У Расеі перасталі афармляць 10-гадовыя замежныя пашпарты
5- 28.01.2023, 17:31
- 5,446

Чыноўнікі спасылаюцца на «адсутнасць чыпаў».
У Расеі спынілі афармленне біяметрычных замежных пашпартоў з тэрмінам дзеяння 10 гадоў. Расейскія чыноўнікі сцвярджаюць, што гэта часовая з'ява, піша «Медуза».
Інфармацыю аб прыпыненні афармлення 10-гадовых замежных пашпартоў журналістам пацвердзілі ў шэрагу рэгіянальных управаў МУС Расеі.
«У сувязі з інфармацыяй ад АТ «Гознак» выраб пашпарта, які змяшчае электронны носьбіт інфармацыі, з тэхнічных прычын папярэдне адкладзены да сярэдзіны сакавіка 2023 года», – заявілі ў паліцыі Цвярской вобласці.
Чыноўнікі запэўніваюць, што расейцы па-ранейшаму могуць аформіць замежны пашпарт старога ўзору тэрмінам на пяць гадоў.
Як піша ТАСС, жыхар Масквы паведаміў ім аб атрыманай адмове пры спробе аформіць 10-гадовы замежны пашпарт у цэнтры дзяржпаслуг «Мае дакументы». Там спаслаліся на «адсутнасць чыпаў» для пашпарта.