовах сучаснага танкавага бою. Другі момант – за кошт сучасных прыбораў у іх вельмі высокая дакладнасць агню нават падчас руху.

– У танках «Леапард» і «Абрамс» стаіць магутная сістэма кіравання агнём, а прыцэльна-навігацыйны комплекс у разы лепшы за расейскі. Гэтыя танкі лепш абароненыя, чым расейскія, браня асаблівая, якая вытрымлівае магутныя траплянні снарадаў, – кажа Машавец.

У сваю чаргу Алег Жданаў адзначае, што заходнія танкі значна больш бяспечныя для экіпажаў.

– Канструкцыйна ў тых танках няма прамых «зносінаў» экіпажу з боеўкладкай – яна закрытая бронепласцінамі. У савецкіх танках экіпаж сядзіць або на боеўкладцы, або ўнутры яе. Гэта значыць, боеўкладка знаходзіцца альбо пад падлогай вежы, альбо размешчаная ў вежы танка па коле. Таму экіпажы гараць разам з танкамі.

Пагадзіцеся, што калі падчас танкавага бою чалавек адчувае сябе больш камфортна і бяспечна, то гэта дазваляе яму лепш сканцэнтравацца на выкананні баявога задання», – кажа Жданаў.

Танк Challenger 2
Фота: gettyimages

Стратэгічная перавага

Дакладная колькасць танкаў Leopard, якія могуць паступіць у распараджэнне УСУ пакуль невядомая. Нямеччына і Польшча гатовыя перадаць нам 14 «Леапардаў» кожная, Партугалія гаворыць пра перадачу чатырох танкаў, Нарвегія – васьмі. Ад 20 да 53 танкаў (у залежнасці ад ступені тэхнічнай гатоўнасці) мае намер перадаць Гішпанія. Да «леапардавай кааліцыі» збіраюцца далучыцца іншыя краіны, напрыклад Данія і Фінляндыя. Свой аналаг «Леапардаў» – танк Strv 122 можа накіраваць Швэцыя. Да гэтай колькасці варта дадаць 14 брытанскіх танкаў Challenger, а таксама некаторую колькасць амерыканскіх Abrams. Зрэшты, пастаўкі Abrams могуць задоўжыцца на некалькі месяцаў.

У цэлым пакуль можна гаварыць прыблізна пра 80–100 танкаў заходняга ўзору. Многа гэта ці мала? Меркаванні падзяліліся.

– Тры, пяць, шэсць сотняў танкаў – гэта ўжо зусім іншая рэч. А пакуль іх будзе да сотні, то іхні стратэгічны ўплыў на сітуацыю на фронце будзе абмежаваны, – кажа Канстанцін Машавец. З іншага боку, калі параўноўваць савецкія і заходнія танкі, то колькасць можа не мець вялікага значэння.

«Сістэма кіравання агнём у заходніх танкаў значна больш дасканалая і вызначае больш параметраў для вядзення прыцэльнага агню. Да таго ж у некаторых версіях танкаў існуе нават сеткавая кампутарная камунікацыя, якая выкарыстоўваецца пры вядзенні танкавага бою», – адзначае Алег Жданаў.

– У ворага засталіся танкі фактычна савецкага ўзору. У зону баявых дзеянняў яны адпраўляюць танкі Т-62 ці ж знятыя з кансервацыі Т-72, Т-80, нават не абсталяваўшы іх дынамічнай абаронай. Пры гэтым Расея дзейнічае як Савецкі Саюз у часы Другой сусветнай: выкарыстоўвае колькасць танкаў, а не іх якасць. А ў выпадку з заходнімі танкамі – галоўнае якраз якасць. Гэта ўсё роўна, што параўноўваць HIMARS з БМ-21 «Град». То-бок гэта зусім іншая дакладнасць і тэхнічныя характарыстыкі. Менавіта таму тая колькасць танкаў, якая будзе перададзеная Украіне, дастаткова моцна паўплывае на ход баявых дзеянняў на пэўных плацдармах, дзе гэтыя танкі могуць быць выкарыстаныя, – мяркуе ваенна-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках