22 траўня 2024, Серада, 18:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бітва пры Чашніках: як войска ВКЛ разбіла рускія войскі

2
Бітва пры Чашніках: як войска ВКЛ разбіла рускія войскі

Войскам Вялікага княства Літоўскага камандаваў Мікалай Радзівіл Руды.

26 студзеня 1564-га года падчас Лівонскай вайны адбылася бітва пры Чашніках, у якой рускія войскі былі разбітыя войскам Вялікага княства Літоўскага, піша planetabelarus.by.

Найвышэйшы гетман Мікалай Радзівіл Руды, які камандаваў войскам, меў у сваім распараджэнні прыкладна 4000 байцоў, пераважна конніцу.

Ён пісаў: «У гэты час я з маім войскам стаяў у Лукомлі, горадзе Літоўскім, які знаходзіцца недалёка ад Полацка і на адлегласці сямі міль ад Улы, і хоць у параўнанні з непрыяцелем быў сапраўды слабы, але сорам і ганьба, прычыненая мне і ўсёй нашай нацыі і нашаму імені адабраннем у нас горада і вобласці Полацкай, заахвоцілі мяне, нарэшце, рушыць супраць непрыяцеля і каля самой Улы сустрэцца з ім твар у твар».

Раніцай 23 студзеня камандуючы рускімі войскамі ваявода Пётр Шуйскі адправіўся ў полацкую Сафію, дзе адстаяў урачысты малебен, пасля чаго, атрымаўшы бласлаўленне ад полацкага ўладара, выйшаў з сабора і аддаў загад выступаць.

Апісанні падзей, якія здарыліся 26 студзеня, вельмі супярэчлівыя. Вядома, што момант і месца, абраныя найвышэйшым літоўскім гетманам для нанясення ўдару, былі ўдалымі. Рускае войска расцягнулася на маршы на некалькі вёрст, абозы загрувашчвалі вузкую лясную дарогу, замінаючы конніцы ў выпадку чаго рушыць наперад, ратнікі стаміліся і замерзлі пасля цяжкага дзённага маршу.

Літоўцы, хоць і здзейснілі хуткі марш да месца будучай сустрэчы, не гэтак выматаліся і знаходзіліся ў лепшай форме, яны былі гатовыя да бою, тады як рускія, грэбуючы выведкай, не ведалі аб тым, што іх чакае наперадзе.

Поспех літоўскага войска быў у наяўнасці. Полацкая раць надоўга страціла баяздольнасць. Загінуў і сам Пётр Шуйскі. Пазнейшы рускі летапісец паведамляў, што «князя Пятра Шуйскага збілі з каня, і ён са справы пеш уцёк і прыйшоў у літоўскую вёску; і тут мужыкі яго абрабавалі і ў ваду пасадзілі».

Смаленская раць, даведаўшыся аб разгроме войска Шуйскага, абмежавалася спусташэннем прыгранічных валасцей і пасля серыі невялікіх сутычак з атрадамі Ф. Кміты паспяшалася назад, вярнуўшыся ў Смаленск 9 лютага 1564 года. План рускага зімовага паходу быў сарваны.

Літва, якая стамілася ад няўдалай і спусташальнай вайны, мела патрэбу ў гэтай перамозе. Жыгімонт II і яго дарадцы пастараліся атрымаць з гэтага сапраўды нечаканага поспеху максімальны эфект. Для Івана Жахлівага і яго ваявод вестка пра паразу пад Улай сталася падобнай на цэбар халоднай вады. Зрэшты, вайна на гэтым не скончылася, і цягам 1564 года літоўскія і рускія войскі яшчэ не раз трывожылі прымежныя землі ўзаемнымі нападамі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках