Што казаў пра Беларусь Пэтр Павэл, які перамог на прэзідэнцкіх выбарах у Чэхіі
13- 28.01.2023, 20:11
- 30,636
З пачатку расейскага ўварвання Павел выказваў непахісную падтрымку Украіне.
У другім туры выбараў прэзідэнта Чэхіі перамагае генерал NATO ў адстаўцы Пэтр Павэл. Пасля падліку больш як 97% галасоў былы старшыня Вайсковага камітэта NATO генерал Пэтр Павэл перамог свайго апанента - былога прэм'ер-міністра Андрэя Бабіша, набраўшы 58% галасоў, і стаў наступным прэзідэнтам Чэшскай Рэспублікі. Павэл уступіць на пасаду 8 сакавіка, замяніўшы дзейнага прэзідэнта Мілаша Зэмана.
Прэм'ер Чэхіі Пэтр Фіяла на прэсавай канферэнцыі ўжо пацвердзіў перамогу Пэтра Паўла на выбарах прэзідэнта краіны.
Што ён казаў пра Беларусь і Украіну
З пачатку расейскага ўварвання Павэл выказваў непахісную падтрымку Украіне. У выпадку перамогі Павэл абяцаў магутную падтрымку Украіне на ўсіх кірунках, перадае «Белсат».
Бабіш, які саступіў, наадварот, заяўляў, што дапамога Украіне занадта дорага каштуе Чэхіі, а ягоны сын хаваўся ад следства ў акупаваным Крыме. Таксама Бабіш адзначаў, што калі вайна Расеі і NATO пачнецца, Чэхія не будзе адпраўляць сваіх жаўнераў у гэты канфлікт.
Пэтр Павэл выказваўся і на тэму Беларусі. Так, 16 жніўня 2020 года ён напісаў у Twitter:
“Сам факт таго, што Лукашэнка і Пуцін сур'ёзна разглядаюць вайсковае задушэнне негвалтоўных пратэстаў супраць парушэнняў на беларускіх прэзідэнцкіх выбарах і факт непрапарцыйных рэпрэсій ясна паказвае прыроду іхніх рэжымаў. Правільна даваць максімальную падтрымку беларускай апазіцыі».