29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КДБ унёс суўладальніка Wargaming у спіс «тэрарыстаў»

12
КДБ унёс суўладальніка Wargaming у спіс «тэрарыстаў»

Бізнэсмэн валодае блізу 17% акцый кампаніі.

КДБ Беларусі ўнёс суўладальніка кампаніі Wargaming у спіс «тэрарыстаў». Ягонае імя з'явілася ў спісе 3 студзеня. Сілавікі абвінавачваюць мужчыну ў «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці».

Гаворка пра 43-гадовага Мікалая «Ніку» Кацалапава (ён нават афіцыйна змяніў лацінскую транслітарацыю імя на Nick Katselapov). Ён скончыў фізфак БДУ, пасля ўніверсітэта пайшоў працаваць у кампанію InterVelopers, якая неўзабаве пачала супрацоўнічаць з «Варгеймінгам». З 2002 года Мікалай пачаў кіраваць развіццём бізнэсу ў кампаніі і займае гэтую пасаду да гэтага часу.

Кацалапаў – непублічны чалавек. З таго, што пісалі пра яго: некалі набыў кватэру за 675 тысячаў даляраў на вуліцы Чэхава ў Менску, гэта раён Стэлы.

Імя, імя па бацьку і год нараджэння чалавека, унесенага ў спіс «тэрарыстаў», цалкам супадаюць з асабістымі звесткамі сузаснавальніка «Варгеймінга».

Наколькі разумее «Наша Ніва», бізнэсовец знаходзіцца на волі.

Журналісты спрабавалі звязацца з Мікалаем Кацалапавым праз публічна даступныя кантакты, але адказу не атрымалі.

Бізнэсмэн, паводле звестак CSE, валодае блізу 17% акцый «Варгеймінга». «Штодзённік» традыцыйна ўключаў яго ў спіс найбольш уплывовых беларускіх бізнэсмэнаў – у рэйтынгу за 2021 год ён заняў 18 месца.

Агульны кошт кампаніі Wargaming ацэньваецца на больш за мільярд даляраў. Пасля пачатку масавых рэпрэсій у Беларусі менскі офіс кампаніі быў рэлакаваны. На сёння толькі ў Wargaming Vilnius, паводле даступных звестак, працуе 987 чалавек. Цэнтральны офіс кампаніі знаходзіцца ў Нікасіі, Кіпр. Акрамя таго, існуюць офісы ў Кіеве (Украіна), Бялградзе (Сербія), Празе (Чэхія), Варшаве (Польшча), Осціне і Чыкага (ЗША), Шанхаі (Кітай) і іншых гарадах.

Цяпер адзін з найбагацейшых і паспяховых беларусаў прызнаны ўладамі «тэрарыстам».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках