11 траўня 2024, Субота, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Маладзечне вада афарбавалася ў барвовы колер

5
У Маладзечне вада афарбавалася ў барвовы колер

Адно з прадпрыемстваў горада эканоміць на ўстаноўцы ачышчальных збудаванняў.

У Маладзечне знайшлі барвовую ваду, яе зліло ў ліўневую канаву нейкае гарадское прадпрыемства, паведамляе «Белсат».

26 студзеня мясцовыя паблікі сталі публікаваць фота незвычайнай з'явы - ліўневая канава, запоўненая вадой барвовага колеру. Канава знаходзіцца на вуліцы Віленскай, пад эстакадай. Вада адтуль сцякае ў раку Ушу.

Мясцовыя журналісты папрасілі каментар камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Там сказалі, што адно з прадпрыемстваў Маладзечна эканоміць на ўстаноўцы ачышчальных збудаванняў, а вечарам злівае адкіды ў навакольнае асяроддзе. Чыноўнікі ўжо ведаюць, што гэта за прадпрыемства.

Пры гэтым упэўніваюць, што пагрозы людзям і навакольнаму асяроддзю няма: «Сёння раніцай правялі даследаванне гэтай вады ў лабараторыі. Пагрозы прыродзе і людзям няма... Але нават пакет мукі кінь у ваду - і яна паўгадзіны будзе белай. Кінь марганцоўку - на нейкі час афарбуецца ў фіялетавы колер. Мы ўвесь час будуем лакальныя ачышчальныя збудаванні, каб вада ў нас у Маладзечанскім раёне заставалася чыстай, а тут такое адбываецца».

Журналісты спыталі ў беларускага эколага, з чым можа быць звязаны такі колер вады:

«Зразумела, што без звестак з лабараторыі казаць дакладна пра прычыны нельга. Гэта могуць быць воды са сцёкавага калектара - і тады гэта вялікая праблема. Ці гэта можа быць аксід жалеза. Часцей за ўсё зімой вада прымае такі чырвоны колер менавіта з-за таго, што ў яе трапляе аксід жалеза ці паднімаецца гліністая сумесь з высокай канцэнтрацыяй жалеза. Тады гэта не так небяспечна».

Падобны колер вады бачылі ў верасні ва ўкраінскім Крывым Рогу ў рацэ Інгулец. Тады ў раку патрапіў менавіта аксід жалеза.

З 1 сакавіка ў Беларусі пачнуць дзейнічаць новыя правілы эксплуатацыі сцёкавых вод. У дакуменце вызначаны асноўныя патрабаванні да ачышчэння вод, распісана, якімі каагулянтамі можна карыстацца, якія рэчывы спрыяюць хімічнай ачыстцы сцёкавых вод. Новыя правілы забараняюць скід сцёкавых вод у навакольнае асяроддзе з парушэннем гэтых норм. Але якая адказнасць прадугледжаная за парушэнне гэтых правілаў - дакумент не паведамляе.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках